У Мытным саюзе ад Украіны будзе абараняцца адна Расея

Уладзімер Пуцін

Пасьля таго як Украіна падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, урад Расеі прыме рашэньне пра абарону свайго рынку.

«Гэта значыць, у нас ёсьць цяпер магчымасьць прымяняць меры мытна-тарыфнага рэгуляваньня на ўзроўні рашэньняў ураду Расеі. Нам цяпер ужо для гэтага рашэньня „на траіх“ ня трэба. Паводле той нарматыўнай базы, якая існуе ў нас цяпер у Адзінай эканамічнай прасторы, пасьля таго як матэрыял сёньня разглядаўся на радзе Эўразійскай эканамічнай камісіі, у Расеі зьяўляецца права прыняць рашэньне на нацыянальным узроўні», — заявіў першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў.

Паводле Шувалава, на пасяджэньні рады Эўразійскай эканамічнай камісіі 23 чэрвеня разглядалася, сярод іншага, пытаньне магчымага прымяненьня дадатку 6 да дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў СНД у сувязі з магчымым падпісаньнем Украінай пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. Гэты дадатак дазваляе ўжываць унутры зоны свабоднага гандлю ненулявую стаўку мыта адносна краін, якія заключылі падобнае пагадненьне зь іншымі дзяржавамі, калі гэта прывяло да істотнага росту імпарту праз «скрыжаваньне» зонаў вольнага гандлю. Пры гэтым стаўкі мыта, якое ўводзіцца, ня могуць быць вышэйшымі за абавязаньні паводле УГА, перадае Інтэрфакс.

Камэнтуючы сытуацыю, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію карэспандэнту Свабоды адзначыў, што Шувалаў — «гэта ня той чалавек, які прымае рашэньні і можа проста пужаць».

Яраслаў Раманчук

«Лёгіка Мытнага саюзу зыходзіць з таго, што ўсе краіны падпісваюць аднолькавыя рэчы. І калі, напрыклад, Беларусь альбо Казахстан адмовяцца, то гэта ня можа быць падставай для ўвядзеньня ў Расеі. Але калі Расея так зробіць, то, па сутнасьці, скажа, што нам напляваць на гэты Мытны саюз, мы будзем рабіць тое, што захочам, і апроч гарачай вайны працягваць і гандлёвую вайну супраць Украіны».

Карэспандэнт: «Ці пойдзе Беларусь на такія ж захады адносна Ўкраіны, як і Расея?»

Раманчук:«Беларусь можа пайсьці. Але, як вынікае з практыкі, можа мець свой пункт гледжаньня на гэтае пытаньне. І большасьць тых рэчаў, якія Расея будзе ўводзіць супраць украінскіх фірмаў, Беларусь ня будзе прымаць, як гэта было, напрыклад, з «Рашэнам». Таму Расея будзе ў аднабаковым рэжыме гэта ўводзіць, і гэта будзе адным з пунктаў рознагалосьсяў паміж Беларусьсю і Расеяй. І калі гэта будзе, Расея будзе глядзець за Беларусьсю, каб тая ня стала краінай перавалкі ўкраінскіх тавараў на тэрыторыю Расеі. Таксама ёсьць такая пагроза, таму на мяжы зь Беларусьсю могуць увесьці мабільныя мытныя пасты».

Карэспандэнт: «То бок Беларусі і Казахстану нявыгадна ўводзіць нейкую абарону супраць Украіны?»

Раманчук
: «Безумоўна, нявыгадна. Яны разумеюць, што гэта не таму, што ўкраінскія тавары дрэнныя. А таму што Расея хоча весьці маштабную вайну супраць Украіны. І Назарабаеву, і Лукашэнку гэта не да твару і ня ў іхніх інтарэсах».