За «сувязь» з украінскай арміяй у Данецку захоплены офіс «Русское радио — Украина»

Генэральны дырэктар рускага радыё Сяргей Кузін

Прарасейскія сілы захапілі і апячаталі студыю радыёстанцыі «Русское радио — Украина» у Данецку. Такім чынам улады так званай «Данецкай народнай рэспублікі» адрэагавалі на акцыю журналістаў, якія абвясьцілі збор сродкаў на амуніцыю і мэдыкамэнты для Нацыянальнай гвардыі.

Напярэдадні пра поўны разрыў дачыненьняў з украінскім «двайніком» заявіла кіраўніцтва расейскага «Русского радио — Евразия».

Цягам месяца — ад 25 траўня да 25 чэрвеня — пад эгідай FM-станцыі «Русское радио — Украина» ладзілася акцыя пад назвай «Захисти армію — вона захистить тебе» («Абарані армію — яна абароніць цябе»). Яе сутнасьць палягала ў тым, што кожная дзясятая грыўня ад рэклямы на радыё накіроўвалася на набыцьцё рэчаў, неабходных для ўкраінскіх вайскоўцаў.

Такім чынам было сабрана больш за 260 тысяч грыўняў, і ў апошні дзень акцыі каманда радыйцаў на чале са сваім генэральным дырэктарам, колішнім заснавальнікам і экс-кіраўніком менскага «Альфа Радыё» Сяргеем Кузіным, перадала цэлы аўтобус амуніцыі вайскоўцам, задзейнічаным у антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны — акурат у 169-м вучэбным цэнтры на Чарнігаўшчыне фармуецца адмысловы батальён тэрытарыяльнай абароны. Пры ўдзеле фонду «Підтримай армію України» Сяргей Кузін і ягоныя калегі перадалі вайскоўцам камплекты формы, абутак, пальчаткі, шкарпэткі, спальныя мяхі, а таксама мэдыкамэнты, бронекамізэлькі, рацыі, прыборы начнога бачаньня, тактычныя акуляры.

Але ўжо 26 чэрвеня наступствам акцыі стала хакерская атака на радыйны сайт, а неўзабаве быў захоплены офіс радыёстанцыі ў Данецку, сталіцы самаабвешчанай «народнай рэспублікі». Такім чынам, удакладняе Сяргей Кузін, пасьля Крыму, дзе ў выніку расейскай анэксіі вяшчаньне «Русского радио — Украина» і яшчэ пяці станцыяў, якія ўваходзяць у радыйны холдынг «ТАВР медіа», было спынена раней, мяцежныя тэрыторыі ўсходу краіны становяцца абмежаванай зонай доступу для ўкраінскіх СМІ:

«У нас увогуле дрэннае вяшчаньне практычна на ўсіх тэрыторыях так званых „незалежных рэспублік“. Ёсьць месцы, дзе адключаны ўвесь холдынг, ня толькі „Русское радио“, бо я дбаю пра ўсе нашы станцыі. А пры канцы мінулага тыдня ў нас у літаральным сэнсе слова захапілі офіс у Данецку, менавіта „Русского радио“. Іхні віцэ-прэм’ер выдаў адмысловае распараджэньне (яно ў мяне ляжыць раздрукаванае), што офіс яны захапілі якраз з-за той акцыі. Супрацоўнікаў нашых мы эвакуявалі, іх жыцьцю, дзякуй богу, нічога не пагражае. Цяпер спрабуем урэгуляваць сытуацыю на ўзроўні асабістых дамоўленасьцяў — там ёсьць нейкая частка адэкватных людзей (не ў ідэалягічным сэнсе), якія проста выконваюць замову. Барадай, прэм’ер-міністар самаабвешчанай Данецкай рэспублікі, — ён сам па сабе піяршчык, у нейкім сэнсе калега, выконвае там функцыі галоўнага вяшчальніка. А нам бы проста забраць кампутары, бо ў гэтым софце няма ніякай інфармацыі, якая б уяўляла цікавасьць».

Лінію паводзінаў для прарасейскіх прапагандыстаў на ўсходніх тэрыторыях акрэсьліў у адмысловай заяве праграмны дырэктар расейскага «Русского радио — Евразия» Раман Емяльянаў. Прызнаўшы, што паўплываць на ўкраінскіх калегаў Масква ня ў стане, бо «Русское радио — Украина» — незалежнае ўкраінскае СМІ, спадар Емяльянаў выказаў перакананьне: збор амуніцыі для сілавікоў — сплянаваная акцыя перадусім супраць «Русского радио» ў сувязі з прысутнасьцю ў назьве слова «русское». На яго думку, ёсьць сілы, якім патрэбна ўнесьці разлад у тым ліку і ўнутры Расеі — маўляў, ня ўсе ж разьбіраюцца, што расейскія журналісты ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня.

Калі Емяльянаў проста прыгразіў спыніць пастаўку ва Ўкраіну музычнага кантэнту (якім, па словах Сяргея Кузіна, яго радыёстанцыя і так не карыстаецца), то ў Данецку дапамогу салдатам украінскай арміі ўспрынялі радыкальна — офіс «Русского радио — Украина» захапілі, не агучыўшы гарантыяў вяртаньня маёмасьці. Цяпер, як кажа Сяргей Кузін, вядуцца спробы выхаду на людзей, не да канца замбаваных крамлёўскай прапагандай:

Пакуль маскоўскае „Русское радио — Евразия“ скуголіць пра нейкія нашы „фашысцкія акцыі“, у нас ужо рэальна захапілі, забралі офіс з маёмасьцю, памяшканьнем і ўсімі астатнімі рэчамі

«Мы проста хочам забраць усё, што забраць яшчэ можна. Прынамсі, апячатаць офіс, каб яго хоць не разрабавалі, бо цяпер жа ён апячатаны імі. То бок намагаемся знайсьці хоць нейкія дзейныя органы, а калі ўжо не атрымаецца, дык зрабіць нейкую заяву. Але атрымліваецца так, што пакуль маскоўскае „Русское радио — Евразия“ скуголіць пра нейкія нашы „фашысцкія акцыі“, у нас ужо рэальна захапілі, забралі офіс з маёмасьцю, памяшканьнем і ўсімі астатнімі рэчамі. Памяшканьне, дарэчы, не арандаванае, яно купленае. Але ж ім усё пофіг, яны папярок долі ідуць... Увогуле, ведаеш, ужо да ўсяго прызвычайваесься з гэтай вайной. Тое, ад чаго яшчэ паўгода таму вочы на лоб палезьлі б, сёньня глядзіш, слухаеш, успрымаеш. Чалавек, бясспрэчна, жывёла грамадзкая, гэта ўжо пэўна...»

У зьвязку з апошнімі падзеямі «Русское Радио — Украина» выступіла з афіцыйнай заявай, у якой гаворыцца: «Зьяўляючыся часткай украінскай мэдыя-прасторы, мы ня можам заставацца ўбаку ад падзеяў, якія сёньня адбываюцца ў краіне»: «Мы лічым неабходным падтрымліваць пазыцыю ўкраінскай дзяржавы на ўсталяваньне міру і стабільнасьці на паўднёвым усходзе Ўкраіны і хочам запэўніць усіх вас, што „Русское Радио — Украина“ будзе працягваць сваю працу, фармуючы эфір і ствараючы той прадукт, якія будзе запатрабаваны нашымі ўкраінскімі слухачамі. Ніякіх зьменаў і збояў у працы эфірнай і камэрцыйнай службы „Русского Радио — Украина“ няма і ня будзе», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце радыёгрупы «ТАВР медіа».