Быкаў: Беларусь ня зьнікне, калі не скарыцца чужой сіле

Васіль Быкаў. Фота Яўгена Коктыша.

Я спыніў аўтамабіль ля знаёмага пад’езду чырвонага дому на Танкавай. Васіль Уладзімеравіч выйшаў з машыны. Вылез з-за руля і я, разумеючы, што давядзецца зрабіць не адну “ходку” на дзевяты паверх, бо ўсе падараваныя яму кветкі нават удвух адразу мы не зьнясем.
— Ня трэба, Сярожа, – сказаў Васіль Уладзімеравіч і ўзяў невялікі букецік. – Я вось гэта занясу Ірыне Міхайлаўне. Не люблю, калі ў старых людзей кватэра застаўлена кветкамі, як на пахаваньні.

— А што мне рабіць з усім гэтым? – усё задняе сядзеньне аж да даху было ўтрамбавана букетамі, былі яны і ў багажніку.

— Завязіце сваёй Галі.

— Васіль Уладзімеравіч, кветкі ж Вам, гэта не нармальна.

— Гэта нармальна.

Так вось і атрымалася, што апошнія тыдні чэрвеня 1994-га (пік выбарчай кампаніі Пазьняка) нашая кватэрка ва Ўруччы ўся была застаўленая «быкаўскімі» кветкамі.

Васіль Быкаў у часе сьвяткаваньня ягонага 70годзьдзя. Менск, сквер Янкі Купалы, чэрвень 1994. Фота Сяргея Навумчыка.



А той дзень свайго 70-гадовага юбілею Васіль Уладзімеравіч правёў разам з камандай Пазьняка. Ён адмовіўся ад афіцыёзу, наведаўшы толькі адмысловую выставу ў літаратурным музэі па Багдановіча. Потым было віншаваньня ў сквэры Янкі Купалы. Для юбіляра адмыслова паставілі крэсла, але ён застаўся стаяць. Выступіў каротка, і сярод сваіх самых галоўных жаданьняў назваў - «каб прэзыдэнтам Беларусі быў абраны Зянон Станіслававіч Пазьняк». А ўвечары сабраліся ўжо ў штаб-кватэры БНФ на Варвашэні, у вузкім коле. Праўда, «вузкім» гэтае кола можа назваць умоўна: сабралася чалавек сто – Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Валянцін Грыцкевіч, Артур Вольскі, канешне, Зянон Пазьняк, сябры Сойму, дэпутацкай апазыцыі і Ценевага кабінэту БНФ. Былі віншаваньні, быў сьвяточны стол, быў і торт з 70 сьвечкамі, якія “задзьмуў” юбіляр.

На першых прэзыдэнцкіх выбарах Быкаў быў даверанай асобай Пазьняка, але мы стараліся не абцяжарваць яго паездкамі ды сустрэчамі ў аўдыторыях. Васіль Уладзімеравіч выступіў у прамым эфіры каманды лідэра БНФ, яго меркаваньне прагучала ў фільме, які мы пусьцілі ў адведзены нашаму кандыдату тэлевізійны час, было некалькі інтэрвію.

Лічыцца, што Быкаў не любіў выступаць публічна і пазьбягаў вялікай аўдыторыі. Напэўна, і не любіў, і пазьбягаў, але ў выпадку з Народным Фронтам усё было інакш. Ва ўсялякім разе з 1989 году, калі я меў магчымасьць пазнаёміцца зь ім блізка, быў не адзін дзесятак сустрэч ды выступаў. Дастаткова сказаць, што Васіль Уладзімеравіч рэгулярна наведваў Соймы БНФ; году з 93-га, калі Фронт займеў памяшканьне па Варвашэні, 8, не было такога месяца, каб там не зьяўляўся Быкаў.

І з таго ж самага 93-га году мне пашанцавала часта падвозіць яго на сваім аўтамабілі – забіраць каля яго дому па Танкавай, і потым адвозяць дамоў.

У дарозе мы шмат пра што размаўлялі, і неяк я прапанаваў яму зрабіць гутарку для “Народнай газэты” якраз па тэме выбараў. Васіль Уладзімеравіч пагадзіўся, але папрасіў, як звычайна ў тыя гады, адказаць на пытаньні пісьмова – каб быў час на роздум.

Гэтае інтэрвію было надрукавана ў “Народнай газэце” – але са скарачэньнямі (рэдактурай былі выкрэсьленыя некалькі радкоў, пра Лукашэнку). Тут зьмяшчаю яго цалкам, а пасьля яго – своеасаблівае пасьляслоў’е Быкава да той выбарчай кампаніі, ягоны адказ на пытаньне – чаму БНФ не перамог?

— Васіль Уладзімеравіч, яшчэ некалькі гадоў назад Вы перасьцерагалі ад залішняй эйфарыі, у якой панавалі дэмакратычныя сілы з прычыны дасягненьня незалежнасьці Беларусі. Здаецца, цяпер, як ніколі, сувэрэнітэт краіны знаходзіцца пад пагрозай. Што гэта – заканамерны стан для кожнай маладой дзяржавы ці нейкая нашая ўласная своеасаблівасьць?

— Як мне здаецца, шмат што (калі ня ўсё) у гэтай справе залежыць ад палітычнай волі нацыі. Калі гэтая воля дастаткова моцная і мэтанакіраваная, калі нацыя гатова да выпрабаваньняў дзеля дасягненьня ўласнай незалежнасьці, пабудовы дзяржаўнасьці, тады ўрэшце-рэшт тая незалежнасьць будзе здабыта.

Даволі хоць прыглядкам зірнуць на эўрапейскую гісторыю, каб згледзець, што праз немалыя выпрабаваньні там прайшлі ўсе нацыі – вялікія і малыя, якія цяпер жывуць забясьпечана і маюць усё, што трэба найперпш ад плёну сваёй незалежнасьці. Мабыць, тут варта яшчэ за бязрадаснай будзённасьцю бачыць гістарычную пэрспэктыву, якую дае незалежнасьць – калі не для сучасьнікаў, дык для наступных пакаленьняў. Таму так важна гатоўнасьць нацыі да рутыннай працы дзеля будучыні, а ня толькі дзеля патрэбаў сёньняшняга дня. Зрэшты, тое павінна быць элемэнтарным клопатам найперш для палітыкаў, урадоўцаў і дэпутатаў. І кепска, калі тыя маюць іншыя мэты, выхаваны на іншай ідэалёгіі і падлегласьці, спрадвечнай залежнасьці ад суседняй дзяржавы, для якіх найбольшым страхоцьцем дагэтуль гучыць слова “нацыяналіст”. Нібыта зьдзейсьніць сапраўдны сувэрэнітэт нацыі магчыма сродкамі якой іншай, не нацыянальнай палітыкі.

У наш час папулярнасьць нацыянальнай ідэі зразумелі палітыкі нават тых нацый, якія 70 год вялі бязьлітасную барацьбу з нацыяналізмам (праўда, з чужым, ня ўласным). Цяпер жа яны, і камуністы і дэмакраты, напралом кінуліся да ягоных прынцыпаў, не перастаючы, аднак, бэсьціць нацыяналізм іншых народаў – украінскага, літоўскага, эстонскага і шмат якіх іншых. Звычайна ў такіх выпадках наракаюць на сапраўды жахлівую калатнечу ў так званых “гарачых кропках” Закаўказьзя, Сярэдняй Азіі, дзе шмат што ідзе ад даведзенага да абсурду нацыяналізму. Але вядома, што ёсьць розны нацыяналізм (таксама, як і розны сацыялізм – ад швэдзкага да камбаджыйскага) а што датычыць “гарачых кропак”, дык там кроў ліецца ня толькі з прычыны абсурднага нацыяналізму. Хоць бы ў той жа Югаславіі, дзе ўся калатнеча ўсчалася, як вядома, з прычыны звар’яцелай агрэсіўнасьці сэрбскага камунізму, які апантана выступіў супраць славенскіх, харвацкіх, а затым і басьнійскіх памкненьняў вырвацца з-пад сэрбска-камуністычнай падлегласьці.

Можна любіць не не любіць суседні народ, але без любові да ўласнага, да роднай зямлі і нацыі, яе гісторыі і культуры немагчыма пабудаваць дзяржаўны дабрабыт, шчасьце асобнага чалавека.

— Як Вы ацэньваеце абыякавую рэакцыю значнай часткі насельніцтва на Дамову аб аб’яднаньні грашовых сыстэмаў, якая фактычна падпісаная з парушэньнем Канстытуцыі і зьяўляеца здачай дзяржаўнасьці?

— Наша эканоміка набыла гэткі заблытана-крызысны стан, што колькі-небудзь разабрацца ў ёй ужо не пад сілу нават спэцыялістам сусьветнага маштабу. Здаецца, усе эўрапейскія ды амэрыканскія эканамісты – дарадцы, што спрабавалі тое зрабіць, абтрэсьлі свае рукі і зьехалі з Масквы. Трэба было стварыць д’ябальскія ўмовы, каб так яе разваліць і заблытаць, давесьці да гэткага бядотнага стану. І гэта ў найбагацейшай краіне з безьліччу людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў. Я не ў малой ступені не спэцыяліст у эканоміцы, але як і кожнаму нармальнаму чалавеку, мне абсалютна зразумела прынамсі адна з галоўных прычынаў яе заняпаду, якой зьяўляецца яе празьмерная, пачварная мілітарызацыя. Эканоміка, у якой 80 працэнтаў рэсурсаў так ці інакш аддадзена вытворчасьці ракет, танкаў ды безьлічы іншых сродкаў забойства, доўга існаваць ня можа, яна павінна загінуць. Што і адбываецца, хоць яе агонія задоўжылася з дапамогай даляравых і рублёвых інекцый. Але ўратаваць яе ўжо ня можа ніхто: ні Ельцын, ні Гайдар, ні Чарнамырдзін, ні Кебіч. Ні нават сам гасподзь-бог, калі б ён спусьціўся на зямлю. Мабыць, яе пагібель - боскае пакараньне за наш камуністычны грэх перад чалавецтвам.

Але ж гінуць нікому ня хочацца, а шляхоў паратунку не відно, і кіраўніцтва кідаецца ў імправізацыі. У шэраг неразумных, авантурных, часам панічных імправізацый, вынік якіх заўсёды аднолькавы – яшчэ большая шкода. Найбольш бязглуздая і, мабыць, апошняя зь іх – фінансава-эканамічная капітуляцыя Беларусі з мэтай вяртаньня яе ў ранейшы татальна-залежны стан, дзе ўсё будзе вырашацца ў Маскве. Таго вельмі дамагаюцца шматлікая армія генэральных дырэктараў прадпрыемстваў ВПК (ваенна-прымысловага комплексу – С.Н.) , які ў сувэрэннай нэўтральнай Беларусі рызыкаваў апынуцца без ваенных заказаў ды льготнага фінансаваньня; дамагаюцца іхнія калегі, такія ж генэральня дырэктары АПК (агра-прамысловага комплексу – С.Н.), што ледзьве не страцілі ўпэўненасьць у сваёй фэадальнай уладзе перад тварам зямельнай рэформы; несумненна за тое ж камуністы з перарэгістраванымі а таксама прыхаванымі да часу партыйнымі білетамі. Ну і вядома, інтэрнацыянальная мафія ўсіх адценьняў, якой ужо стала цеснавата на абкрадзенай Беларусі і зажадалася новых прастораў для грабяжу. Іхні дружны драпежны хор за аб’яднаньне старанна артыкулююць цынічныя пісакі з прадажных утрыманак-газэт і тэлебачаньня. Дык што ў гэтым хоры голас зьняверанага, зьбітага з панталыку народа, калі просты чалавек цьвёрда ўпэўнены ў адным: толькі тое яго, што ўкраў. У тым ён перакананы за гады панаваньня Саветаў і ў тым згледзеў рэальны плён сацыялізма, да якога ня супроць вярнуцца.

Пачынаецца прэзыдэнцкая кампанія. Ці дае яна нашаму грамадзтву нейкія спадзяванкі, ці мо гэта – чарговы “фінт” намэнклятуры, накіраваны на замацаваньне ўлады?

— Фігура прэзыдэнта, як яна задумана і сфармулявана Вярхоўным Саветам, не болей чым бутафорская, цалкам марыянэтачная ў руках таго ж Вярхоўнага Савета, які будзе ім маніпуляваць і ў любы момант можа зрабіць зь ім тое, што нядаўна зрабіў з С. Шушкевічам. Скажаце: не, тое не прадугледжана Канстытуцыяй? А Вярхоўны Савет унясе адпаведную папраўку ў сваю Канстытуцыю, якую ён, вядома, мае звычай разглядаць зусім не як Сьвяшчэнныя скрыжалі, а хутчэй – як рабочы чарнавік, які можна краіць-крэсьліць на кожнай сэсіі. (А цяпер яшчэ і з дапамогай Канстытуцыйнага суда). (Гэта хіба адзіная выснова Быкава, якая ня спраўдзілася - пэўна, нават Быкаў ня мог уявіць, што пасьля ўсяго, што здарылася ў часы камуністычнай дыктатуры – магчымае ізноў падпарадкаваньне адным чалавекам цэлага народа, ігнараванье і Канстытуцыі, і законаў, і парлямэнту. - С.Н.) Цяжка зразумець таксама лёгіку ідэі прэзыдэнцкіх выбараў у сьвятле зьменлівай (калі не сказаць здрадлівай) расейскай палітыкі, маючы на ўвазе нядаўна аб’яўлены Жырыноўскім плян пераўтварыць Беларусь у Менскую губэрнію: наўрад ці “першы прэзыдэнт” Беларусі стане яе губэрнатарам. Мабыць, будучы фюрэр Расеі прызначыць губэрнатара зь ліку сваіх, уласных “маладых ваўкоў”, аб якіх ён нядаўна аб’явіў у “Известиях”. Навошта ж тады гэтыя шматмільярдныя выбарчыя выдаткі?

— Некаторыя кажуць, што сярод усіх магчымых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта яны аддалі б перавагу Васілю Быкаву. Але сам Быкаў жаданьня балятавацца не выяўляе. Вы канчаткова вырашылі не ўдзельнічаць у актыўнай палітыцы?

— Будучы ўсё жыцьцё беспартыйным я ў ёй ніколі актыўна і не ўдзельнічаў. І зусім не таму, што лічу такую пазыцыю адзіна правільнай, а чыста з асабістых меркаваньняў. І калі час ад часу выступаю зь нейкімі радкамі ў друку, дык толькі таму, што пэўныя моманты не магу змоўчаць. Не дазваляе сумленьне ўхіліцца, схавацца за сьпінамі іншых, як гэта ўжо стала пазыцыяй пэўнай (і немалой) часткі нашай нацыянальнай інтэлігенцыі. Канешне, пры тым я ня цешу сябе надзеяй кагось пераканаць, наставіць на пуць праведны. У наш час словы мала што значаць і нікога не пераконваюць. Не пераконвае нават гістарычны вопыт. Мабыць, каб штось зразумець у шырокім маштабе, патрэбны жывы, канкрэтны вопыт народа, хоць нярэдка тое разуменьне прыходзіць да яго надта позна (як у нашай нядаўняй камуністычнай гісторыі), і патрабуе надта дарагую плату – крывёй і воляй. Але што ж, мабыць, мала Беларусь стрывала пакут, калі ўсё яшчэ не зрабіла з таго пэўных і надта элемэнтарных высноў.

— Некаторыя палітолягі гавораць пра так званы “фэномэн Лукашэнкі” і нават прадракаюць яму посьпех на выбарах. Я спадзяюся, што, нягледзячы на вельмі хворы стан нашага грамадзтва, у большай яго часткі ўсё ж хопіць здаровага сэнсу. Але чым можна растлумачыць, што даволі значная частка людзей усё-ж такі бачыць у ім свайго куміра? І калі ўявіць, што падобная асоба заняла б месца Прэзыдэнта – ці можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё падзей?

— Разгадка “фэномэна Лукашэнкі” вельмі простая: ягоны зычны, абураны голас. Голас цалкам мітынговы, г.зн. зьвернуты болей да эмоцый слухачоў, чым да іхняе лёгікі. А эмоцыі слухача-народа ў наш час, вядома, чым захоплены – абурэньнем на ўладу, якая ня служыць, а крадзе. І няма на яе ніякай управы. Лукашэнка выступіў у якасьці абаронцы народнае праўды, Мэсіі, якога людзі чакалі і выказаў усё так проста, зразумела ды з такім напалам, што людзі гатовы былі схапіцца за кольле, каб тут жа рушыць за праведнікам. Толькі вось праведнік нікога нікуды не павёў. Ягоная задача была ня ў тым, каб павесьці, а мабыць, у тым, каб выпусьціць пару, якой накапілася занадта шмат і якая пагражала спантанным выбухам. Цяпер выбуху не адбудзецца, і ўлады аказаліся задаволеныя. Лукашэнка таксама не прайграў, -- набыў зіхоткі німб над галавой, і паверыў у сваю выключнасьць. Усё тое дало яму права запрэтэндаваць на беларускае прэзыдэнцтва, зь якім ён наўрад ці ведае, што рабіць. Хіба паехаць у Маскву на дамову аб парадку здачы Беларусі на больш-менш ганаровых умовах.

— Якія якасьці, на Ваш погляд, найбольш неабходныя Прэзыдэнту – у нашай краіне і ў нашым грамадзтве.

— Мабыць, шмат якія. Але найпершая і самая неабходная – цьвёрдае перакананьне ў прыярытэце нацыянальнай ідэі, гатоўнасьці да ахвярнага служэньня ёй. Такія прэзыдэнты ня надта патрэбныя вялікім нацыям, але жыцьцёва неабходныя малым.

— Часта можна пачуць думку, што сярод беларускіх палітыкаў няма лідэра, здольнага аб’яднай грамадзтва. Ці можаце Вы з гэтым пагадзіцца?

— Такія лідэры ёсьць, нацыя даўно б загінула, зьнікла з твару зямлі, калі б такія людзі ў ёй перавяліся. Іх канешне ня шмат (іх і не патрэбна шмат), але цяпер яны зьявіліся з народных нетраў – самаахвярныя, разумныя, адукаваныя і культурныя. І сярод іх я даўно бачу стромкую, гатычную фігуру Зянона Пазьняка, які ў поўнай меры валодае ўсімі дадзенымі, неабходнымі для выдатнага лідэра нацыі. Так ці інакш ён гатовы служыць ёй у любой ролі, нічога не патрабуючы ўзамен. Але ад народа Беларусі залежыць, каб чалавек такога гатунку заняў адпаведны ягонай сутнасьці пасад у дзяржаве. І тут уступае ў дзеяньне ня толькі фактар асобы Пазьняка, але і мера палітычнай сталасьці грамадзтва. Колькі ўжо на Беларусі здаралася выпадкаў, калі самыя вартыя яго сыны не знаходзілі прызнаньня на роднай зямлі і былі ўшанаваныя на чужых, дзе тамтэйшыя народы зьведалі іх сапраўдны кшталт і надалі ім адпаведны гонар.

Кажуць, палітыцы і паводзінам Пазьняка бракуе патрэбных для сучасных палітыкаў папулізму. Але, на мой погляд, тое адбываецца з прычыны спробы Пазьняка разбурыць традыцыйны погляд на палітыку як на амаральную, брудную справу. Сваю палітыку Пазьняк імкнецца рабіць чыстымі рукамі, цалкам маральнымі сродкамі, што, будучы неаспрэчным наогул, не заўсёды дае канкрэтны палітычны выйгрыш. Напрыклад, у сваіх публікацыях апошняга часу ён мог бы не выказвацца пра пляны БНФ наконт люстрацыі – недапушчэньня былых камуністычных функцыянэраў да кіраўнічых пасадаў. Але ён не хацеў нічога ўтойваць і нікога ашукваць: ні ўласны электарат, ні тых самых функцыянэраў, і адкрыта выклаў усе свае карты. Вядома, тое было даволі рызыкоўна ў наскрозь камунізаваным грамадзтве, дзе гэткае мноства падлягае пад тую самую люстрацыю. Але ў тым мне бачыцца сумленны ўчынак палітыка, які адкрыта сьведчыць пра свае намеры і не баіцца прысуду сучасьнікаў і гісторыі. Ён упэўнены ў тым прысудзе, і гэта дадае яму мужнасьці.

Беларускі Народны Фронт вылучыў кандыдатам у Прэзыдэнты Зянона Пазьняка. Аднак некаторыя дэмакраты лічаць, што Пазьняк – занадта, так бы мовіць, радыкальная асоба, што нашаму грамадзтву патрэбны талерантны ды лагодны кіраўнік. Пры гэтым цяпер ужо не аспрэчваюцца праграмныя ідэі Пазьняка і Народнага Фронта, ідэі, за якія ў свой час тыя ж дэмакраты яго папракалі... Як Вы можаце ацаніць такія выказваньні?

— Так кажуць людзі пэўных палітычных кірункаў, якія ў новых сацыяльных умовах здабылі пэўны кошт і ня хочуць яго губляць. Яны усьцешыліся ілюзіяй цэнтрызму, ідэяй нацыянальнай згоды. Але згоды каго і з кім? Мільёнаў абрабаваных, ашуканых, даведзеных да галечы людзей з тымі, хто давёў іх да такога стану, сам нарабаваўшы ўсё – ад шыкоўных, мільённых дач, кватэр з англійскай сантэхнікай ды "хлебных" пасадаў і доларавых рахункаў у заходніх банках. Дзіўнаваты ўсё ж чуць такое ад людзей якія нядаўна яшчэ натхнялі іншых на класавую барацьбу з капіталізмам, а цяпер неўпрыцям ад іншых самі сталі валодаць капіталамі. Вядома, ім трэба, каб іх не чапалі, каб усё заставалася як ёсьць, таму яны ды іхнія “дэмакратычныя” адвакаты такія прыхільнікі нацыянальнай згоды, “узважанай” палітыкі цэнтрызму, тактыкі – “ні нашым, ні вашым”. Ім, канешне, вельмі патрэбны лагодныя дэмакратычныя лідэры, ціхманыя грамадзкія зьяднаньні, кішэнныя палітычныя партыі, якіх яны будуць паціху падкормліваць, а ня надта паслухмяных расколваць праз сваю сакрэтную агентуру і ўрэшце палітычна нэўтралізаваць. Натуральна, што для гэтых людзей палітыка БНФ і Пазьняка занадта радыкальная, яна каламуціць спакой соннага балота, у якім адны жыруюць за кошт іншых.

Беларускі Народны Фронт даўно змагаецца за ажыцьцяўленьне канстытуцыйнымі сродкамі вельмі выразнай, дэталёва распрацаванай праграмы ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры – праграмы Адраджэньня бацькаўшчыны. Сучасны ўрад ня хоча прызнаваць тую праграму, бессаромна сьцьвярджаючы, што БНФ ня мае ніякай праграмы. Ніводнага слова зь яе не прагучала дагэтуль з экранаў тэлебачаньня, не паявілася на старонках урадавай прэсы. Народ застаецца глухі да адрасаваных яму ідэй, бо іх заглушаюць іншыя, чужыя галасы і чужыя ідэі. У такіх умовах ніякую барацьбу нацыянальнай дэмакратыі ня можна лічыць за празьмерна радыкальную. Хутчэй наадварот. Дзеячоў беларускай нацыянальнай дэмакратыі мінулага і цяперашняга, мабыць, ёсьць у чым папракнуць, але ўжо ніяк не ў празьмерным радыкалізьме. Вядома, што радыкалізм заўсёды быў вялікім дэфіцытам нашай сапраўды нацыянальнай палітыкі.

Што датычыць Зянона Пазьняка, дык пэўная складанасьць ягонай палітыкі палягае ў тым, што ягоныя ідэі нярэдка апярэджваюць час і зьяўляюцца нечаканымі для пэўнай часткі грамадзтва. Таму першая рэакцыя грамадзтва на тое, што абвяшчае Пазьняк – ашаламленьне і нязгода. Так было з Курапатамі, з выкрыцьцём КПСС, з разьвянчаньнем асобы Леніна. Неўзабаве, аднак, тое, чым ашаламляе Пазьняк, робіцца рутынным фактам гісторыі, і ўжо ніхто не аспрэчвае яго і нават не ўспамінае, хто так сказаў першы. У тым, вядома, пэўная складанасьць палітыкі Пазьняка, але і боская сіла Пазьняка–прарока.

— Дарэчы, адной з прычынаў пэўных разыходжаньняў паміж некаторымі дэмакратычнымі партыямі і Народным Фронтам стаў абвешчаны ў праграме БНФ парытэт правоў асобы і правоў дзяржавы. У гэтым нават бачаць ледзь не парушэньне правоў чалавека...

— Мабыць, гэта вельмі заманліва – паставіць правы чалавека над правамі дзяржавы, тым болей таталітарнай ці посттаталітарнай дзяржавы. Але тут адразу выяўляюцца непераадольныя складанасьці. Праблема гэтая ў наш час, у канкрэтных умовах нашага далёкага ад дэмакратыі грамадзтва набывае новы, нечаканы, нярэдка спэкулятыўны сэнс. Як у краінах Балтыі, барацьба з незалежнасьцю якіх так доўга і зацята вядзецца, як ня дзіўна, менавіта з пазыцыі прыярытэтаў правоў чалавека. Мабыць, ёсьць у гэтай парадыгме штось мэтафізічна недасканалае, калі яе магчыма выкарыстаць у напрамку супрацьлеглым таму, які дэкляруецца. Пэўны парадоксы такога кшталту выяўляюцца і ў Беларусі, дзе былыя савецкія генэралы, пераапранутыя цяпер у дэпутатаў саветаў з “Дэклярацыяй правоў чалавека” наперавес кінуліся супраць дзяржаўнай праграмы беларусізацыі. А нядаўна ня толькі ўрад, Вярхоўны Савет, а і Ліга правоў чалавека Беларусі апантана выступілі супраць выдачы ўраду Літвы двух камуністычных злачынцаў, якіх сумесна з Інтэрполам шукала пракуратура суседняй дзяржавы і якія хаваліся ў Менску. (Лігу правоў чалавека стварыў і ўзначальваў дэпутат ВС Яўген Новікаў - будучы лукашэнкаўскі прапагандыст. - С.Н.) Здаецца, усё было зроблена адпаведна законам двух дзяржаў, між якімі дзейнічае адпаведнае пагадненьне, а вось нават Ліга ўбачыла ў факце выдачы парушэньне правоў чалавека. А можа, справа тут ня ў чалавеку і не ў ягоных правах, а ў партыйнай прыналежнасьці злачынцаў, якая ў вачах “легіянэраў” вымагае такой абароны?

Не, мусіць, пакуль нацыя бяспраўная, пакуль яна стаіць на каленях перад чужой сілай, нельга забясьпечыць ніякі парытэт правоў ні яе самой, ні тым больш яе грамадзян. Усе яны аднолькава будуць бяспраўныя.

— Ці застаўся ў нашага народа шанец на выратаваньне?

— Шанец заўсёды ёсьць, хоць ён і вымагае пэўных варункаў. Нават на нашым вяку жыцьцё не перастае зьдзіўляць сваімі непрадказальнымі віражамі ў абсалютна нечаканых кірунках. Яшчэ гадоў восем таму хто мог прадбачыць крушэньне магутнай савецкай імпэрыі, раптоўны каляпс КПСС, зьнішчэньне любімых генэральскіх цацак – ад ракет да хімічнай зброі. А ўсё тое здарылася і, здаецца, без асаблівых людзкіх высілкаў, без якой старонняе сілы, нібы само сабой. Мабыць, сапраўды ва ўсяленскім маштабе, у мікракосмасе адбываюцца таемныя працэсы, падобныя да тых, што вядомы нам па жыцьці на зямлі: нараджэньне, разьвіцьцё, адміраньне. Калі гэта так, дык беларускі этнас дужа малады, ён толькі падбіраецца да свайго разьвіцьця, якога па некаторых прычынах быў пазбаўлены ў мінулым. Тое наша разьвіцьцё павольнае, духоўна-фізычныя магчымасьці яго рэалізуюцца ашчадна-замаруджана, найбольшы ягоны росквіт наперадзе. Але тое пэўна, што Беларусь ня зьнікне, калі не скарыцца чужой сіле, яшчэ разгорне свой жыцьцёвы патэнцыял і зьдзейсьніць на боскай зямлі сваю людзкую місію».

***

Праз нейкі час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года і парлямэнцкіх выбараў 1995-га, сумешчаных з “рэфэрэндумам”, Быкаў адказаў, чаму Беларускі Народны Фронт і яго лідэр не перамаглі.

Я прывяду адказы, дадзеныя тагачаснаму супрацоўніку штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва” Юрася Залоску – ён зьмясьціў іх у сваёй кнізе “Праўда як рэлігія”, цалкам прысьвечанай Быкаву.

Істотна, што суразмоўца некалькі разоў і ў розных варыяцыях задае Быкаву пытаньні, у якіх ужо ўтрымліваюцца сьцьвярджэньні, што “БНФ пацярпеў паразу”, “БНФ і Пазьняк нясуць адказнасьць за паразу”, “Пазьняк зрабіў памылкі” . Такія ж пытаньні будуць узьнікаць (ужо не да Быкава) і ў наступныя гады.

Учытаемся ў словы Быкава.

“Калі б Зянон Пазьняк у сваёй перадвыбарчай прэзыдэнцкай праграме паабяцаў павялічыць пэнсіі і іншыя ільготы сексотам КДБ, ён меў бы вялікую папулярнасьць. А ён неаднаразова намякнуў пра люстрацыю, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, - і вынік тых выбараў быў прадвызначаны (Юрась Залоска, «Праўда як рэлігія. Гутаркі з Васілём Быкавым., Менск, «Медысонт», 2010, с. 60. Тут і далей – цытаваньне па гэтым выданьні.)

«...вызначаць будзе Лубянка, а ня Белы Дом. Лубянка заўсёды вызначыць. Гэта ж зразумела. І тое Лукашэнка зразумеў, чаму ён пераможа Кебіча яшчэ на тых выбарах: Кебіча рыхтавалі Ельцын з Чарнамырдзіным, а Лукашэнку – іншая ўстанова. Заўсёды Лубянка перамагала, як бы яна не называлася. Нават калі гэта быў запасны варыянт...» (с. 116).


«...удачы не магло быць. Гэта толькі ў нашай «адраджэнскай» эйфарыі мы маглі дапусьціць, што яшчэ трошкі, вось выбары, Пазьняка выберуць прэзыдэнтам, а пасьля новыя выбары ў Вярхоўны Савет – і бальшыня праходзіць ад дэмакратаў, зьяднаных ці разьяднаных, ад БНФ, і ўся палітыка павернецца ў іншы бок. Не магло гэтага быць. Я, напрыклад, не разьлічваў на гэтае, ня верыў, таму што адчуваў, можа быць, падкоркай, сьпінным мозгам. Што гэта немажліва па ўсёй лёгіцы, што падзеі і стан грамадзтва не дадуць гэтага зрабіць. Яны яшчэ да гэтага не сасьпелі. Яшчэ трэба да гэтага дайсьці».

«Што датычыць Пазьняка і ягонай палітыкі, дык я бачыў, што робіцца ўсё вельмі разумна і даволі памяркоўна. Пазьняк чуў з усіх бакоў папрокі ў радыкалізьме, і ён мякчэў, ён увесь час, наколькі гэта было магнчыма, стараўся зьмяніць смваю палітыку, але – не пераступаючы пэўных маральных крытэрыяў, за якімі палітыка ўжо сапраўды робіцца бруднай справай...

Пазьняк зрабіў усё, што мог. Ніхто больш за яго ў дадзеных умовах, зь ягонай пазыцыяй нацыяынальнага дэмакратызму зрабіць ня змог бы. Ён зрабіў больш, чым можа зрабіць звычайны, нармальны палітык, хай і нацыянальны патрыёт. А ён зрабіў больш. Ён, можна сказаць,ахвяраваў сваё жыцьцё на гэта, і прычына ягонай няўдачы ў тым, што ён надта вырваўся наперад свайго часу. Гэта будзе ацэнена ў будучынюі. Памятаеце, як ён некалі па тэлебачаньні заявіў у прамым эфіры, што кампартыя – самая крывавая партыя ў сьвеце, – калі яшчэ сядзеў Сакалоў ? Гэта было жахліва па тым часе. Я нават, гледзячы тое па тэлевізары, зьнямеў, таму што мне здавалася, што заўтра ён будзе раскрыжаваны на плошчы. Але ён перамог. Ён перамог і сказаўшы праўду пра Курапаты; перамог, калі надрукаваў артыкул пра расейскі імпэрыялізм, які зрабіў яму многа ворагаў тут і за межамі, аднак час паказаў, што ацэнкі тыя былі абсалютна справядлівыя, у тым ліку і ягоныя захады супраць расейскай дэмакратыі, якая цяпер вырадзілася... Усё абсалютна дакладна было ім прадказана. І ягоная пазыцыя ў гэтым сэнсе проста выдатная, крыштальная пазыцыя. Толькі ўся яго праблематычнасьць, так бы мовіць, заключаецца ў тым, што было сказана – як яно і належыць для палітыка – занадта рана, калі грамадзтва яшчэ было ня ў стане ўспрыняць яго. Такой апераджальнай якасьцю валодаў Алесь Адамовіч, які казаў аб ядзернай пагрозе і празьмернай мілітарызацыі. Тое заўсёды выклікала пярэчаньні, а потым – прымалася. Зайздросная роля такіх правідцаў, але незайздросны іх лёс, таму што іх не прымаюць у сваім часе. Іх прымуць пасьля. Добра, калі яшчэ пры жыцьці».

«Відавочна, што мы, напрыклад, засьпелі рэшткі той жа мовы. Зьменяцца два-тры пакаленьні, асабліва пры адсутнасьці сялянства, якое ўвесь час генэрыравала мову, захоўвала яе на працягу стагодзьдзяў, – і яе больш ня будзе каму захоўваць. Сфэра ейнага бытаваньня папросту зьнікне. Горад расейскамоўны, сялянства няма...І таму каб не Народны Фронт і каб не Пазьняк, дык ужо не было б чаго адраджаць. Не было б наогул і гаворкі пра нацыянальную самабытнасьць (с. 54)

«Калі гаварыць пра палітыку Народнага Фронту або пра прычыны яго паразы і непапулярнасьці, то яны ляжаць у сфэры непапулярнасьці нацыянальнай ідэі, нявысьпеласьці нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Таму што беларуская нацыя не дасьпела да разуменьня той ісьціны, што яна можа праявіцца, рэалізавацца ў гісторыі як нацыя. Ёй усё здаецца, што можна знайсьці сваё шчасьце ў адмове ад сваёй нацыянальнай іс, у падпарадкаваньні іншым – у дадзеным выпадку расейцам. Што без расейскай мовы, без расейскай нафты, без расейскага розуму, урэшце, і без палітыкі – беларусы не пражывуць. У гэтым уся рэч. І гэта відаць у многіх выпадках. У гэтым сэнсе Беларускі Народны Фронт можна абвінаваціць хіба толькі ў тым, што ён пайшоў значна наперад. Ісьціны, якія засвоіў Фронт, безумоўна, будуць засвоены грамадзтвам, але для гэтага спатрэбіцца тугадумным беларусам яшчэ, можа быць, гадоў сто. Але ўрэшце рэшт да гэтага дойдуць» (с. 54).

Быкаў верыў, што – дойдуць. Праўда, адразу пасьля гэтых слоў зрабіў удакладненьне: «Калі працэс асыміляцыі не панішчыць беларусаў як нацыю за гэты час».