У Гомелі выказваюцца за вяртаньне дзяржаўнага сьвята 27 ліпеня

У Гомельскай вобласьці на Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня заяўлены 41 пікет — за вяртаньне нацыянальнага сьвята і ў падтрымку Ўкраіны.

Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка сумесна зь іншымі актывістамі ды прадстаўнікамі дэмакратычных арганізацыяў падалі заяўкі на правядзеньне ў Гомельскай вобласьці ў Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня сэрыі пікетаў.

Заяўнікі лічаць, што перанос афіцыйнага сьвята з 27-га на 3-га ліпеня — штучнае прыніжэньне значнасьці незалежнасьці краіны, падмена паняцьцяў і каштоўнасных арыенціраў для беларусаў.

Усяго ў абласным цэнтры, а таксама ў чатырох райцэнтрах — Хойніках, Брагіне, Рагачове і Акцябрскім — пададзены заяўкі на правядзеньне ў найбольш шматлюдных месцах 41 пікету. Мэта такой масіраванай акцыі — зьвярнуць увагу грамадзян на каштоўнасьць незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы, выказаць салідарнасьць з украінскім народам у яго імкненьні захаваць цэласнасьць і самастойнасьць Украіны.

Заяўнікі адзначаюць, што з павагай ставяцца да Дня вызваленьня Менску ад фашысцкіх захопнікаў, аднак перанос афіцыйнага сьвята Дня Незалежнасьці лічаць прыніжэньнем значнасьці незалежнасьці Беларусі, паведамляе Гомельская Вясна.

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. Рашэньне сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня, у дзень вызваленьня сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, было прынята на рэспубліканскім рэфэрэндуме ў 1996 годзе. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь тады прызнаў гэты рэфэрэндум незаконным.