ААН: страх і бязладзьдзе на ўсходзе Ўкраіны

На першым пляне – Рэчэл Дэнбэр

Экспэрты ААН з трывогай канстатуюць пашырэньне супрацьстаяньня ў Луганскай і Данецкай абласьцях Украіны.
Упраўленьне ААН у правах чалавека апублікавала справаздачу сваёй маніторынгавай групы з 34 чалавек аб гуманітарнай сытуацыі ва Ўкраіне. Дакумэнт ахоплівае пэрыяд з 7 траўня па 7 чэрвеня, які адзначыўся ўзмацненьнем баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны і наступам на правы ўкраінамоўнай часткі насельніцтва Крыму. Асобны разьдзел справаздачы тычыцца расьсьледаваньня трагічных травеньскіх падзей у Адэсе.

Зь сярэдзіны красавіка ва Ўкраіне былі забітыя 356 чалавек, зь іх 257 цывільных асоб і 86 украінскіх вайскоўцаў, паведаміў журналістам на прэзэнтацыі справаздачы высокапастаўлены прадстаўнік ААН Джані Магацені. Дакумэнт канстатуе разрастаньне збройнага супрацьстаяньня на ўсходзе Ўкраіны, удзел у ім жыхароў Чачні і іншых рэспублік Каўказу, што прызнаюць самі паўстанцы. Паводле Магацені, «у Данецкай і Луганскай абласьцях надышоў хаос, там сёньня кіруе калі не тэрор, дык страх». Вядомыя выпадкі, калі сэпаратысты без усялякіх падстаў адкрывалі па мірных грамадзянах агонь каля блёкпостаў, ці калі яны без суду пакаралі сьмерцю сваіх таварышаў, калі тыя адмаўляліся ваяваць.

Па стане на 6 чэрвеня ўкраінскія сацыяльныя службы ідэнтыфікавалі ў краіне 12 тысяч 700 вымушаных мігрантаў. Аднак, на думку назіральнікаў ААН, уцекачоў ад баявых дзеяньняў і тэрору ў Данецку і Луганску насамрэч больш, і іх колькасьць павялічваецца штодня. Іншае ведамства ААН, якое займаецца справамі ўцекачоў, паведамляе, што ад пачатку канфлікту 34 тысячы чалавек апынуліся на становішчы перамешчаных асоб. У асноўным гэта тыя ўкраінцы-крымчане, якія не захацелі прыняць расейскае грамадзянства, за што падвергліся ўціскам і дыскрымінацыі і пакінулі родныя мясьціны.

У дакладзе адзначаюцца вялікія складанасьці, зь якімі сутыкаюцца супрацоўнікі СМІ пры выкананьні свайго прафэсійнага абавязку. Гэта датычыцца, у першую чаргу, усходу краіны, дзе сама фізычная бясьпека журналістаў стала праблематычнай. Вялікую занепакоенасьць назіральнікаў выклікаюць плыні нянавісьці, якія перапаўняюць сацыяльныя сеткі ва Ўкраіне і пагаршаюць раскол у грамадзтве. На просьбу Радыё Свабода справаздачу Вярхоўнага камісарыяту ААН пракамэнтавала экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Рэчэл Дэнбэр:

«Тут і там я чую пытаньні, з чыёй пазыцыяй салідарызуецца справаздача ААН – з урадавай або з антыўрадавай. Я магу сказаць, што гэтае пытаньне некарэктнае. Задача ААН – быць бесстароньняй, а не займаць чый-небудзь бок у канфлікце. Прыцягваць увагу да парушэньняў правоў чалавека, хто б іх ні зьдзяйсьняў, і патрабаваць прыцягненьня вінаватых да адказу. Як бы там ні было, назіральнікі не маглі прайсьці міма таго, што выкраданьні, вымагальніцтва, затрыманьні, зьбіцьцё, а часам катаваньні і забойствы, якія чыняць антыўрадавыя сілы, глыбока азмрочваюць існаваньне ўсяго насельніцтва Данецку і Луганску, хоць, вядома, асноўнымі аб'ектамі запалохваньня застаюцца грамадзкія актывісты, работнікі сродкаў інфармацыі, выбарчых камісій, органаў улады і кіраваньня».

Як пішуць аўтары справаздачы, на працягу тыдня, які папярэднічаў выбарам прэзыдэнта, у абедзьвюх абласьцях штодня адбываліся акты гвалту, якія толькі пачасьціліся ў дзень галасаваньня. Ўзброеныя асобы ўрываліся на выбарчыя ўчасткі, пагражалі іх служачым, часам зьбівалі або выкрадалі іх. Налётчыкі таксама забіралі кампутары, сьпісы выбаршчыкаў, скрыні зь бюлетэнямі. Цэлы шэраг участкаў вымушана зачыніліся, і многія выбаршчыкі, такім чынам, былі фактычна пазбаўлены права голасу.

Аўтары таксама выказваюць занепакоенасьць тым, што ўкраінскае войска часам адступае ад міжнародных нормаў вядзеньня вайны.

«Калі казаць пра тое, як урад пераступае закон, дык справаздача ААН пералічвае выпадкі парушэньня правоў асоб, якія падвергліся затрыманьню, у тым ліку супрацоўнікаў расейскіх СМІ, а таксама зьнікненьня людзей у ходзе антытэрарыстычнай апэрацыі, – працягвае Рэчэл Дэнбэр. – Аўтары таксама выказваюць занепакоенасьць тым, што ўкраінская армія часам адступае ад міжнародных нормаў вядзеньня вайны і выкарыстоўвае сілу бязадрасна, што прыводзіць да нявінных ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва і матэрыяльных стратаў».

Рэчэл Дэнбэр таксама пракамэнтавала разьдзел справаздачы, прысьвечаны расьсьледаваньню падзеяў 2 траўня ў Адэсе. «У чым праваабарончая супольнасьць вінаваціць улады Ўкраіны ў пляне расьсьледаваньня адэскай трагедыі? У тым, што ні МУС, ні дзяржбясьпека ў сталіцы ці на месцы здарэньня не інфармуюць праваабаронцаў пра сьледчыя дзеяньні. Тым самым у грамадзкасьці адымаюць магчымасьць незалежна ацэньваць ход расьсьледаваньня. Мы да гэтага часу ня ведаем прычынаў бязьдзейнасьці або пасіўнасьці органаў правапарадку і пажарных; ня ведаем, хто вінаваты ў забойствах, учыненых 2 траўня, і ў падпале Дому прафсаюзаў, які здарыўся ўвечары; ня ведаем, ці выконваюць улады права пацярпелых у інцыдэнце і правы арыштаваных у гэтай справе. Назіральнікі ААН і праваабарончая супольнасьць у цэлым былі непрыемна зьдзіўленыя, калі ўлады адразу па сьлядах трагедыі ўсклалі ўсю віну за сутыкненьні і гібель людзей на натоўп праціўнікаў кіеўскага ўраду, зьняўшы ўсякую адказнасьць са сваіх прыхільнікаў», – адзначае Рэчэл Дэнбэр.

ААН не прызнае анэксіі Крыму, і таму асьвятленьне стану правоў чалавека на паўвостраве таксама ўваходзіла ў мандат маніторынгавай групы. За справаздачны пэрыяд агульная сытуацыя з грамадзянскімі свабодамі ў Крыме (свабодай слова, мірных сходаў, аб'яднаньняў, веравызнаньня) прыкметна пагоршылася, сказала Рэчэл Дэнбэр з Human Rights Watch. Так званыя «праўкраінскі элемэнты» сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у навучальных установах і на працы. Кіраўнікі і актывісты карэннага крымска-татарскага насельніцтва адчуваюць перасьлед і ўціск сваіх культурна-нацыянальных правоў.