Заходні друк: «Пуцін займаецца эквілібрыстыкай», «Час уводзіць трэцюю ступень санкцыяў супраць Расеі»

Мэты і пляны Парашэнкі, рэакцыя Масквы і сэпаратыстаў, матывы паводзінаў Пуціна — тэмы шматлікіх публікацыяў заходняга друку.
Мэты і пляны Парашэнкі, рэакцыя Масквы і сэпаратыстаў, матывы паводзінаў Пуціна — тэмы шматлікіх публікацыяў заходняга друку.


The Times


Украінскі лідэр падзяліў мяцежнікаў, паабяцаўшы амністыю .

Учора ўкраінскі прэзыдэнт паспрабаваў раскалоць прарасейскіх паўстанцаў, якія выклікалі хаос на ўсходзе краіны, паабяцаўшы амністыю ўсім сэпаратыстам, якія ня вінаватыя ў забойствах і катаваньнях. Асноўны матыў украінскага прэзыдэнта, разам са спыненьнем баявых дзеяньняў, якія дэстабілізуюць абстаноўку ў краіне, палягае ў вяртаньні кантролю яго войскаў над усходняй мяжой. Ключавой часткай замірэньня зьяўляецца стварэньне буфэрнай зоны на мяжы з Расеяй, каб спыніць паток зброі і наймітаў.

Уладзімір Пуцін



Мірны плян Парашэнкі атрымаў памяркоўную падтрымку з боку расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна. Аднак расейскі лідэр, якога Захад рэзка асуджае за падтрымку, фінансаваньне і ўзбраеньне мяцежнікаў, заявіў, што сілы бясьпекі Ўкраіны ўжо парушылі ўмовы гэтага пляну.

Па словах прадстаўнікоў Белага дома, у сувязі з працягам атакаў сэпаратыстаў, віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове з Парашэнкам выказаў занепакоенасьць тым, што лідэры апалчэньня адмовіліся прыняць замірэньне.

Белы дом папярэдзіў, што ЗША шчыльна супрацоўнічаюць з партнэрамі па «вялікай сямёрцы» ў падрыхтоўцы далейшых эканамічных санкцый супраць Расеі ў выпадку, калі Масква ня спыніць адпраўляць зброю і салдат празь мяжу ва Ўкраіну.


The New York Times


Пуцін імкнецца весьці дваістую палітыку на базе расколу, якому спрыяў ва Ўкраіне .

У нядзелю было выразна відаць, што ў палітыцы ў адносінах да Ўкраіны Расея займаецца эквілібрыстыкай. Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін адначасова падтрымаў мірны плян, прыняты ўкраінскім прэзыдэнтам, і адчытаў Кіеў за няпэўнае спыненьне агню. Паводле ацэнак чыноўнікаў, аналітыкаў і дыпляматаў, Пуцін апынуўся на вузкай сьцежцы паміж супярэчлівымі мэтамі.

Яго галоўная мэта — захаваць па максымуму, наколькі гэта магчыма, ўплыў Расеі на будучыню Ўкраіны, выступаючы за мэту сэпаратыстаў — значную ступень аўтаноміі. Гэтая аўтаномія пакіне Паўднёвы Ўсход Ўкраіны на арбіце, якая бліжэйшая да Масквы, чым да Кіева, так што цэнтральны ўрад Украіны будзе слабым.

Але Пуціну трэба дамагчыся гэтай мэты, не дапусьціўшы, каб Расея ўгразла ў «цярноўніку» палітычна-раздробненых і эканамічна-адсталых сэпаратысцкіх абласьцей. Любы намёк на ўдзел ваенных ці нават дачыненьне да дэстабілізацыі гэтых абласьцей можа справакаваць значна больш жорсткія заходнія санкцыі. Чакаецца, што такія санкцыі будуць абмяркоўвацца ў Брусэлі на гэтым тыдні.

Пуцін імкнецца дагадзіць адразу некалькім антаганістычным паміж сабой электаратам. Значная частка яго расейскай аўдыторыі, якую дзяржаўнае тэлебачаньне месяцамі корміць апантанымі матэрыяламі ў стылі «Ўкраіна ў агні», ўхваляе неабходнасьць «цьвёрдай рукі» Расеі. Ваенныя і заўзятыя нацыяналісты спадзяюцца, што ўкраінскі крызіс стане каталізатарам для таго, каб Расея зноў пачала дзейнічаць у адзіночку як звышдзяржава.


Але больш лібэральныя колы ў Расеі, у тым ліку многія топ-мэнэджэры, эканамісты і дыпляматы, хочуць пазьбегнуць разрыву з Захадам.

У мінулыя выходныя Пуцін выкарыстаў абедзьве «сьцежкі» сваёй дваістай палітыкі. У суботу, празь некалькі гадзін пасьля артабстрэлу расейскага памежнага паста з тэрыторыі Ўкраіны, Пуцін прывёў войска ў стан баявой гатоўнасьці і абвясьціў аб раптоўных вучэньнях з удзелам каля 65 тыс. вайскоўцаў.

Але ў суботу ён таксама распаўсюдзіў заяву ў падтрымку мірнага пляну і нават заклікаў абодва бакі спыніць баявыя дзеяньні. Аднак разам з тым Пуцін раскрытыкаваў працяг вайсковых апэрацый украінскага войска насуперак аднабаковаму спыненьню агню, абвешчанага Кіевам.

Хоць расейскія, украінскія і эўрапейскія афіцыйныя асобы правялі прыкладна 8 раўндаў дыскусій аб мірным пляне, Масква афіцыйна дыстанцуецца ад мэханізмаў яго ажыцьцяўленьня.

Financial Times Пуцін спрабуе прымірыць патрыятызм з палітыкай на Украіне

У той час, як канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, мяркуючы па ўсім, набліжаецца да разьвязкі, Масква падвышае стаўкі.

Чальцы дабраахвотнага батальёну "Данбас"



З аднаго боку, Уладзімір Пуцін абмяркоўвае шляхі палітычнага вырашэньня сытуацыі, дэманструючы прыкметы прагматызму, якія абнадзейваюць.

Зь іншага — Украіна і міжнародныя назіральнікі сьцьвяржаюць, што Расея працягвае забясьпечваць паўстанцаў цяжкімі ўзбраеньнямі і адмяняе адвод войскаў ад мяжы. На Захадзе лічаць, што Расея дамагаецца канчатковага расколу Ўкраіны. На самай справе, карціна значна больш складаная, сьцьвярджаюць маскоўскія інсайдэры. «Верыць у тое, што Расея рыхтуецца да ваеннага ўварваньня, значыць, недаацэньваць інтэлектуальныя якасьці Пуціна, — мяркуе дырэктар маскоўскага Цэнтру Карнэгі Дзьмітры Трэнін. — У адрозьненьне ад таго, як гэта выглядае збоку, ёсьць верагоднасьць, што жаданьні Пуціна і Парашэнкі перасякуцца. Яны набліжаюцца да пагадненьня». Парашэнка выступае супраць фэдэралізацыі Ўкраіны, але яго прапановы па дэцэнтралізацыі ўлады могуць задаволіць расейскага прэзыдэнта.

Што тычыцца сэпаратыстаў, то яны «выконваюць для Масквы сваю функцыю, ня больш за тое», лічыць Трэнін.

У той жа час, скарыстаўшыся падзеямі на Ўкраіне для абуджэньня патрыятычных пачуцьцяў, Пуцін ня можа дазволіць сабе заняць залішне прымірэнчую пазыцыю. Яго палымяная рыторыка пасяліла ў нацыяналістаў надзею на тое, што пасьля Крыму ён «верне» Ўсходнюю Ўкраіну. Не дачакаўшыся ўварваньня, некаторыя ўльтраправыя і леварадыкальныя ідэолягі пачынаюць крытыкаваць лідэра краіны.

Цяпер Пуцін здраджвае ня толькі ДНР і ЛНР, ён здраджвае самому сябе, Расеі, ўсім нам, — напісаў на мінулым тыдні ў Facebook філёзаф Аляксандар Дугін.

На думку былога прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава, расейскі прэзыдэнт спрабуе выканаць «складаны эквілібрыстычны трук»: ня ўводзячы войскі ва Ўкраіну, паказаць, што Расея ня кінула рускамоўных жыхароў яе ўсходніх абласьцей.


Гульня набліжаецца да канца, і галоўная задача Пуціна — мінімізаваць палітычныя страты і захаваць твар — мяркуе Касьянаў.

Die Zeit


Час уводзіць трэцюю ступень санкцый супраць Расеі .

Узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны працягвае абвастрацца. На сёньня, па дадзеных ААН, у выніку баявых дзеяньняў загінулі 356 чалавек. Апагеем канфлікту стаў зьбіты 14 чэрвеня транспартны самалёт Узброеных сілаў Украіны, на борце якога знаходзіліся 49 чалавек. Акрамя вайскоўцаў украінскай арміі і чальцоў нерэгулярных воінскіх аддзелаў, расьце колькасьць ахвяраў і сярод грамадзянскага насельніцтва. Згодна з дакладам дэлегацыі ўпраўленьня вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, «у раёнах самаабвешчаных Луганскай і Данецкай «народных рэспублік» выкраданьні людзей, катаваньні і забойствы ўжываюцца ня толькі ў адносінах да журналістаў, дзяржслужбоўцаў і актывістаў, але і да шырокіх слаёў насельніцтва.

Салдаты ДНР



З павелічэньнем тэрміну баявых дзеяньняў зьніжаецца верагоднасьць таго, што варагуючыя бакі змогуць прыйсьці да мірнага вырашэньня канфлікту. І хоць расейскае кіраўніцтва адмаўляе свой уплыў на паўстанцаў, яно ўсё роўна ў значнай меры спрыяе абвастрэньню канфлікту ўскосным чынам: у прыватнасьці, Расея дапускае фармаваньне на сваёй тэрыторыі аддзелаў добраахвотнікаў, якія бесьперашкодна перасякаюць расейска-ўкраінскую мяжу. Таксама існуюць здагадкі, што Расея аказвае паўстанцам і прамую падтрымку.

Лідэры сэпаратыстаў прэм’ер-міністр ДНР Аляксандр Барадай і старшыня Вярхоўнага савету Дзяніс Пушылін падтрымліваюць непасрэдныя кантакты з Масквой. Згодна зь іх сьцьвяржэньнямі, якія, праўда, немагчыма праверыць, іх кантактным тварам і памочнікам у Крамлі зьяўляецца ніхто іншы, як уплывовы супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Уладзіслаў Суркоў.

На працягу некалькіх апошніх тыдняў Расея спрабуе з дапамогай шэрагу тактычных хадоў зрабіць уражаньне, што яна гатовая садзейнічаць ўрэгуляваньню сытуацыі ва Ўкраіне. Аднак агульная карціна сьведчыць аб тым, што за гэтай тактыкай хаваецца стратэгія доўгатэрміновай дэстабілізацыі абстаноўкі на ўсходзе Ўкраіны. Расейскія ўлады прызналі новага ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнку, але ён ня можа пачаць правядзеньне рэформаў, пакуль ўсходняя частка краіны фактычна знаходзіцца ў стане вайны.

Пятро Парашэнка наведвае Данбас



Тэрміновае ўвядзеньне дадатковых санкцый супраць Расеі — так званай трэцяй ступені санкцый — неабходнае ня толькі для таго, каб прадэманстраваць Расеі, што яе паводзіны абернуцца значнымі стратамі для краіны і кіраўніцтва, але і каб паказаць ёй адзінства ў шэрагах Эўразьвязу, адносна чаго ў Расеі ёсьць значныя сумневы.

Агляд друку падрыхтаваны па матэрыялах парталу Inopressa