3 ліпеня — сьвята не для ўсіх

Упершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ў парадзе 3 ліпеня ўдзельнічаюць расейскія войскі пад расейскім трыкалёрам.

А 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі Аляксандар Лукашэнка нечакана прамаўляў па-беларуску (чаго не рабіў ужо шмат гадоў). Стаўленьнем палітыкаў да таго, як Беларусь сёлета адзначае Дзень незалежнасьці, цікавіўся наш карэспандэнт

«Фальшывым сьвятам» называе дзень 3 ліпеня намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі. Ён лічыць, што сапраўдны Дзень Незалежнасьці трэба адзначаць 25 жніўня:

Юрась Беленькі

«25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб незалежнасьці статус канстытуцыйнага закону. І Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Потым расейскім спэцслужбам фактычна ўдалося зрабіць пераварот. Яны прывялі на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь свайго чалавека — Аляксандра Лукашэнку.

Пасьля гэтага ўся палітыка ў Беларусі стала рэалізоўвацца так, як Лубянка і бачыла. Пад расейскі кантроль узялі практычна ўсю дзяржаву. З гэтага і вынікае ўсё астатняе — фальшывы Дзень Незалежнасьці 3-га ліпеня, які ня мае ніякага дачыненьня да рэальнага Дня Незалежнасьці, фальшывыя лёзунгі, фальшывыя словы. І ўсё астатняе».

Старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб упэўнены: Дзень Незалежнасьці трэба адзначаць 27-га ліпеня. Менавіта ў гэты дзень 1990 году была падпісаная Дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі:

Мечыслаў Грыб

«Які Дзень Незалежнасьці можа быць зьвязаны з вызваленьнем ад нямецка-фашысцкіх акупантаў?! Гэта ж зусім ня тое. Што ў нас зьмянілася? У нас што, да вайны было менш правоў, а пасьля вызваленьня іх паболела? Я гэтага не знаходжу. Тэрыторыя наша зьменшылася, насельніцтва паменела. Частка тэрыторыі, якая раней была нашай, ад нас адышла.

Дык дзе ж наша незалежнасьць? У чым сэнс? Як мы былі да 1941 году ў Савецкім Саюзе, так і пасьля 1944-га засталіся ў Савецкім Саюзе. Мы ж нікуды ня вызваліліся. Гэта проста штучная, неабгрунтаваная прыдумка».

Мечыслава Грыба не зьдзівіла сьвяточная прамова Лукашэнкі на роднай мове:

«Мне здаецца, што ў нас прэзыдэнцкія выбары ўжо ня так далёка. Трэба ўжо нешта народу казаць. І да выбараў рыхтавацца. А ў выбарах незалежнасьць і рэформа эканомікі могуць стаць самымі галоўнымі козырамі».

Для былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева 3-га ліпеня — гэта дзень вызваленьня Менску ад нацыстаў-акупантаў:

Уладзімер Някляеў

«Гэта, канечне, знамянальны дзень. І яго, безумоўна, трэба адзначаць. Але гэта ня ёсьць Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Дзень незалежнасьці зьвязаны не зь перамогамі ў Другой усясьветнай вайне, а з тымі працэсамі, якія адбываліся на пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь і стала незалежнай дзяржавай.

Таму дзень вызваленьня Менску я адзначу, прыехаўшы на магілу свайго бацькі. Ён ваяваў і набліжаў вызваленьне Менску і ўсёй Беларусі. А Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь я адзначу ў іншы дзень».

Ня лічыць 3 ліпеня Днём Незалежнасьці і сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:

Павал Севярынец

«Насамрэч 3-га ліпеня — гэта дзень, калі адна акупацыя (нацысцкая) зьмянілася на другую (бальшавіцкую). Таму калі гэта і сьвята, то „са сьлязамі на вачох“.

Тое, як адзначае сёлета 3-га ліпеня ўлада, гэта проста цырк. Выступ па-беларуску, „каларадзкі“ гальштук, расейскія вайскоўцы — гэта і сьмех і грэх. Гэта было б сьмешна, калі б не было так пагрозьліва і так сумна.

Таму гэты дзень адзначаць ня будзем ніяк. Гэта наш пратэст супраць удзелу расейскіх вайскоўцаў у парадзе. У той час як расейскія дывэрсанты галомяць Данбас, расейскія дэсантнікі праходзяць па Менску. Маўляў, Менск — наш. Як і Крым — наш. Усё гэта выклікае толькі пачуцьцё пратэсту, пачуцьцё абурэньня».