Садоўскую зноў хочуць судзіць за абразу Лукашэнкі

Кацярына Садоўская


Супраць праваабаронцы, былой палітзьняволенай Кацярыны Садоўскай завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб зьнявазе прэзыдэнта.

Садоўскай пагражае да 3 гадоў турмы.

«Мяне выклікалі ў Савецкі раённы аддзел Сьледчага камітэту і паведамілі пра завядзеньне справы. Падставай нібыта стала тое, што ў кнігу заўваг Савецкага суду я зрабіла запіс:

„Да якога часу будуць выконваць злачынныя загады псыхічна хворага грамадзяніна Лукашэнкі?“ Такі запіс сапраўды быў, я пакінула яго напрыканцы красавіка пасьля таго, як пачаліся прэвэнтыўныя арышты перад чэмпіянатам сьвету па хакеі. Арыштавалі і пасадзілі былога палітвязьня Аляксандра Францкевіча, вось я і адрэагавала. З гэтай несправядлівасьцю трэба змагацца», — паведаміла Кацярына Садоўская карэспандэнту Свабоды.

Праваабаронца згадала, што і пасьля адбыцьця першага пакараньня ёй даводзілася рабіць запісы ў кнігі заўваг судоў і дзяржаўных устаноў. Аднойчы была зладжаная праверка, але сьледчыя спаслаліся на «неразборлівасьць » почырку і справу закрылі. «А тут мышы выслужваюцца перад сваім начальствам», — камэнтуе Кацярына Садоўская.

Праваабаронца ўсё ж мяркуе, што да суду справа ня дойдзе — «Бо тады прыйдзецца агучваць усе дакумэнты пра псыхічны стан спадара Лукашэнкі, а яны гэтага ня хочуць», — кажа спадарыня Садоўская.

У 2006 годзе Кацярына Садоўская была асуджаная на 2 гады калёніі за абразу судзьдзі і абразу на адрас Лукашэнкі. Выйшла на волю датэрмінова ў 2007 годзе. Прымае актыўны ўдзел у праваабарончай дзейнасьці.