«Быкаў гаворыць праўду, якую многія нашы чыноўнікі ня хочуць ведаць»

Your browser doesn’t support HTML5

Апытаньне ў Менску: Як варта ўшанаваць памяць Васіля Быкава

На месцы зафарбаванага партрэта Васіля Быкава на трансфарматарнай будцы на праспэкце Незалежнасьці ў Менску зьявіўся надпіс «Тут быў Васіль Быкаў». Многія мясцовыя жыхары асуджаюць улады і кажуць, што даўно пара годна ўшанаваць памяць народнага пісьменьніка Беларусі.
У менскім двары зь вядомай трансфарматарнай будкай па-ранейшаму валяюцца пустыя пляшкі і параскіданае сьмецьце. На гэткім тле сьвежая фарба на трансфарматарнай будцы асабліва заўважная. Што азначае надпіс «Тут быў Васіль Быкаў», пытаюся ў мясцовых жыхароў:

Карэспандэнтка: «Бачым, што на сьцяне напісана „Тут быў Васіль Быкаў“. Хто такі Васіль Быкаў і чаму ён тут быў?»

Спадарыня: «Васіль Быкаў — беларускі пісьменьнік, а чаму ён тут быў — ня ведаю. А вы, калі журналіст, ідзіце ў двор і паглядзіце, што там робіцца. Цэнтар гораду, цэнтар нашай сталіцы, вось мы зь дзіцем выйшлі, а ў двары бруд, п’янкі заўсёдныя. Зьвяртаемся ў ЖЭС, але выніку нуль».

Спадарыня: «Я чытала ў інтэрнэце, што моладзь малявала партрэт Васіля Быкава, але камунальнікі яго зафарбавалі. Я супраць гэтага і вельмі нэгатыўна да гэтага стаўлюся. Навошта яны зафарбавалі? Гэта добра, што моладзь гэтак хацела ўшанаваць ягоную памяць».

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, ці дастаткова ўшанаваная памяць пісьменьніка?»

Спадарыня: «Не. Я ўвогуле лічу, што беларусы мала цікавяцца сваёй гісторыяй, культурай і мовай і ўсё гэта вельмі трагічна».

Карэспандэнтка: «Што вы думаеце пра гісторыю з партрэтам Васіля Быкава і гэтым надпісам?»

Спадар: «Ну, моладзь заўсёды рэвалюцыйная, і ад гэтага нікуды ня дзенесься. Гэтак ва ўсіх краінах. І меркаваньні розныя, і ня толькі сярод моладзі, але і ў старых. Васіль Быкаў — беларускі пісьменьнік і яго цяпер усяляк расхвальваюць, бо ён у часы беларускага нацыяналізму падтрымліваў іх. Але як савецкі пісьменьнік ён быў вельмі добры і атрымліваў шмат прэміяў, ордэнаў і мэдалёў, напісаў шмат добрых кніг. Як пісьменьнік ён цудоўны, я тут нічога дрэннага сказаць не магу. Але за тое, што падтрымліваў нацыяналістаў беларускіх, то я яго не прымаю».

Карэспандэнтка: «А ці трэба ўшанаваць ягоную памяць?»

Спадар: «Ну канечне, трэба. У кожнага свая думка, але ягоныя заслугі ў літаратуры неаспрэчныя. Можна назваць вуліцу ягоным імем, можна назваць плошчу, якой-небудзь школе даць ягонае імя. Урэшце — у Акадэміі навук можна павесіць мэмарыяльную дошку. Цалкам заслужана».

Быкава ведаюць усе


Пра патрэбу годнага ўшанаваньня памяці народнага пісьменьніка Беларусі казалі і іншыя менскія мінакі. Ня ўсе здолелі назваць творы, якія напісаў Васіль Быкаў, але ніводзін з маіх выпадковых суразмоўцаў не сказаў, што ня ведае, хто ён такі:

Карэспандэнтка: «Сёньня 90 год Васілю Быкаву. Хто такі Васіль Быкаў, ведаеце?»

Юнак: «Так, канечне, беларускі пісьменьнік».

Карэспандэнтка: «Што ён напісаў?»

Юнак: «Так адразу не ўзгадаю, але ведаю, што вялікія творы пра вайну, пра радзіму, пра каханьне таксама пісаў. Папраўдзе, ня памятаю — даўно ўжо школа была».

Спадарыня: «Канечне, памятаю. Васіль Быкаў — вядомы беларускі пісьменьнік. Я неяк нават бачыла яго аднойчы ў тралейбусе гадоў дваццаць таму. Яму павінны паставіць помнік, назваць ягоным імем вуліцу. Я ўчора прачытала ў „Народнай Волі“, што адкрываюць музэй Васіля Быкава каля Менску. Але дзе ён, як знайсьці? Хацелася б больш інфармацыі і пра музэй, і пра самога пісьменьніка і на тэлебачаньні, і на радыё, і ў прэсе».

Карэспандэнтка: «Чаму гэтага няма, як вы лічыце?»

Спадарыня: «А ён гаворыць праўду, якую многія нашы чыноўнікі ня хочуць ведаць».

Карэспандэнтка: «Сёньня 90 гадоў Васілю Быкаву. Хто гэта?»

Спадар: «Пісьменьнік. Народны пісьменьнік Беларусі».

Карэспандэнтка: «Што ён пісаў?»

Спадар: «Магу сказаць, што вершы ён дакладна не пісаў. Пісаў пра вайну, якую ён сам прайшоў, дзе сам ваяваў».

Карэспандэнтка: «Ці годна ўшанаваная ягоная памяць?»

Спадар: «Не, канечне. Хто ведае Васіля Быкава? Гэта мы яшчэ — старыя, хворыя, памятаем яго, а больш ніхто. А нашай уладзе не цікавыя людзі такога палёту. Тут усё павінна быць зьнівэлявана да сярэдняга ўзроўню, а лепш — ніжэй за плінтус».

Карэспандэнтка: «А як павінна быць ушанавана?»

Спадар: «А вось гэта складанае пытаньне — нават ня ведаю. Як на мяне, дык найлепш было б, каб больш чыталі ягоныя творы. Гэта было б найлепшым помнікам пісьменьніку».

Сёй-той з апытаных мінакоў узгадваў таксама, што сёньня пісьменьніку спаўняецца 90 гадоў. А некаторыя казалі шмат добрых слоў на адрас Васіля Быкава, але толькі пры выключаным мікрафоне.