Уладзімер Пуцін адмовіўся ад мандата на выкарыстаньне расейскіх войскаў ва Ўкраіне, выдадзенага яму Саветам Фэдэрацыі. Але яшчэ за некалькі дзён да прыняцьця сэнатарамі гэтага рашэньня значная доля расейцаў — 40% — лічыла ўвод войскаў неабходнай мерай падтрымкі непрызнаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.
Такая выснова зробленая з вынікаў апытаньня, праведзенага «Левада-цэнтрам» 20-23 чэрвеня. Пра гэта перадаюць «Ведомости».
У паўтара разы больш — 64% рэспандэнтаў — падтрымліваюць удзел у супрацьстаяньні на ўсходзе Ўкраіны расейскіх добраахвотнікаў. У траўні за ўвядзеньне расейскіх войскаў і ўдзел добраахвотнікаў выказваліся 31 і 61% адпаведна.
Але гэта найменш папулярныя ў расейцаў віды дапамогі непрызнаным рэспублікам: 64% апытаных лічаць, што ДНР і ЛНР хутчэй маюць патрэбу ў расейскім узбраеньні і кансультацыях ваенных, 79% — за эканамічную дапамогу, 92% прапануюць дыпляматычную падтрымку. У тым, што Расея актыўна падтрымлівае па-прарасейску настроеныя сілы ўсходу Ўкраіны, упэўнены кожны другі. Але яны ў гэтым супрацьстаяньні — другасныя ўдзельнікі: паводле меркаваньня дзьвюх найбуйнейшых груп апытаных, у канфлікце адзін аднаму супрацьстаяць узброеныя правыя радыкалы з боку Кіева (так лічаць 52% рэспандэнтаў) і «народнае апалчэньне» непрызнаных рэспублік (67%).
Усё больш расейцаў даведваюцца пра падзеі ва Ўкраіне ад суседзяў і сяброў — гэта асноўная крыніца інфармацыі для кожнага чацьвёртага жыхара краіны (у красавіку — для кожнага пятага), а сацыяльныя сеткі — для кожнага дзясятага. Але абсалютная большасьць — 91% — па-ранейшаму атрымліваюць інфармацыю з навінаў тэлебачаньня.
79% упэўненыя, што расейскія СМІ даюць ім аб’ектыўную карціну таго, што адбываецца (у сакавіку — 63%, у траўні — 70%), супрацьлеглага меркаваньня прытрымліваюцца 2%. Пры гэтым 18% лічаць, што айчынныя СМІ самі спрыяюць эскаляцыі канфлікту, ня згодныя з гэтым 29%.
Расейцы яшчэ не адчулі цану прамога ўдзелу расейскіх войскаў у канфлікце, адсюль такая высокая падтрымка ўводу войскаў, адзначае сацыёляг «Левада» Дзяніс Волкаў. Калі пасьля адкліканьня мандата тэма ўвядзеньня войскаў сыдзе з тэленавінаў, то і доля тых, хто ўхваляе такую дапамогу, можа скараціцца, лічыць ён.
Савет Фэдэрацыі адмяніў сваю пастанову ад 1 сакавіка, якая дае прэзыдэнту права выкарыстоўваць Узброеныя сілы Расеі ва Ўкраіне.
Нягледзячы на рашэньне Савета Фэдэрацыі, у прэзыдэнта Расеі ёсьць бестэрміновае права на ўвядзеньне войскаў, выдадзенае сэнатарамі яшчэ ў 2009 годзе Дзьмітрыю Мядзьведзеву. Менавіта тады цяперашні прэм’ер-міністар, будучы кіраўніком дзяржавы, атрымаў «бестэрміновае права на апэратыўнае выкарыстаньне ўзброеных сілаў за мяжой».
Гэты дазвол фармальна не адмяняўся.