Пісьменьнікі ўсклалі кветкі на магіле Быкава. «Ён быў мацнейшы за свой лёс» — адзначыў Вярцінскі

  • БелаПАН
22 чэрвеня у гадавіну сьмерці народнага пісьменьніка Васіля Быкава (1924–2003) беларускія літаратары ўсклалі кветкі на яго магілу на Ўсходніх (Маскоўскіх) могілках у Менску.

Аддаць даніну памяці Быкаву прыйшлі каля 20 чалавек, у тым ліку старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка), паэт, публіцыст і драматург Анатоль Вярцінскі, паэт і перакладнік Усевалад Сьцебурака, перакладчык Валеры Стралко, паэтэса Віка Трэнас, а таксама ўдава Быкава Ірына Міхайлаўна.

«Кожны год ў дзень сьмерці пісьменьніка да яго магілы прыходзіць усё менш людзей, — заявіў Пятровіч. — Гэты год быў, можа быць, асабліва цяжкім для нас. Ня стала самых блізкіх сяброў Васіля Уладзіміравіча: Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Мы таксама страцілі яго блізкіх сяброў Анатоля Кудраўца і Давіда Сімановіча».


Анатоль Вярцінскі адзначыў, што чалавечы, грамадзянскі і творчы лёс Быкава склаўся драматычна і ён заўсёды лічыў сябе пэсымістам. «Аднак Быкаў гаварыў, што глядзіць ў будучыню аптымістычна. Ён зьяўляецца прыкладам шчасьлівага чалавека. Ён блізка прымаў лёс свайго народа, у дзень свайго 75-годзьдзя (у 1999 годзе. — БелаПАН.) гаварыў, што яго самае вялікае жаданьне — каб Беларусь была свабоднай і незалежнай. Ён быў мацнейшы за свой лёс і разумнейшы за тых, хто спрабаваў дыктаваць яму, як пісаць», — заявіў Вярцінскі.