«Мы што, прыгонныя? Нам патрэбен выбар!» — мянчук пра квоту на імпартныя тавары

Your browser doesn’t support HTML5

Кіраўнік ураду краіны і Менгарвыканкам загадалі, каб 85% спажывецкага рынку былі напоўненыя таварамі айчыннай вытворчасьці. Але гандлёвая сетка не гатовая да імпартазамяшчэньня, а беларускія спажыўцы хочуць мець магчымасьць выбару.

Кіраўніцтва краіны патрабуе, каб пераважная колькасьць тавараў беларускіх вытворцаў была ня толькі ў сыстэме дзяржаўнага, але і прыватнага гандлю, а таксама ў аб’ектах грамадзкага харчаваньня. Як да такой ідэі ставяцца спажыўцы, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску:

Спадарыня: «Станоўча. Беларускія тавары мне вельмі падабаюцца і паводле якасьці, і мадэлі добрыя. Я люблю беларускае, я жыву тут і люблю ўсё беларускае».

Спадар: «Я, у прынцыпе, за беларускія тавары, але няхай бы было менш за 85%, каб дзе-небудзь 60–70%. Усё ж мне беларускае падабаецца часткова, вытворчасьць трэба яшчэ падцягваць».

Спадарыня: «Нашы айчынныя тавары, яны... Прыходжу я, жанчына, выбіраць, а ўсё шэрае і чорнае».

Спадар: «Айчынныя тавары, нашы беларускія, канечне, лепшыя. Але паводле коштаў... На базары па коштах замежныя тавары таньнейшыя. А ў крамах — надта не разгонісься».

Спадарыня: «Я думаю, што беларускі тавар добры, і я часта сьвядома выбіраю беларускі. Але ў нас павінен быць выбар: калі мы будзем выбіраць паміж беларускім і замежным таварам, то беларускі павінны быць больш якасны, і тады мы будзем яго выбіраць. У нас павінна быць права выбару. Я думаю, што такая ідэя кіраўніцтва накіраваная на падтрымку нашай эканомікі, але я ня думаю, што гэта добры плян разьвіцьця эканомікі».

Спадар: «Прабачце, мы што, прыгонныя і абавязаныя набываць тое, што нас прымушаюць? Тое, што ўдвая даражэйшае і горшае ўдвая? Я з гэтым ня згодны».

Каб перайсьці на гандаль беларускімі таварамі, айчынная вытворчасьць павінна быць падрыхтаваная замяніць імпарт, кажуць гандляры аддзелу электратавараў у адной зь менскіх крамаў. 85% імпартазамяшчэньня сёньня — задача невырашальная. Акрамя таго, пакупнікі выбіраюць больш танны і якасны замежны тавар, кажуць яны:

Прадавачка: «Калі няма замены, то як тады? Як, да прыкладу, па нашай электрыцы, то замены няма на многія тавары. Да прыкладу, элемэнты сілкаваньня — беларускія ўвогуле не выпускаюцца. Таксама электразапальнічкі — вельмі добра прадаваліся, але зьнятыя з вытворчасьці. Сьвяцільнікі ўвогуле не вырабляюцца, кіпяцільнікі — тры гады як зьнятыя з вытворчасьці. Расьсейвальнікі — наш Барысаўскі шклозавод вырабляў — гады чатыры ўжо не вырабляе. Ну вось як?»

Прадавец: «Кошты таксама на беларускі тавар... Да прыкладу, тая ж самая разэтка мае адну цану, прыходзіць турэцкая — удвая таньнейшая. Вось гэты цэнавы фактар таксама вельмі важны. Я ня ведаю, чаму так: што з Турцыі прывезьці і вырабіць тут — сыравіна ў нас даражэйшая, ці што — ня ведаю. Але на некаторыя імпартныя тавары кошты ніжэйшыя, чым на беларускія, і выгляд у іх больш эстэтычны».

Прадавачка: «Трэба, каб выпуск тавараў замяняў імпарт, тады будзе 85%. Трэба, каб прадпрыемствам дапамаглі разьвівацца. Ня будзе дапамогі вытворчасьці — ня будзе нічога. Мы б з задавальненьнем сваім таварам гандлявалі, каб і мы зараблялі, каб і людзі жылі».

Паводле кіраўніцы ўправы гандлю Менгарвыканкаму Ніны Емяльянавай, на сёньня сярэдняя напаўняльнасьць менскіх крамаў таварамі беларускай вытворчасьці складае каля 40%. Аднак чыноўніца мяркуе, што айчынная вытворчасьць здольная забясьпечыць 85% рынку і што гэтая задача — у інтарэсах пакупнікоў:

«
У нас усё практычна вырабляецца і расьце, толькі бананы не растуць, апэльсіны і кава. А на тую прадукцыю, якой няма, 15% цалкам дастаткова
Гатовыя нашы прадпрыемствы, чаму не? У нас усё практычна вырабляецца і расьце, толькі бананы не растуць, апэльсіны і кава. А на тую прадукцыю, якой няма, 15% цалкам дастаткова. Але ня ўсе гандлёвыя прадпрыемствы ідуць насустрач нашым беларускім вытворцам і не спаўна, так бы мовіць, выкладваюць беларускую прадукцыю на прылаўкі. А для нас галоўнае — задаволенасьць насельніцтва. Ніхто з насельніцтва ня скардзіўся на якасьць нашай беларускай прадукцыі. Ніводнай скаргі на тое, што я зьеў нясмачную каўбасу, ці набыў дрэнную куртку ці плашч, — ніводнай скаргі на якасьць нашай беларускай прадукцыі сюды да нас у Менгарвыканкам не паступае».

Чарговую кампанію імпартазамяшчэньня эканаміст Міхась Залескі называе перажыткам савецкай мінуўшчыны:

«Намі кіруюць камуністы, якія ідуць ад лічбы. У нас зараз складзкія запасы — 85% ад месячнага выпуску. А яны хочуць, каб 85% айчынных тавараў былі на паліцах крамаў. Але гэтыя 85 і 85 амаль ніяк не перасякаюцца: адно ляжыць на складах, а другое — на паліцах крамаў. Трэба нарэшце высьветліць, што мы робім лепш за ўсіх у сьвеце, альбо што мы можам рабіць лепш за ўсіх, і рабіць менавіта гэта, каб яно са сьвістам ішло на зьнешнія рынкі. А мы б маглі зарабляць гэтулькі, каб набыць усё, што нам патрэбнае, з таго, што лепшае вырабляецца ў сьвеце іншымі. Ну, а можна рабіць старым парадкам — усё вырабляць саматугам, як сяляне, якія мелі натуральную гаспадарку. І вось гэтыя ваганьні паміж першабытным ладам і камунізмам у нашых начальнікаў і даюць такі эфэкт».