Сёньня былы палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» сустрэўся ў Страсбуры з Марцінам Шульцам, які быў пераабраны на пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага парлямэнту, з эўракамісарам у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфанам Фюле, Генэральным сакратаром Рады Эўропы Турб'ернам Ягландам і старшынёй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ан Брасэр.
У Эўрапарлямэнце адбылася прэсавая канфэрэнцыя беларускага праваабаронцы. Падчас выступу ён, прынамсі, сказаў:
Бяляцкі: Ёсьць прынцыповыя патрабаваньні Рады Эўропы, яны важныя і для нас. Яны тычацца скасаваньня сьмяротнага пакараньня ці мараторыя на яго. Таксама размова ідзе пра вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне сумленных выбараў. На гэтыя патрабаваньні, на мой погляд, улады Беларусі сёньня пайсьці ня могуць. Але размаўляючы з уладамі Беларусі, трэба разумець, што мяне вызвалілі ня проста так. Значыць, ёсьць нейкая зацікаўленасьць уладаў Беларусі, каб палепшыць свае стасункі з ЭЗ. Гэта зьвязана ў тым ліку і з геапалітычным становішчам у нашым рэгіёне. Эканамічны саюз, які Беларусь заключыла з Расеяй і Казахстанам, занадта наблізіў Беларусь да Расеі і прэзыдэнт Лукашэнка хоча мець прастору для манэўру. Тым больш, што падзеі ва Ўкраіне насьцярожылі ўлады Беларусі адносна іх усходняга суседа. І гэтае жаданьне ці неабходнасьць паляпшэньня стасункаў з ЭЗ, неабходнасьць «вырасьціць другое крыло», прымушае прэзыдэнта Лукашэнку ісьці на нейкія саступкі.
Але наколькі далёка ён пойдзе ў гэтых саступках – цяжка сказаць. Такія пэрыяды мы ўжо перажывалі. Гэта было ў 2008-2010 гадах. Але потым яны рэзка скончыліся. Зараз трэба мець цьвярозую галаву і не ўпадаць у эўфарыю, што вызваленьне Бяляцкага зьяўляецца значным пазытыўным крокам. Палітвязьні застаюцца ў турме, рэпрэсіўная машына працуе, абмежаваньні палітычных, грамадзянскіх, сацыяльных правоў застаюцца. Трэба адсочваць сытуацыю ў Беларусі і прымаць рашэньні аб кантактах на вышэйшым узроўні зь Беларусьсю, сыходзячы з канкрэтных крокаў па комплексным паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
«Азэрбайджанізацыя» сытуацыі ў Беларусі – напэўна было б зусім ня тое, чаго б мы хацелі. Мы лічым, што тая эканамічная дапамога, якую вельмі прагне атрымаць рэжым Лукашэнкі, павінна быць шчыльна зьвязаная з дапамогай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэтыя рэчы павінны быць намёртва зьвязаныя. Інакш мы атрымаем сытуацыю гандлю з аўтарытарным рэжымам, калі паляпшэньне эканамічнай сытуацыі не паляпшае палітычнае і грамадзянскае становішча ў краіне, а рэжым за кошт гэтага гандлю ўмацоўвае сябе, свае інструмэнты падаўленьня свабодаў у сваім грамадзтве.