Прарасейскія баевікі ў Данбасе пачалі страляць з гармат


Баевікі пад Славянскам зьбілі ўкраінскі верталёт, вядуць абстрэл пазыцый украінскага войска з гармат, умацоўваюцца ў гарадах Данбаса.

Як паведаміў кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, прарасейскія баевікі пачалі выкарыстоўваць гарматы:


«Паводле апэратыўных зьвестак групы „Інфармацыйны супраціў“, пад Антрацытам тэрарыстамі абстраляны блёк-пост сіл антытэрарыстычнай апэрацыі. Паводле папярэдніх дадзеных, быў нанесены артылерыйскі ўдар. Страт сярод сілавікоў няма».


Апрача таго бандфармаваньні актывізавалі сваю дзейнасць пад Краматорскам, напісаў Тымчук:


«Пад Краматорскам назіраецца актыўнасьць баевікоў. Выяўлена перасоўваньне да пазыцый сіл АТА груп тэрарыстаў агульнай колькасьцю каля 250 чалавек».


У Краматорску ў сэпаратыстаў заўважаныя тры танкі, якія вядуць абстрэл мясцовага аэрапорта, які кантралюецца ўкраінскім войскам.

Учора прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што не выключае датэрміновай адмены рэжыму спыненьня агню, пасьля таго як баевікі зьбілі ўкраінскі верталёт пад Славянскам, забіўшы 9 вайскоўцаў.
Баевікі ў Данбасе паўсюдна парушаюць ўмовы перамір’я, абвешчанага да 27 чэрвеня, паведамляе УНІАН.