Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні 28 чэрвеня ў Менску перадкупальскага шэсьця ў нацыянальных строях зь беларускімі вышыванкамі. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з заяўнікаў мерапрыемства — рэжысэр Валер Мазынскі.
«Адказалі, што такое шэсьце „не адпавядае закону аб масавых мерапрыемствах“. Чаму? Мы ўсяго толькі замаўлялі шэсьце ў нацыянальных строях, зь беларускай вышыванкай, зь песьнямі. Плянавалі прымеркаваць гэта да купальскіх сьвятаў і таму прайсьці ад помніка Максіму Багдановічу па вуліцы Янкі Купалы ўніз, да парку Купалы, дзе зладзіць сьвята».
Іншымі заяўнікамі «шэсьця ў вышыванках» былі мастак Мікола Купава і актывіст Уладзь Кішкурна. Заяўку яны падалі за два месяцы, як патрабуе закон, прапанавалі чыноўнікам зь Менгарвыканкаму падзяліць фінансавыя выдаткі на правядзеньне сьвята. Як мяркуе Валер Мазынскі, адмовілі ім ня дзеля эканоміі грошай, а зь іншых прычын.
«Яны чарговы раз даказалі, што, відаць, нават напісанае па-беларуску для іх застаецца варожым. Калі падаў такую заяўку па-беларуску — усё, ты вораг. Для сябе я гэтак праверыў нашу дзяржаву і зноў пераканаўся, што ва ўладзе знаходзяцца людзі, далёкія ад беларускасьці. Беларусы ў горадзе павінны сябе ідэнтыфікаваць вышыванкай. Ня будзем пляскаць у ладкі, ня будзем крычаць, але будзем хадзіць і жыць у вышыванцы. Я ўжо нашу вышыванку і заклікаю беларусаў гэтак паказаць, што мы ёсьць. У горадзе ходзяць людзі з расейскімі сьцягамі, з прарасейскімі стужкамі — хто заўгодна, а беларусаў няма. Таму будзем проста хадзіць у вышыванцы».
Адмову падпісаў Ігар Карпенка, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму.