Чырвоную стужку музэю Быкава рэзалі Сьвятлоў і Чаргінец

Your browser doesn’t support HTML5


У дзень 90-годзьдзя Васіля Быкава ў дачным пасёлку Ждановічы-6 пад Менскам адкрыўся музэй народнага пісьменьніка.

Дакладней, музэем ад сёньня стала лецішча Васіля Быкава і ягонай жонкі Ірыны Міхайлаўны, якое ўдава пісьменьніка два гады таму перадала дзяржаве. На афіцыйным адкрыцьця музэя выступілі міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў, кіраўнік праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец, іншыя. Але на ўрачыстасьцях не было Ірыны Міхайлаўны. Не было сыноў народнага пісьменьніка Сяргея і Васіля, не было і ягоных сяброў з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.


Два гады таму ўдава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна вырашыла перадаць лецішча, што знаходзіцца ў дачным пасёлку Ждановічы-6, пад музэй — ва ўласнасьць дзяржавы. 27 ліпеня 2012 года прынятая адпаведная пастанова ўраду, стварэньнем музэю асабіста апекаваўся тагачасны міністар культуры Павал Латушка.

Само лецішча было пабудавана ў 1983 годзе. На участку — сапраўдны бярозавы гай, 37 бяроз. Калі Быкаву давалі гэты ўчастак, была ўмова — дрэвы не высякаць. Двухпавярховы цагляны дамок па цяперашніх мерках выглядае даволі сьціпла. На першым паверсе — гасьціная зь вялікім сталом, кухня: на сьценах морква, кавуны, цыбуля, ягады, намаляваныя самім Васілём Быкавым. На другім паверсе — маленечкі кабінэт, мансарда, дзе любіў працаваць Быкаў. На працоўным стале — часопіс «Новы мір», фарбы, пэнзалі. Фотаздымкі і малюнкі на сьценах.


Канечне, для паўнавартаснага мэмарыяльнага музэя месца там мала. Агульная плошча дома разам з гаражом, мансардай — 96 квадратных мэтраў. Па просьбе Ірыны Міхайлаўны працоўны кабінэт пісьменьніка і гасьціная застануцца некранутымі, такімі, якімі былі пры жыцьці Васіля Быкава. На дакумэнтальныя экспазыцыі месца застаецца зусім няшмат, жыцьцё і творчасьць будзе паказана толькі асобнымі штрыхамі...


На адкрыцьцё музэю прыехаў міністар культуры Барыс Сьвятлоў, ягоны намесьнік Васіль Чэрнік, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргтнец. Было шмат музэйных работнікаў, у тым ліку і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэя Ўладзімер Пракапцоў, дырэктар музэю гісторыі літаратуры Лідзія Макарэвіч. Шчыра казаў міністар Сьвятлоў, Чаргінец перадаў у дар музэю дзясятак лістоў, якія Васіль Быкаў пісаў яму ў Аўганістан і фотаздымкі. Дзяўчаты — вядоўцы імпрэзы чыталі шмат вершаў Рыгора Барадуліна, прысьвечаных Быкаву. У двары, пасьля ўрачыстасьцяў, акторы Купалаўскага чыталі ўрыўкі з твораў Быкава. На мансардзе гасьцей частавалі гарэлкай «Бульбашъ» і бутэрбродамі з салам — казалі, што Васіль Быкаў быў надзвычай гасьцінным чалавекам...



Але на ўрачыстасьцях не было галоўнага чалавека, дзякуючы якому адкрыўся гэты музэй — Ірыны Міхайлаўны, якая перадала дзяржаве ўласнае лецішча дзеля памяці Васіля Быкава. Перад пачаткам імпрэзы яна зьехала з лецішча з пісьменьнікам Барысам Пятровічам. Не было сыноў. Не было пісьменьнікаў — сяброў Быкава з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.


Дый ўвогуле, на дзяржаўным узроўні адкрыцьцё музэю было, бадай, адзіным мерапрыемствам. Ніякіх іншых урачыстасьцяў не заплянавана. Дагэтуль ні ў сталіцы, ні ў Горадні няма вуліцы Быкава, нягледзячы на тое, што грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» сабрала 105 тысяч подпісаў. Улады фактычна праігнаравалі 90-годзьдзе народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава.