Жыцьцё побач з вайной

Расейскія арлы на мяжы з Хэрсонскай вобласьцю

Украінскія ўлады прапануюць сцэнар мірнага ўрэгуляваньня канфлікту ва ўсходніх рэгіёнах, дзе зь вялікімі стратамі з абодвух бакоў працягваецца антытэрарыстычная апэрацыя. Як ацэньваюць пэрспэктывы замірэньня мясцовыя жыхары? Ці не ператворацца мяцежныя рэгіёны ў тэрыторыі, непадкантрольныя Кіеву? Хто ўвогуле ваюе на баку сэпаратыстаў?

Сям’я Дудзінавых — інтэрнацыянальная. Аляксей некалькі гадоў таму пераехаў з Масквы ва Ўкраіну, дзе ў прыморскім пасёлку Іванаўка на Хэрсоншчыне рэалізуе шэраг камэрцыйных праектаў. Настасься — нараджэнка Хэрсону, працяглы час працавала ў гарадзкой адміністрацыі. Сёлета пабраліся шлюбам, а ў Менск наведваюцца на коўч-сэсіі. Як у ролі жывога буфэра зь мяцежным Крымам адчуваюць сябе жыхары памежжа?

Настасься Дудзінава


Настасься: На самой справе Хэрсонскі рэгіён вельмі спакойны. Каб у людзей выклікаць, скажам так, момант агрэсіі, прымусіць іх узяць у рукі аўтаматы і некуды ісьці, павінен здарыцца ўвогуле нейкі крытычны выпадак. Антураж неспакою ствараюць СМІ, самапрызначаныя рэвалюцыянэры з абодвух бакоў. Кажу як відавочца, бо жыву ў Хэрсоне і мая цяперашняя дзейнасьць прымушае шмат езьдзіць — апошнія паўгода я пастаянна ў дарозе паміж Хэрсонам і нашымі раёнамі, сёламі, бачу, як усё адбываецца.

Рэальны прыклад — Аляксей сьведка, ня дасьць схлусіць. Ехалі ў Мікалаеў, у звычайным аўтобусе. Нас спыняе пост: з аднаго боку 3–4 чалавекі ў вайсковай форме і з другога прыблізна столькі ж. Кшталту апалчэнцы. І вось яны заходзяць у кожны міжнародны аўтобус і робяць выгляд, што ўважліва праглядаюць — хто ж там едзе? Але каб я насамрэч хацела правезьці зброю, то спакойна б правезла ў машыне, бо аўто чамусьці не спыняюць — ні легкавікі, ні фуры. Усе едуць як едуць. То бок — спроба стварыць ілюзію, што адбываецца нешта надзвычайнае, каб напалохаць народ. Бо тых, хто едзе ў «Лексусах», не запалохаеш, яны і так ведаюць, што вакол робіцца. А вось бабулек, дзядулек — справа іншая. Мама мая, напрыклад, сядзіць дома і на вуліцу не вылазіць — напалоханая, што рэальна пачнуць забіваць.

— Якія ўвогуле пануюць настроі ў людзей з паўднёвых і ўсходніх абласьцей? Ці яны вераць, што рэальна замірыцца з астатняй Украінай?

Настасься: Мне здаецца, будзе як у Прыднястроўі, усё на няпэўны час застанецца ў падвешаным, замарожаным стане. Таму што ўсё крыецца ў стане самога народу — а ён, скажам так, нявызначаны. У нас праблема ўсходніх рэгіёнаў менавіта ў тым, што людзі па сваёй сутнасьці спакойныя, нават інэртныя. І калі папрасіць іх даць кароткі адказ — «так» ці «не» — да каго яны ўрэшце хочуць схіліцца, тыя толькі акругляць вочы і пачнуць «плаваць»: ой, ня ведаем, і там было нядрэнна, і тут нешта абяцаюць. Толькі калі іх возьмуць за рогі і прывядуць, як кажуць, на бойню, тады ў галаве нешта пачне варушыцца, яны будуць ці то абмяркоўваць, ці то абурацца. Карацей, патрэбен нейкі балючы штуршок.

Ленін у Крыме, зноў як дома



Аляксей: Але з улікам таго, колькі людзей там ужо загінула, можна меркаваць, што «ўсходнікі» «западэнцам» антытэрарыстычную апэрацыю наўрад ці даруюць. Крыўда застанецца, прычым, будзе вылівацца нават на наступныя пакаленьні...

Настасься: ...гэтаксама, прыкладам, як савецкія людзі захоўвалі, а некаторыя яшчэ захоўваюць крыўду на немцаў — хоць людзі, якія там цяпер нараджаюцца і жывуць, ня маюць ніякага дачыненьня да падзеяў мінулай вайны. Але ў многіх пэнсіянэраў падазронае стаўленьне да немцаў дагэтуль. Калі я, прыкладам, упершыню ляцела ў Нямеччыну, мяне мама праводзіла словамі: будзь асьцярожная, там жа фашысты! Падобным чынам асобныя людзі ўспрымаюць на Ўсходзе і заходніх украінцаў — бандэраўцы, фашысты...

Аляксей Дудзінаў

Аляксей: А колькі на гэтым тле страчваецца сяброўскіх, сваяцкіх сувязяў? Канфліктуюць па-страшнаму, бо не сакрэт, што ў Кіеве данецкіх успрымаюць як тэрарыстаў, тыя ў адказ называюць іх бандэраўцамі, Так, у нашым сяле паважаныя людзі, фэрмэры, аўтарытэтныя людзі, якіх паважаюць і старыя, і моладзь, прыйшлі да нас і расказваюць: патэлефанавалі сябру з Данецку. Так і так, як там у вас справы? Той і адказвае: усё б нічога, ды толькі бандэраўцы на нас лезуць. І зачапіліся: якія бандэраўцы, гэта вы там у сваім Данбасе ўсе тэрарысты! Людзі, якія сябравалі яшчэ ад арміі, рассварыліся, паабражалі адзін аднаго апошнімі словамі. Іх данецкі сябра зьдзіўляўся: як вы на Хэрсоншчыне сталі бандэраўцамі? А тыя сваё: а ты, тэрарыст, за колькі сярэбранікаў наняўся служыць Расеі?

— У запалохваньні бандэраўцамі найбольш актыўнічае расейская прапаганда. Самі сутыкаліся з гэтымі «страшнымі людзьмі»?

Настасься: Я сама працавала ў гарадзкой адміністрацыі, шмат каго там ведаю дагэтуль. Калі па ўсіх каналах паведамлялі, што ачапілі нашу адміністрацыю, акупавалі будынак, то гэта было яўным перабольшаньнем. Да нас зайшлі пяць чалавек у вайсковай форме — маўляў, мы народнае апалчэньне і г.д. — і разьмясьціліся ў холе. Павесілі здымкі «Нябеснай сотні», лёзунгі. То бок дзяжурны на вахце сядзіць — і яны ціхенька ў куточку. Людзі як хадзілі на працу, так і хадзілі, каму на абед, каму яшчэ куды трэба было. Але ж СМІ як пішуць? Узялі Хэрсонскую адміністрацыю, ачапілі. Мне тэлефануюць сваякі: Насьця, асьцярожней, цябе ж адтуль ня выпусьцяць, там забойцы з аўтаматамі, што рабіць? Дарэчы, гэтак жа было і ў Луганску, і ў іншых месцах — проста прыйшлі, селі, нікому не перашкаджалі.

— На ваш погляд, супраць каго ваюе ўкраінская армія? Верыцца зь цяжкасьцю, што супраціўляюцца ёй мясцовыя жыхары.

Аляксей
: Ня трэба забывацца, што ёсьць пакрыўджаны «Беркут». У Кіеве тых, хто заставаўся на Майдане, паставілі на калені, а гэта абраза. Там была сытуацыя, што літаральна ў апошнюю атаку пайшлі бронетранспартэры. І калі першы БТР загарэўся, паступіла каманда беркутаўцам адступаць. Тыя пачалі пратэставаць — маўляў, давайце хоць таварышаў выцягнем — але адмоўцам прыгразілі карай. Яны ўжо тады былі супраць Януковіча, бо каб была ягоная воля, Майдан разагналі б. А ўжо калі Януковіча ня стала і беркутаўцаў прымусілі прасіць прабачэньня перад народам — натуральна, снайпэры, тыя, хто з дубінкамі стаяў, усе яны ці ў Крым зьехалі, ці ў Данецк, Луганск. Вось гэтыя навучаныя прафэсіяналы, як мне падаецца, і складаюць касьцяк супраціўленьня на ўсходзе. Астатнія, такое адчуваньне, проста зь вёсак панаехалі. Нашаму вясковаму аўганцу Аляксею дай стрэльбу, яму якая розьніца, куды шпуляць? Тысячу грыўняў заплаці — пойдзе лёгка. А калі яшчэ кожны вечар наліваць па 100 грамаў, то якая розьніца — дома сядзець ці яшчэ дзе? Былыя аўганцы, як мне падаецца, у бальшыні сваёй увогуле хворыя на галаву, кантужаныя, псыхічна хворыя. Вайна для многіх як паратунак.

Порт Ялты, летась -- яшчэ ў жоўта-блакітным



Настасься: Таму сапраўды пруць такія кадры, каб паваяваць, з усіх бакоў — і з самой Украіны, і з Расеі, і з Прыднястроўя. Адкуль толькі не зьбіраюцца. Людзі перадусім з праблемных, незабясьпечаных пластоў насельніцтва, якія за капейку бацьку, брата здадуць. Нават па іхных тварах гэта бачна.

— Ёсьць меркаваньне, што ад страты Крыму калі які ўкраінскі рэгіён і выйграе, дык якраз Хэрсонская вобласьць. Маўляў, транзытнікі цяпер будуць спыняцца ў Скадоўску, Жалезным Порце ды іншых курортах...

Настасься: Думаю, што Хэрсонская вобласьць у гэтым сэзоне сапраўды выйграе пару працэнтаў...

Аляксей: Канечне, вобласьць будзе атрымліваць дывідэнды. І нават больш, бо калі нават незалежныя СМІ актыўна палохаюць народ — у Крыме, маўляў, расейцы, там мяжа і г.д. — то многія людзі нават не разглядаюць варыянт, каб туды ехаць.

Настасься: Згодная, што тыповым офісным працаўнікам, адміністратарам, якіх напалохалі мытняй, рознымі праблемамі, куды яшчэ ехаць? Жалезны Порт, Скадоўск, Лазурнае. Адным словам, Хэрсонская вобласьць. Да таго ж з Кіева датуюцца дзяржаўныя пуцёўкі, і яны ўжо пэўна ня будуць укладацца ў крымскія здраўніцы. Зноў жа, выйграе Хэрсонская вобласьць. Тым больш, такія прыклады ўжо ёсьць. На базе адпачынку ў нашай вобласьці, якая месьціцца ў дэльце Дняпра, на травеньскія сьвяты будынак быў запоўнены да адказу. Пры тым, што сэзон яшчэ нават не пачаўся. Бальшыня — кіяўляне, але былі і расейцы. Гэта сьведчыць пра тое, што людзі акрэсьлілі свае прыярытэты, хоць гэта нават ня мора, а Дняпро.

Аляксей: Думаю, першы год усё роўна аншлягу ня будзе, бо людзі напалоханыя — у тым ліку і беларусы, для якіх Украіна заўсёды была асноўным месцам адпачынку. Прыкладам, мы ў Іванаўцы ладзім «чайныя сэмінары», дык вось людзі запісаліся, нават унесьлі перадаплату. А цяпер тэлефануюць (асабліва з Заходняй Украіны), кажуць: не, мы, мабыць, не прыедзем, нам сказалі, што калі на Хэрсоншчыне ты гаворыш з западэнскім акцэнтам, то адразу палкамі б’юць. Можаце гарантаваць нам бясьпеку? Тым больш у вас вёска, цывілізацыі ніякай, па-ўкраінску загаворым — і нас там адразу прыб’юць. Навошта нам гэта трэба? Вось вам і выдаткі двухбаковай прапаганды — недзе нешта пачулі, паверылі, і цяпер адны жыхары Ўкраіны проста баяцца трапіць на тэрыторыю «ўяўнага ворага», дзе яшчэ ўчора жылі свае людзі.