Лукашэнка хутка пацісьне руку апошняму прадпрымальніку, — гарадзенскі прадпрымальнік



Многія прадпрымальнікі на гарадзенскіх рынках моцна ўстрывожаныя тым, што 1 ліпеня нельга прадаваць тавар, завезены ў Беларусь пасьля гэтае даты, бяз шэрагу дакумэнтаў, якія раней не патрабаваліся.

Нехта настроены не плаціць за ліпень падаткі. Іншыя апошнімі днямі завозяць як мага болей тавару, каб даўжэй папрацаваць. Але і адны, і другія лічаць, што іхняму бізнэсу прыходзіць канец.

Ужо з наступнага тыдня прадпрымальнікі ня змогуць прадаваць тавар без дакумэнтаў, якія павінны адпавядаць тэхрэглямэнту Мытнага зьвязу. А гэта дамовы, накладныя, фактуры рахункаў і сэртыфікатаў якасьці. І ўсе гэтыя дакумэнты няма дзе ўзяць, бо ў Расеі, адкуль вязуць тавар, іх найчасьцей немагчыма атрымаць.

Праўда, прадпрымальнікам дазволілі да 1 сакавіка 2015 году гандляваць рэшткамі тавару, які быў завезены да 1 ліпеня. Але трэба зрабіць сьпіс такога тавару і копію прадставіць у падатковую інспэкцыю.

Гаворым пра гэта з прадпрымальнікамі на рынку «Цэнтральны». Жанчыны распавядаюць, што ў будучыню глядзяць з боязьзю.

Спадарыня: «Ведаеце, настрой зусім дрэнны, зусім. Усё вельмі складана, мы нават ня ведаем, куды ісьці, што нас чакае, што нам рабіць. Мы прыйшлі да такога стану, што нават ня можам за сябе пастаяць...»

Іншая спадарыня: «Нас ужо ня варта было выжываць гэтымі новымі ўмовамі тэхрэглямэнту, бо мы і так самі хутка сыдзем. Гандаль зусім слабы, цэны ў крамах на прадукты высокія — за што яшчэ апранацца?..»

Карэспандэнт: «Значыць, вы лічыце, што прыйшоў канец вашаму бізнэсу?»

Спадарыня: «Я яшчэ думаю, што нешта павінна зьмяніцца, бо ўсё ж нейкую капейку мы ўносілі ў бюджэт нашай дзяржавы і не прасілі ні заробкаў, ні дапамогі. А цяпер што, мы пойдзем на біржу і будзем шукаць працы? А дзе мы яе знойдзем?»

Аптымістычнага погляду спадарыні наконт таго, што дзяржава ўсё ж скасуе новыя правілы, іншыя суразмоўцы не падзяляюць. Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што частка тых, хто гандлюе на гарадзенскіх рынках, на знак пратэсту ня плаціць за ліпень падаткаў і ня будзе з 1 ліпеня выходзіць на працу, каб бюджэт адчуў страты.

Спадар: «Ніякія рэшткі нас не ўратуюць, і мы не падаем ніякіх дэклярацыяў, пакуль ня вырашыцца наша пытаньне наконт таго, што новыя дакумэнты — гэта нерэальна для малога бізнэсу. Толькі аптовыя пастаўшчыкі могуць рабіць падобныя дакумэнты. А на малы бізнэс гэта наагул не павінна распаўсюджвацца, як і ў іншых краінах Мытнага зьвязу. Думаю, што мы з 1 ліпеня не працуем, пакуль ня вырашыцца наша сытуацыя. У асноўным людзі ня выйдуць. З гэтымі правіламі пагаджацца нельга».

Іншы спадар зазначае, што частка прадпрымальнікаў ужо заплаціла падаткі за ліпень — яны заранёў завезьлі тавар, каб да 1 сакавіка яшчэ папрацаваць на рэштках. Але лічыць, што надоўга працягнуць свой бізнэс такім парадкам ім ня ўдасца — у пэрспэктыве яны ня здолеюць існаваць паводле новых правілаў гандлю, бо на гэта ўлада і разьлічвае.

Спадар: «Пралічана ўсё дакладна: пасьля 1 ліпеня — 20%, а пасьля сакавіка — і ўсё 80% павінны будуць скончыць сваю прадпрымальніцкую дзейнасьць. Па такіх праплатах на 2–4 квадратных мэтрах нерэальна будзе паводле новых правілаў гандлю зарабляць. Калі заплаціш за ўсё, абаротных сродкаў у цябе ня будзе заставацца. І арэнда дарагая, і харчы дарагія, і транспарт дарагі...»

Яшчэ адзін спадар пагаджаецца, што ўсе гэтыя дзеяньні прадпрымальнікаў не ўратуюць. Самае дрэннае, на яго думку, — тое, што прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі з арганізаванай некалі супольнасьці ператварыліся папросту ў масу людзей, якія ня могуць арганізавацца і адстаяць свае правы перад уладай.

Спадар: «Адны думаюць, як бы знайсьці дакумэнты, іншыя — як прадаць рэшткі, трэція думаюць, як бы кантрабандай яшчэ давозіць тавар. Але ніхто ня думае, што трэба выйсьці і пратэставаць, няхай не на плошчу — ну хаця б недзе ў парку. Нават такіх думак няма ў людзей. Вось што самае страшнае».

Карэспандэнт: «Узгдадваюцца словы прэзыдэнта Лукашэнкі, калі ён казаў, што дажыве да таго часу, калі...»

Спадар: «Так, Лукашэнка дажыў да таго часу, калі пацісьне руку апошняму прадпрымальніку. Усё так, як ён і абяцаў. У яго ёсьць вельмі „добрыя“ памагатыя, якія падштурхоўваюць яго на розныя такія рэчы...»