Рада БНР вітае асацыяцыю з ЭЗ і вызваленьне Бяляцкага

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зь дзяўчынкай Івонкай. Прага, 2013 год

У сваёй Заяве, зьмешчанай на старонцы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў фэйсбуку, Рада дала ацэнку апошнім падзеям у Беларусі і сьвеце.

Рада прывітала падпісаньне Ўкраінай, Малдовай і Грузіяй пагадненьняў аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам.

«Рада віншуе кіраўніцтва і народы гэтых блізкіх Беларусі краінаў з важным крокам на шляху эўрапейскае інтэграцыі, які адчыняе для іх новыя магчымасьці для эканамічнага і гуманітарнага разьвіцьця, а таксама зьяўляецца важным этапам у вызваленьні ад спадчыны таталітарнага мінулага», – гаворыцца ў Зяве.

Рада БНР падкрэсьліла, што выступае за актыўнае збліжэньне Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу. «Дзеля гэтага Рада заклікае ўлады Рэспублікі Беларусь да неадкладнай нармалізацыі палітычных умоваў унутры краіны, а менавіта:

– да неадкладнага вызваленьня і рэгабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных,

– да правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў на ўсіх узроўнях пад кантролем назіральнікаў АБСЭ і ў строгай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі,

– да забесьпячэньня грамадзянам Рэспублікі Беларусі свабоды сходаў, свабоды меркаваньня і іншых базавых дэмакратычных свабодаў, гарантаваных як Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі, так і міжнароднымі пагадненьнямі, падпісаных Рэспублікаю Беларусьсю».

Датэрміновае вызваленьне ўладамі Алеся Бяляцкага Рада расцэньвае як пазытыўны, але ні ў якім разе не дастатковы крок для пачатку працэсу нармалізацыі стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і міжнароднай супольнасьцю.

«Рада заклікае кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу актыўна ўзьдзейнічаць на ўлады Рэспублікі Беларусь з мэтай спрыяньня паўнавартаснай дэмакратызацыі Беларусі».