Менскі таксіст пра наступствы рэпэтыцыі параду: Лепш аддайце прыватнікам гэтую дарогу

Наступствы рэпэтыцыі вайсковага параду, якая адбылася 29 чэрвеня ў Менску, шырока абмяркоўваюць жыхары і прыезджыя.

Ці варта выводзіць цяжкую тэхніку на менскія вуліцы? Што зрабіць дзеля таго, каб пасьляпарадныя рамонты праежджай часткі не даводзілася паўтараць штогод?

Цяпер я знаходжуся ў месцы, якое лічыцца адным з найбольш пацярпелых ад гусеніц танкаў і цяжкай колавай вайсковай тэхнікі — гэта скрыжаваньне праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Сурганава. Тут пасьля рэпэтыцыі параду зноў засталіся вялізарныя плямы пашчэрбленага асфальту, што гарантуе чарговы рамонт, як бывае штогод. На суседняй плошчы Калініна на стаянцы таксі лаўлю аўтамабілі, якія толькі што праехалі праз скрыжаваньне з Сурганава. Кіроўцы збольшага ведаюць сытуацыю і на іншых менскіх вуліцах. Аднак не сказаць, што ўсе абураныя. Беларускія кіроўцы пакуль гатовыя цярпець, як і ў іншых пытаньнях.

Your browser doesn’t support HTML5

Наступствы параду, — меркаваньні менчукоў


Кіроўца Андрэй: «Ня толькі тут. Вось кавалак вуліцы Багдановіча ад кальца, там таксама тэхніка езьдзіць. Разьбіта дарога ўжо 4 гады і ніяк ня зробяць. Яшчэ не разумею, чаму не пакласьці такі асфальт, чырвоны, як паклалі ў Каменнай Горцы. 6–7 гадоў трывае. Штучныя няроўнасьці робяць з гэтага асфальту, а на такім маршруце, дзе ходзіць вайсковая тэхніка, пакласьці ня могуць».

Таксіст: «Чакалася, што будзе горай. Столькі было пылу, бруду, такія гусеніцы! Але насамрэч нічога жахлівага».

Сяргей: «Нармальна я да гэтага стаўлюся, бо парад раз на год і камунальныя службы могуць папрацаваць, каб потым усё ліквідаваць. А што да часовых нязручнасьцяў — даводзіцца большыя цярпець, калі чакаем у заторах, прапускаючы картэжы. Таму парад такая справа — мяркую, яго трэба праводзіць».

Жанчына-кіроўца: «Адчула вібрацыю ў колах, але ня вельмі моцную. Ведаеце, збольшага ў нас дарогі нармальныя. І таму мяркую, што ўсё хутка зробяць нармальна, калі будзе патрэба. А парад паказаць трэба».

Малады мужчына: «А я вось заўважыў, што ў вайсковым гарадку Ўручча пасьля праходу тэхнікі дарога нават лепшая стала, бо там яміна на яміне — і крыху зараўнялі. То бок дарожнікі нічога ня робяць, а тут тэхніка крыху згладзіла дарогу. А тут, на Сурганава — так, ёсьць асаблівасьці. Але...сьвята ж».

Мікалай: «Мяне больш непакоіць тое, што яны перакрываюць рух у той час, як мне трэба трапіць з адной кропкі гораду ў іншую. Прыкладам, перасекчы праспэкт — нерэальна».

Таксіст Сяргей: «Так, вуліца Машэрава разьбітая. З пункту гледжаньня таксістаў — вельмі шмат невыгодаў. Дарогі перакрываюць і, натуральна, наносяць шкоду пакрыцьцю. Тыя самыя памылкі штогод: асфальт кладуць, а праз 2–3 гады яго ўжо, лічы, няма. Зьвярнуў увагу на тое, што любая дарожная будоўля заўсёды заканчваецца крымінальнай справай. Таму мая парада: аддайце гэты маршрут у прыватныя рукі, каб быў гаспадар, каб было з каго спытаць — і, адпаведна, перастануць красьці».

_______________________________________

У краінах былога СССР вайсковыя парады рэгулярна праводзяцца ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках, Расеі, Армэніі, Беларусі. У Расеі да 2008 году парады праходзілі без удзелу цяжкай вайсковай тэхнікі, а потым гэтую савецкую традыцыю аднавілі.

З эўрапейскіх краінаў традыцыя буйных вайсковых парадаў захавалася ў Францыі, дзе ў Парыжы войскі, уключна з тэхнікай, праходзяць па Елісейскіх палях. У большасьці эўрапейскіх краін вайсковыя парады замененыя на ўрачыстыя праходы вайскоўцаў і ўскладаньне кветак да манумэнтаў.