Жыхары Берасьця: «Сэпаратысты ва Ўкраіне — гэта ж галаварэзы». Жыхары Гомеля: «Людзі хочуць незалежнасьці і яны яе атрымаюць»

Свабода задала жыхарам Берасьця і Гомеля аднолькавае пытаньне: «Як вы лічыце, чым скончыцца вайна на паўднёвым усходзе Украіны?» І атрымала розныя адказы.

«Як вы лічыце, чым скончыцца вайна на паўднёвым усходзе Украіны? Хто пераможа? Чаму так мяркуеце?».

АПЫТАНЬНЕ Ў ГОМЕЛІ

Спадар: «Я яшчэ веру ва Ўкраіну. Думаю, што ўсё наладзіцца. Мне б хацелася так, бо ўсе славяне. Наступіць мір. Што ў Беларусі, што ва Ўкраіне — усе адно цэлае. Я супраць вайны, супраць Расеі — катэгарычна супраць. Што пераможа? Шчыра кажучы, я не ўдаваўся ў такія падрабязнасьці. Навіны глядзіш — усё жахліва: сэпаратысты зь цяперашняй уладаю».

Сталая кабета: «Калі гэта неўзабаве ня спыніцца, то ў прынцыпе гэта можа перарасьці ў трэцюю сусьветную вайну, бо ўвязваюцца больш буйныя дзяржавы — Расея, ЗША. Буйны абарот гэта ўсё набывае. Калі не спыніць цяпер, то, магчыма, будзе й трэцяя сусьветная».

Хлопец: «Расея можа яшчэ частку зямлі забраць. А так адзін аднаго пазабіваюць — і ўсё. Як грамадзянская вайна. Пераможцаў ня будзе — будуць толькі адныя пацярпелыя. Украіну падзеляць, і такое працягнецца яшчэ некалькі гадоў».

Мужчына: «Людзі хочуць незалежнасьці, і яны яе атрымаюць».

Сталы мужчына: «Маё асабістае меркаваньне: думаю, што яны стануць асобнымі. Зробяць нешта накшталт асобнай рэспублікі — штосьці такое. У каго грошай больш, той і пераможа. Я наагул чуў такое меркаваньне, што пад Данецкам знайшлі сланцавы газ, і Кіеў будзе ісьці да канца, каб усё гэта забраць».

Хлопец: «Чым вайна скончыцца? Як толькі эканоміка рухне, тут жа пабягуць назад у Расею. І тут жа ўсё й скончыцца». Сталы мужчына: «Яны ж зараз зноў бамбуюць — Славянск узялі ў аблогу. Магчыма, скончыцца ўмяшальніцтвам Расеі. Куды Захад глядзіць? Куды Амэрыка глядзіць? Такога наагул не павінна быць у сьвеце! Цяпеш усе гэтыя пытаньні вырашаюцца. Лічу, што мае перамагчы Данецкая рэспубліка, Новарасея».

Хлопец: «Гісторыя сьведчыць: усе вызвольныя войны завяршаліся тым, што нейкая частка ад дзяржавы адлучалася і станавілася незалежнай рэспублікай. Хаця гэта адбывалася са стратамі, з крывёю».

Спадар: «Можа скончыцца чым заўгодна. Сёньня ўжо зьявіліся нейкія зьвесткі, што Масква цягам сарака васьмі гадзінаў можа прымяніць нейкія там абарончыя меры дзеля рускіх ва Ўкраіне. Цалкам верагодна, што Масква можа ўжыць сілу».

Мужчына: «Украінскае войска дадушыць уласнае насельніцтва, і ўсім будзе добра, хто застанецца жывым»

АПЫТАНЬНЕ Ў БЕРАСЬЦІ

Як вы лічыце, чым скончыцца вайна на паўднёвым усходзе Украіны? Хто пераможа? Чаму так мяркуеце? Адказвалі берасьцейцы.

Кабета: Па апошняй інфармацыі ў інтэрнэце, сэпаратысты ўжо самі спалохаліся. Я лічу, што не павінна быць такога, каб перамаглі сэпаратысты. Таму што галаварэзы, рэцыдывісты — хто яшчэ складае касьцяк сэпаратыстаў? Людзі бяз прынцыпаў, без адукацыі, што яны могуць добрага прынесьці? Акрамя вайны і разладу...

Дзяўчына: Ня ведаю, я думаю, што Расея... Як я адношуся? Адмоўна, канешне, трэба было адразу разагнаць гэты майдан. Пастраляць іх там усіх... ды не было б вайны. Мірныя грамадзяне не пацярпелі б, дзеці ды жанчыны... Ну пацярпелі б тыя, каторыя там учынілі майдан, а мірныя грамадзяне, каторыя цяпер у Луга... гэты... як яго... Луганск, ці як яго там? Данецк бамбяць. А бежанцаў колькі ў Расеі...

Сталая кабета: Украіна пераможа ў вайне, канешне. Вунь, Расея ж ужо адмовілася ад падтрымкі сэпаратыстаў. Яна ж ужо войскі ня ўводзіць. Таму зразумела, што прафэсійныя войскі сэпаратыстаў хутка пераб’юць. Па тэлевізары не зразумела, а ў інтэрнэце пішуць, што там ужо іх моцна б’юць.

Спадарыня сярэдняга ўзросту: Сілавыя структуры Ўкраіны навядуць там парадак. Таму што зьявілася рашучасьць у дзеяньнях. Украіна паступіла гуманна ў адносінах да сэпаратыстаў і мясцовых жыхароў, якія іх падтрымліваюць. Было перамір’е, быў час для таго, каб вырашыць усе справы або пакінуць тэрыторыю, або засьцерагчыся... Карацей, зараз баявыя дзеяньні ідуць такія, што перамога будзе за Ўкраінай.

Спадар: Зараз у прэзыдэнта ўкраінскага, калі, вядома, ён накіраваны працягваць курс, каб Украіна была адзінай дзяржавай, значыць, ён давядзе сваю палітыку да канца. Сэпаратысты будуць зьнішчаныя або ўзятыя ў палон. І зьявіліся зьвесткі, што сярод сэпаратыстаў пачынаецца паніка, таму што супраць іх дзейнічае армія Ўкраіны. Якая падключыла і цяжкую артылерыю і авіяцыю. І я думаю, што ўсё-такі перамога будзе за Ўкраінай.