«Ідэя наконт імпарту сьведчыць пра агонію ўраду Мясьніковіча»


Ці магчыма ажыцьцявіць ідэю прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча, што імпартных тавараў павінна быць на беларускім рынку ня больш за 15 працэнтаў? Навошта і наколькі пасьпяхова беларускія ўлады змагаюцца зь імпартам і чаго ад гэтага чакаць беларускім спажыўцам?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Яўген Прэйгерман і Барыс Жаліба.

Цыганкоў: Міхаіл Мясніковіч заявіў, што імпартных тавараў павінна быць на рынку ня больш за 15 працэнтаў. Што прынясе беларускай эканоміцы скарачэньне імпарту да такіх памераў? Наколькі ўвогуле выканальная такая задача — улады ж змагаюцца з імпартам даўно і досыць беспасьпяхова?

Барыс Жаліба

Жаліба: Гэта барацьба зь ветракамі, гэта ідэя абсурдная і шкодная для эканомікі. Мэта тут зразумелая — адміністратыўным шляхам вырашыць валютны дэфіцыт і за кошт скарачэньня імпарту збалянсаваць плацёжны і гандлёвы балянс.

А шкодная гэта ідэя вось чаму: яе ажыцьцяўленьне прывядзе да таго, што ў нашых штучных дзяржаўных імпартэраў узьнікне жаданьне абмежаваць канкурэнцыю. І мы ведаем, да якіх кепскіх наступстваў прыводзіць адсутнасьць канкурэнцыі. Акрамя таго, гэта прывядзе да абмежаваньня выбару тавараў для насельніцтва, імпарт можа стаць дэфіцытам.

Цыганкоў: У якой краіне сёньня, у час глябалізацыі, можна ўявіць такое, што імпарт складае 15 працэнтаў на рынку? Наколькі ўвогуле рэалістычная гэтая задача?

Яўген Прэйгерман

Прэйгерман: Гэта абсалютная дурасьць, калі тут карыстацца непарлямэнцкімі выразамі. Я разумею, што мала хто зь беларускіх чыноўнікаў вывучаў эканамічную тэорыю. Але нават чалавек са звычайнай агульнай адукацыяй можа зразумець шкодныя наступствы такой ідэі. Быў Савецкі Саюз, які разваліўся з такімі ненармальнымі ідэямі. І вось тут — Мясьніковіч заклікаў прыдумаць «неардынарныя» ідэі, і нічога лепшага не прыдумалі, акрамя гэтага.

Вельмі лёгка раскласьці, што тут будзе. Для спажыўца (калі гэта будзе ўведзена) — большыя кошты, меншы асартымэнт і якасьць тавараў. Для людзей, якія бліжэй да ўлады — гэта новыя магчымасьці карупцыі, асабліва для тых «спэцімпартэраў», якіх зьбіраюцца ўводзіць. Беларускай эканоміцы гэта ня дасьць ніякага штуршка. Наадварот, калі мы зьмяншаем канкурэнцыю, эканоміка ўваходзіць у тыя ўмовы, пры якіх яна ня можа разьвівацца.

Да таго ж гэта проста супярэчыць нашым дамоўленасьцям у рамках эўразійскай інтэграцыі. Там гаворка ідзе пра «чатыры свабоды» — свабоднае перамяшчэньне тавараў, паслугаў, капіталу і працоўнай сілы. Беларускі бок увесь час падкрэсьлівае, што да гэтага трэба ісьці, каб атрымліваць нафту бяз мыта — а сам робіць такія крокі. Таму ідзе гаворка, што гэта ўводзіцца толькі на паўгода, пакуль не пачне працаваць Эўразійскі саюз. Дык які эфэкт можа быць дасягнуты цягам гэтых шасьці месяцаў? Гэта ж абсурд.

Мы маем адкрытыя межы з Расеяй, няма ніякай праблемы прывозіць адтуль, што трэба. Да таго ж 700 тысяч беларускіх грамадзянаў маюць візы Эўразьвязу і могуць езьдзіць туды. Няўжо яны зьбіраюцца цалкам перакрыць мяжу? Наўрад ці. Таму я думаю, што Аляксандар Лукашэнка праз пэўны час вернецца да сваёй фразы, якую ён калісьці казаў Тозіку — «Вы тут глупствам займаецеся». Было б добра, калі б ён ужо зараз сказаў яе Мясьніковічу і ўсяму ўраду.

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Дык ці не здаецца, што заява Мясьніковіча наконт імпарту застанецца ў выніку проста канфузам?

Жаліба: Хацеў бы спадзявацца на гэта. Кіраўнікі шмат чаго кажуць, але жыцьцё ўносіць свае папраўкі, і некаторыя іхнія ідэі проста немагчыма рэалізаваць.

Цыганкоў: Магчыма, абвастрэньне барацьбы зь імпартам сьведчыць пра тое, што сытуацыя на фінансавым рынку вельмі сур’ёзная, таму ўлады і кідаюцца на такія «неардынарныя» крокі?

Прэйгерман: Размова ідзе ня толькі пра курс, увогуле пра эканоміку. Так што гэтая ідэя выглядае як агонія ўраду Мясьніковіча. Лукашэнка даў некалькі месяцаў на выпраўленьне сытуацыі, і ўрад адрэагаваў такім вось чынам. А праблемы нарастаюць. За апошнія два тыдні Беларусь папрасіла новы крэдыт, 2 мільярды, ад ВТБ-банку, хоць крэдыт ужо паабяцаў расейскі ўрад.