Юрась Юркевіч: Лукашэнку варта было б даведацца, хто быў першым «бацькам Беларусі»

Юрась Юркевіч

«Хто такі Булак-Балаховіч, якім было ягонае войска і чаго яно дамагалася?» — у Магілёве прэзэнтавалі зборнік дасьледніцкіх прац «Балахоўцы».

Прадставілі новую кнігу, выдадзеную асобным нумарам часопіса «ARCHE», дасьледнік беларускай гісторыі зь Вільні, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Юрась Юркевіч ды рэдактар часопіса Валер Булгакаў. Госьці апавялі, якімі яны ўбачылі ў архіўных дакумэнтах першыя беларускія вайсковыя фармаваньні пад камандаваньнем легендарнага генэрала з супярэчлівай рэпутацыяй — Станіслава Булак-Балаховіча.

Юрась Юркевіч ня толькі распавёў пра цярністы шлях беларускіх вайскоўцаў у часы абвяшчэньня незалежнасьці БНР, але і адказаў на пытаньні Свабоды пра цяперашняе жыцьцё беларускай дыяспары.



Юрась Юркевіч зазначае, што галоўныя героі зборніка — менавіта вайсковыя фармаваньні і жаўнеры-балахоўцы. У кнізе шмат фатаздымкаў з ваярамі ў розных званьнях. Багата ілюстрацыяў — агітацыйных улётак ды вайсковых мапаў.

Паводле Юркевіча, лёс войска Булак-Балаховіча гэткі ж складаны і блытаны, як і лёс самога генэрала. На думку дасьледніка беларускай гісторыі, патэнцыял Балаховіча ня быў скарыстаны напоўніцу для станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці часоў БНР. Найперш Юркевіч адзначае вайсковыя магчымасьці, якія, як заўважае ён, былі страчаныя празь «недальнабачнасьць палітыкі тагачасных дзеячаў БНР».

«Балаховіч адрозьніваецца ад астатніх дзеячаў зь беларускага нацыянальнага пантэону тым, што ён нешта рабіў, хоць і быў авантурнікам, — кажа Юркевіч. — Ён рызыкаваў, ідучы ў бой, сваім жыцьцём ды жыцьцём сваіх жаўнераў. Такога нельга сказаць пра шмат якіх беларускіх палітыкаў у гарнітурах, якія былі хутчэй хатнімі ваярамі».



Юрась Юркевіч зазначае, што Булак-Балаховіч мог бы стаць беларускім Пілсудскім, і такія амбіцыі ў яго былі. У адным з паходаў, у Мазыры, Булак-Балаховіч нават наважыўся абвясьціць сябе кіраўніком беларускай дзяржавы. Якой была б беларуская дзяржава зь лідэрам Булак-Балаховічам — пытаньне, якое Юркевіч пакідае адкрытым.

«Калі б такая буфэрная зона ўтварылася ў выглядзе БНР, няхай і пад кіраўніцтвам Булак-Балаховіча, то мы б цяпер мелі больш сасьпелы нацыянальны рух, — мяркуе дасьледнік — У нас была б трывалейшая і шырэйшая база ў параўнаньні з той, якую мы атрымалі зь Беларускай савецкай рэспублікай».

На думку Юрася Юркевіча, кнігу пра балахоўцаў не было б лішнім пачытаць цяперашняму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку:

«Шмат чаго цікавага ён бы знайшоў для сябе. Лукашэнка шмат у чым падобны да Булак-Балаховіча, таму ён знайшоў бы для сябе шмат асабістых падабенстваў, і яму б было цікава гэта. Цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы даведаўся б з гэтай кнігі — хто быў першым «бацькам Беларусі».

Юрась Юркевіч — актыўны ўдзельнік беларускага руху ў замежжы. Які ён, чым жыве цяпер — зьяднаны ці разьяднаны?

Юрась Юркевіч

«Дыяспара — адлюстраваньне таго, што адбываецца ў грамадзтве мэтраполіі», — адказвае Юркевіч:

«У ёй некалькі пакаленьняў і хваляў беларусаў, якія прадстаўляюць стан грамадзтва Беларусі ў розныя часы. Сярод беларускай дыяспары ў Эстоніі, Латвіі ды Літве няма, напрыклад, адзінай пазыцыі наконт палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Адзінства ёсьць у той ступені, што мы можам адзначаць разам пэўныя сьвяты. Беларусы Літвы, напрыклад, разам адзначаюць Дзень Волі. У гэтым удзельнічаюць і прадстаўнікі праўладных беларускіх дыяспарных арганізацыяў. Дыяспары, тым ня менш, — гэта як выспы ў моры, акіян — гэта Беларусь. І ў ёй сапраўднае жыцьцё адбываецца».

Паводле Юркевіча, маладая хваля беларускай дыяспары гатовая разам працаваць пад канкрэтныя кароткатэрміновыя мэты ў форме пэрформансаў, імпрэзаў, вечарынаў, якія не прадугледжваюць сталых пасяджэньняў з доўгімі абмеркаваньнямі і прыняцьцем нейкіх дакумэнтаў.

На падзеі ва Ўкраіне як пагрозу для незалежнасьці Беларусі, зазначае Юрась Юркевіч, адрэагавала толькі Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Астатнія дыяспарныя арганізацыі збольшага ўстрымаліся:

«Цяпер наагул, што да палітычнай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, пазыцыя ў беларускіх арганізацыях замежжа адсутнічае. Некаторыя наагул абстрагуюцца ад палітычнага жыцьця ў мэтраполіі. Другія ня маюць уласнай пазыцыі. Або гэтыя арганізацыі абыходзяць вострыя пытаньні, якія могуць прывесьці да разладу. Ёсьць у беларусаў замежжа такі жарт: «Калі хочаш пасварыцца — пачні размаўляць пра Ўкраіну». Такі жарт, відаць, ёсьць і ў Беларусі.

Аўтарытэт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі існуе, заўважае суразмоўца, але для тых беларускіх арганізацыяў у замежжы, якія больш атаясамляюць сябе з ідэяй беларускай незалежнай дзяржавы:

«Для іх Рада БНР існуе ня толькі як сымбаль веры, але і як сапраўдная арганізацыя, якая мае ўплыў на падзеі і палітычныя пазыцыі ў Беларусі».