Давайце забаронім «русский мат». У нашай мове ёсьць свае моцныя слоўцы

Вануглік, гак, гамон, бядзяўка — усімі гэтымі сапраўды «моцнымі» беларускімі словамі можна бясьпечна карыстацца, пакуль нашыя заканадаўцы не перанялі досьвед расейскіх калегаў. І ня вывучылі дасканала беларускую мову.

З 1 ліпеня ў Расеі забаронена ўжываць лаянку ў СМІ, кіна- і тэатральных пастаноўках, канцэртах і выставах. Кнігі і дыскі, тэкст якіх утрымлівае нецэнзурныя словы, будуць прадавацца ў адмысловай упакоўцы з папярэджаньнем. Вырашаць лёс таго ці іншага твора давераць спэцыяльный камісіі.

Дзякуючы папраўкам ў закон «Аб дзяржаўнай мове» Расея рызыкуе страціць вялікую частку свайго культурнага здабытку. Запакаванымі як порначасопіс давядзецца купляць творы Віктара Пялевіна і Ўладзімера Сарокіна. Група «Ленінград» пазбавіцца канцэртных пляцовак, альбо будзе выплочваць штрафы, якія для першага разу складаюць ад 40 да 50 тысяч расейскіх рублёў. За паўторную лаянку са сцэны дзейнасьць групы прыпыняецца на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў.


Першымі ахвярамі закона сталі самыя прыкметныя. Сёлетні прызёр Канскага фэстывалю фільм Андрэя Зьвягінцава «Левіафан» хутчэй за ўсё ня трапіць у расейскі пракат. Рэжысэра папрасілі прыбраць са стужкі сцэны з лаянкай. Але ён адмовіўся.


Усё, што было апублікавана і выйшла ў пракат да 1 ліпеня 2014 году, пад новы закон не падпадае. Праўда, пакуль няясна, ці тычыцца гэта пазьнейшых перавыданьняў.


Заканадаўчае новаўвядзеньне сьмела можна адносіць да разраду дзяржаўнай цэнзуры. Артыкулу за дробнае хуліганства ў крымінальным кодэксе расейскім уладам ужо недастаткова.


У Беларусі ўсё, што магло пагражаць дзяржаўнаму ладу і густу, зьнікла са сцэнаў, экранаў і канцэртных пляцовак яшчэ на пачатку XXI стагодьдзя. За моцнае слова ў Беларусі караюць даўно і шырока. Па артыкуле 17.1 КоАП на сутках адседзелі бадай тысячы.


Дасьведчаныя выдаўцы распавядаюць, што кожную беларускую кнігу, якую прыносяць у дзяржаўную кнігарню, дырэктары праглядаюць на наяўнасьць двух словаў: «дупа» і «Лукашэнка». Пра іншыя словы ўжо няма і гаворкі.

Сяргей Прылуцкі

Ахвярай беларускай цнатлівасьці на дзяржаўным узроўні стаў Сірошка Пістончык (творчы псэўданім Сяргея Прылуцкага). Раз-пораз у вершах Пістончыка сустракаюцца гарачыя слоўцы. Там, дзе яны адпавядаюць сытуацыі, — тлумачыць Сяргей. Але выдаваць кнігу «Йопыты» у Беларусі давялося самвыдатам:


«Выдаўцы разумелі, што як толькі выдадуць такую кнігу, то Чаргінец і кампанія падымуць гвалт, і яны пазбавяцца ліцэнзіі, — распавядае аўтар. — А ўжо апошнюю кнігу „Дэгенератыўны слоўнік“ я выдаваў ва Ўкраіне. У Беларусі нават не было такой магчымасьці».

Сяргей Прылуцкі ўпэўнены, што калі ў Беларусі захацелі паўтарыць посьпех расейскіх заканадаўцаў — ніхто б ня пікнуў.

«Вельмі моцны аргумэнт, што ў беларускай мове ці ўкраінскай няма слова з трох літар, — кажа Сяргей. — Ну як жа яго няма, калі столькі людзей ім карыстаецца?! Мацюк — гэта ж ня проста нейкае сьмецьце, ад якога трэба пазбаўляцца. Гэта сродак выяўленьня моцных эмоцый.

Ён выкарыстоўваецца ня кожны дзень, ня часта, але гэта мова. Як можна забараняць частку мовы?», — пытаецца пісьменьнік.

Максім Жбанкоў

«Забараняй — не забараняй, а калі ў жыцьці будзе фігова, чалавек так і скажа, — зазначае культуроляг Максім Жбанкоў. — Змагацца са словам няма ніякага сэнсу. Лепш змагацца з тымі сытуацыямі і жыцьцёвымі стасункамі, якія гэтыя словы нараджаюць».


Паводле Жбанкова, кіраваць культурай праз забарону — бессэнсоўна:
«У культуры заўжды адбываецца ня тое, што дазволена, а тое, што магчыма».


Аднак гэтае магчыма праз заканадаўчы імпэт будзе ўсё менш даступна публіцы.


«Прыняцьце ж закона не азначае, што мацюкі зьнікнуць з жыцьця. Проста кніжкі, якія зьмяшчаюць пэўную лексіку, адыйдуць у глыбейшае падпольле, самвыдат. Калі цяпер яны яшчэ сустракаюцца на кніжных паліцах, то зараз будуць выцесьненыя на яшчэ большы маргінэс», — папярэджвае Сяргей Прылуцкі.

Аднак для беларускай культуры забарона на лаянку магла б мець і пазытыўны ўплыў — перакананы выдавец твораў Рыгора Барадуліна і вядоўца курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» Глеб Лабадзенка:

Глеб Лабадзенка

«Дзядзька Рыгор часта зьвяртаўся у сваіх творах да моцных словаў. Але відавочна гэта ніколі не была расейская лаянка. Гэта былі народныя беларускія словы, якія ён чуў на Вушаччыне. Натуральна, калі б у нас забаранілі расейскую лаянку, я б толькі парадаваўся, — кажа Глеб. — Але я ня ведаю, як тады будуць размаўляць паміж сабой, напрыклад, міліцыянты. Напэўна на пальцах, ці сурдаперакладчыкаў наймалі б».

Лабадзенка распавядае, што беларуская лаянка ў наведнікаў моўных курсаў надзвычай запатрабаваная:

«У нас на курсах „Мова Нанова“ быў спэцыяльны занятак, прысьвечаны тэме „Лаянка“. Ён праходзіў пад лёзунгам „Не расейскаму мату!“ Ня будзем строіць зь сябе цнатліўцаў: часам нехта з нас ужывае моцнае слова. Калі такія моманты здараюцца, лепш ўжываць беларускае.
Што самае дзіўнае: калі мы правялі апытанку па выніках першага сэмэстру, то заняткі „Лаянка“ занялі першае месца па водгуках сярод студэнтаў. Вось і адказ на пытаньне: трэба гэта ці ня трэба. Людзі самі гавораць: так, нам гэта цікава. Значыць, трэба навучыць іх лаяцца прыгожа і вытанчана», — кажа выкладчык.

Аматары папрактыкавацца ў мове стварылі ў Вконтате суполку «Сапраўдная беларуская лаянка», каб лаяцца па-беларуску,
А калісьці моўны энтузіяст, а ў жыцьці пасьпяховы архітэктар Вадзім Пракопчык даслаў на конкурс Свабоды постэр зь беларускай лаянкай

«Беларуская лаянка і мацюкі — рэчы розныя. Мацюк — выключна расейскі прадукт. Так што такім чынам (забараніўшы расейскую лаянку)

Закон жа ня можа рэглямэнтаваць паводзіны на кухні, у машыне ці ў прыбіральні

мы б абаранілі свой „рынак“, сваю культурную прастору. Я уважаю мацюкі за сьмецьце. Без мацюкоў мы пражылі б цудоўна. Закон жа ня можа рэглямэнтаваць паводзіны на кухні, у машыне ці ў прыбіральні. А ў грамадзкіх месцах — можа. Хто хоча ў сваёй прыватнай прасторы сабе пад нос мацюкацца — хай мацюкаецца. Я не бачу тут праблем», — кажа Вадзім, падтрымліваючы ідэю забароны расейскай лаянкі.
Беларуская ж лаянка, па меркаваньні Вадзіма, зусім іншая справа.
«Такая, як, скажам, у Якуба Коласа ў „Новай зямлі“ — гэта ж перачытваць і перачытваць. Гэта ня бруднае ці паскуднае нешта. Гэта амаль пяшчота! Я памятаю, як яшчэ ў школе гэта зразумеў», — тлумачыць ён.

«Калі б гэтыя словы забаранілі, беларускамоўных людзей гэтая забарона кранула б найменш, — Глеб Лабадзенка ставіць кропку ў нашай спробе ўявіць, як бы такі закон дзейнічаў у Беларусі. — Яна б найперш кранула людзей, якія карыстаюцца расейскай лаянкай. Я ня супраць таго, каб расейскую лаянку ў Беларусі забаранілі. Магчыма, гэта нарадзіла б цікавасьць да незаслужана забытага пласта нашай мовы».