Кузін: «Русское радио» называе нас баевікамі і карнікамі. А нам усё роўна

Сяргей Кузін

Кіраўніцтва расейскай радыёстанцыі «Русское радио» заявіла пра поўнае спыненьне адносінаў з сваім украінскім «двайніком» «Русское радио — Украина».

Падставай да абурэньня паслужыла акцыя кіеўскіх радыйцаў, накіраваная на збор амуніцыі для Нацыянальнай гвардыі. Як гаворыцца ў адмысловай заяве, «вопиющий» учынак скіраваны на распальваньне канфлікту на тэрыторыі Ўкраіны, цягне за сабой гуманітарную катастрофу і мае на мэце дыскрэдытаваць аўтарытэтную расейскую станцыю. Як расказаў у інтэрвію Свабодзе генэральны дырэктар «Русского радио — Украина» Сяргей Кузін, прэтэнзіі маскоўскіх калегаў ня маюць ніякай практычнай сілы, бо абедзьве радыёстанцыі даўно сувэрэнныя.

— Сяргей, дык як у Кіеве рэагуюць на незадавальненьне маскоўскіх таварышаў?

— Увогуле ёсьць простая пазыцыя, якая заключаецца ў тым, што яны да нас ня маюць ніякіх адносінаў і называюць тое, што мы зрабілі, правакацыяй. Мы на гэтую іх пазыцыю ўвогуле не рэагуем, бо яна зьвернутая не да нас, а рэагаваць на нейкага праграмнага дырэктара зь нейкай радыёстанцыі, якая, так, была нашым партнэрам і мы карысталіся іхняй франшызай, ніякага сэнсу няма. Ну, ня будзем карыстацца франшызай, і што? «Русское радио — Украина» — гэта 100-працэнтная ўкраінская кампанія, з зарэгістраваным ва Ўкраіне гандлёвым знакам, назвай, слоганам і ўсё такое іншае. То бок у нашым жыцьці абсалютна нічога не зьмяняецца ад таго, што яны ўзбударажыліся. Яны верашчаць, відавочна, таму, што іх там нагнулі і толькі пазьней нехта з кіраўнікоў крычыць, што гэта ня мы, гэта ўкраінцы. Вось і ўсё. Цяпер, маўляў, даказвайце. А што нам даказваць? Гэта звычайная гістэрыка.

— На каго ў такім выпадку разьлічаны гучны дэмарш?

— Я так думаю, што многія ў Расеі былі перакананыя, што мы — іх законная і неаддзельная частка (дарэчы, ва Ўкраіне таксама шмат хто думае, што мы — частка іхняй сеткі). Хоць мы ўжо не зьяўляемся ёй, напэўна, гадоў сем-восем. Вось так, карыстаючыся гэтым няведаньнем, яны зараз бегаюць і на ўвесь голас крычаць, што мы — не яны, яны — ня мы і г.д. Пры гэтым называючы нас баевікамі, карнікамі; кажучы, што мы спансіруем ледзьве не міжнародны тэрарызм. Карацей, усю тую фігню, якая вуснамі праграмнага дырэктара перайшла межы міжнародных адносінаў.

— Хочаш сказаць, што ад пагрозаў аднабаковага спыненьня ўсялякіх дачыненьняў у вашай, прынамсі, працы нічога ня зьменіцца?

— Ды мы жылі паводле сваёй праграмы ад 2007 году і ніколі ў ёй нічога не зьмянялі. У нас цяпер ужо 73% артыстаў у эфіры — гэта ўкраінскія артысты. Самае сьмешнае, яны сваім адным пунктам назвалі, што

«Русское радио Москва», дзе гіт-парад «Залатога грамафона», дык вось там тры першыя месцы ў іх займаюць украінцы — Брэжнева, Меладзэ і Патап

разрываюць дамовы на музычны кантэнт, якім мы і так не карысталіся. Наш музычны рэдактар зайшоў на іх сайт, на «Русское радио Москва», дзе гіт-парад «Залатога грамафона», дык вось там тры першыя месцы ў іх займаюць украінцы — Брэжнева, Меладзэ і Патап. Таму, замест таго каб пачынаць нейкія разборкі, хай шукаюць добрых, папулярных расейскіх артыстаў. Таму ў нас увогуле нічога не мяняецца. Гэта ня тое, што я для прэсы калачу, проста мы ніяк ад 2007-га зь імі не зьвязаныя. Адзінае выключэньне — тое, што ў нас быў 5-гадовы кантракт, і пасьля таго як мы канчаткова забралі ўсе іхнія долі на тэрыторыі Ўкраіны і юрыдычна цалкам разышліся, то ў якасьці гэткага жэсту добрай волі пакінулі 5-гадовую франшызу, якая сапраўды дзейнічае. Больш за тое, паводле гэтых умоваў мы маем права карыстацца іхнім музычным кантэнтам і г.д. — не артыстаў, а самога «Русского радио», што нам нафіг не было патрэбна. Як сказаў мудрагеліста іх прадстаўнік — музычнай палітрай. Цікава, што дамову гэтую паводле ўмоваў не яны, а мы не маглі скасаваць. То бок дамову мог разарваць толькі той бок. Ну што тут яшчэ дадаць?

— Сяргей, раскажы, як увогуле ўзьнікла ідэя, якая вылілася ў цяперашняе ідэалягічнае супрацьстаяньне?

— Як мы гэта зрабілі? Мы ў траўні запусьцілі адмысловую акцыю, а перад гэтым выйшлі на кіраўніцтва, і яны нас падтрымалі. Таму што ўсе хочуць нечым дапамагчы краіне, а рэальна ня ведаюць, якім чынам. У нас у офісе вісеў «дабрачынны пакет», мы зьбіралі на маскіровачную сетку, каб аб’ект не было відаць з паветра. Бо ў адной з часьцей папросту ня могуць накрыць кухню. Вось мы на яе зьбіралі — кожны, хто ідзе міма, мог кінуць у пакет грошыкі. Але так можна год зьбіраць — яна ж каштуе

кожная дзясятая грыўня, заробленая з рэклямы, пойдзе на падтрымку антытэрарыстычнай апэрацыі

немалыя грошы, дарагая. І тут мы ўзялі і прапанавалі: давайце, хлопцы, працэс паскорым. Прыдумалі, што кожная дзясятая грыўня, заробленая з рэклямы, пойдзе на падтрымку антытэрарыстычнай апэрацыі. І вось такім чынам у нас за месяц сабралася больш за чвэрць мільёна грыўняў: стартавалі ў траўні, пакуль пачалі паступаць, пятае-дзясятае, атрымалася блізу 260 тысяч грыўняў. Мы знайшлі фонд, не зьвязаны ні зь якімі дзяржструктурамі, які называецца «Падтрымай армію Ўкраіны», і проста тупа закупілі самі ўсю амуніцыю, самі прывезьлі ў часьць і самі перадалі салдатам. Як кажуць, на ўсялякі пажарны, таму што армія зьмянілася, а чыноўнікі — не. Вось такая простая гісторыя.

— Паступае інфармацыя, што вам не даюць працаваць ня толькі ў анэксаваным Крыме, але і ў так званых «народных рэспубліках» Усходу Ўкраіны...

— Ды мы пакуль адносна нармальна. Дрэнна тое, што армія рэальна вельмі дрэнна ўзброеная. Гэты 23-гадовы пацыфізм зараз адгукаецца ўсёй краіне — гэта мы напаўжартам называем пацыфізмам, бо насамрэч усе навокал толькі кралі, а нічога не ўкладалі. Расейцам няўжо патлумачыш, што пытаньне ня ў тым, каб узброіць хлопцаў аўтаматамі? Тое, што мы рэальна везьлі, — гэта пальчаткі, чаравікі, шкарпэткі, спальныя мяшкі і падсьцілкі пад іх. З больш сур’ёзнага — рацыі, ім гаварыць няма па чым, прыборы начнога бачаньня, тактычныя акуляры. То бок тое, што надзець на сябе і навесіць для лепшай арыентацыі. Гэта не батальёны, якія фармуюць нашы алігархі, а гэта звычайная рэгулярная армія, так званая Нацыянальная гвардыя. У нас жа цяпер арміі няма, ёсьць Нацгвардыя. Але гэтым нешта тлумачыць нават і ня трэба. Я расейскім СМІ проста не даю інтэрвію, ніякіх. Кажу, што перастанеце хлусіць — буду размаўляць. А гаварыць пра тое, што ў нас дрэнна — дык я лепш украінцам гэта скажу, расейцам казаць ня буду, няхай пра сваіх гавораць. Я што, буду яшчэ зь імі дзяліцца тэмамі? Пайшлі яны...

____________________________________________

Сяргей Кузін — сябра рады дырэктараў групы «Тавр», якая аб’ядноўвае самыя папулярныя FM-станцыі Ўкраіны: «Радыё Рокс», «Хіт-FM», «Руское радио — Украина», «Kiss-FM», «Радыё Мэлёдыя», «Радыё Relax». Ягоны голас — візытоўка шэрагу ранішніх праграмаў у FM-эфіры, ён арганізуе і вядзе папулярныя тэлешоў і канцэрты. Ад сярэдзіны 1990-х да пачатку 2000-х Сяргей Кузін як дыджэй і шоўмэн высока каціраваўся ў Беларусі, аднак палітыка манапалізацыі мэдыйнай прасторы паставіла крыж на ягоным праекце «Альфа Радыё». Быў вымушаны завязаць зь бізнэсам у Менску і апошнія 10 гадоў стала жыве ў Кіеве. Атрымаў украінскае грамадзянства.