Ён займаецца фотамастацтвам і графікай, падтрымлівае нацыянальную творчую эліту ды прапаведуе ведызм. Але галоўная справа ягонага жыцьця — канструяваньне ды выраб мэблі. Уласьнік ды дырэктар мэблевай мануфактуры AUPI Андрусь Палевіч — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».
«Вучыўся я ў школе, як усе дзеці, потым у «хабзе». Не, у Гомелі гэта мае назву не «хабза», а «лахарня». Дык вось я скончыў «лахарню» народных промыслаў. Нават удзельнічаў ва Ўсесаюзным конкурсе разьбяроў па дрэве і атрымаў там пятае месца. Тады я зразумеў, што буду мэбляром.
Зрабіў адразу невялічкую майстэрню. Быў ІП. Сам габляваў, сам зьбіваў, сам паралёніў, сам кроіў, жонка жыла. Вось атрымаўся бізнэс.
А гады тры таму я свой дзёньнік, які пісаў хлопцам, гартаў і наткнуўся на запіс пра тое, што я хачу займацца мэбляй, праектаваць яе і мець сваю мануфактуру. Мне тады было чатырнаццаць гадоў.
Калісьці я рабіў нейкія фатэлі і канапы з назвамі «Амстэрдам», «Ландон» і гэтак далей. А потым адбыўся пералом такі, і я задумаўся: чаму гэта я свае творы называю нейкімі ландонамі? Я зламаў усе назвы, і ўсю сэртыфікацыю мы перамянілі. Шмат давялося папрацаваць, і цяпер назвы ў нас нацыянальныя. І, як высьветлілася потым, гэта стала такім нават камэрцыйным ходам. Калі пачынаў гэта, то рабіў ад сэрца, а потым атрымалася, што гэта — супэрскі ход. І таму цяпер у нас назвы «Hietman», «Vajavoda», «Vojcech», «Alicyja», «Stefanija».
Сталкеры Свабоды
Лацінкай пісаць для мяне больш натуральна атрымалася. Так здарылася, што мае бацькі пры саветах вырашылі, каб я не вывучаў беларускую мову. І яны мяне вызвалілі ад гэтых урокаў. А калі ўжо сам пачаў вывучаць мову і пісаць, то ўжо было зручней пісаць лацінкай. Я меў лемантар каталіцкі лацінкай і так і навучыўся. Кірыліцай я пішу па-расейску, а лацінкай — па-беларуску.
Калісьці, мабыць, гады чатыры таму, выйшла першае караоке Зьмітра Вайцюшкевіча. Там была зборка трыццаці трох яго песьняў. Гэта канкрэтны праект, які я падтрымаў фінансава. Вось так я падтрымліваю нацыянальную культуру.
Свабода — гэта ілюзія, якая заблытвае людзей, суцэльная мана. Людзі блытаюцца, бо ніхто ня вольны. Вось учора я бачыў у інтэрнэце, як выпусьцілі дух украінскаму воіну. Ён памёр у кадры. Вось ён, ягоны дух — ужо вольны. Мы ўвесь час да чагосьці прыналежым. Служым адмыслова ці не адмыслова, але мы чамусьці служым. І для мяне няма ілюзіяў, чаму я служу.
Незалежнасьць — гэта такая ж блытаніна, як і свабода. Прыстаўка «не» — гэта проста прыстаўка. Мы ўвесь час ад чагосьці залежым, і рабіць незалежна бізнэс — гэта немагчыма. Ты ўбудаваны ў нейкую сыстэму, і ты ўсё адно будзеш залежаць. Але я лічу, што ад гэтага не адыдзеш. Калі ты жывы — ты ад чагосьці залежыш. А не залежаць? Вось дух выпусьцяць зь мяне — тады буду незалежны".