Цяпер пісаць сьцісла нас вымушаюць інфармацыйныя тэхналёгіі. СМС-весткі абмежаваныя 160 знакамі лацінкай без дадатковых (дыякрытычных) знакаў ці 70 сымбалямі кірыліцай. Паведамленьне ў Twitter не даўжэйшае за 280 знакаў Unicode (што па-свойму карысна — не патонеш у доўгіх тэкстах).
На мапе (2014 год) колерамі пазначаныя твітэрныя конты на розных мовах. Добра відаць, скажам, Каталёнію — жоўтую пляму паміж франкамоўным і гішпанамоўным абшарамі. А вось Менск і Беларусь (зрэшты, як і Ўкраіна) — такога самага колеру, як і Расея. У выніку глядач вырашае, што тут суцэльная расейскамоўная прастора, хаця пры ўкладаньні мапы ўлічвалася мова інтэрфэйсу, выбраная карыстальнікам, — а сярод іх няма беларускае. Аднак у сеткавым жанры яна пачуваецца камфортна: даволі эканомная.
Рэсурсы эканоміі беларускай мове дае граматыка. Прыкладам, параўнальна з расейскаю, у нас карацейшыя канчаткі прыметнікаў мужчынскага роду назоўнага склону: белый — белы, дзеясловаў адзіночнага ліку 3-й асобы 1 скланеньня: пишет — піша. Хаця бывае і наадварот. Гэта асобныя словы. Але беларускія тэксты (сказы) і сапраўды часьцей карацейшыя за расейскія (гэта ведаюць рэдактары й выдаўцы) і нават за ангельскія:
To be continued
Продолжение следует
Працяг будзе
Ангельская мова выпрацавала шматлікія скароты словаў для кампактных тэкставых жанраў: To be continued = tbc, As soon as possible = asap. Стыхійна ўзьнікаюць і беларускія сеткавыя скароты:
дз. = дзякуй
кл = калі ласка
Гэта графічныя (пісьмовыя) скароты. Чытаюць іх у «расшыфраваным» выглядзе.
Але ў жывой народнай і ў традыцыйнай літаратурнай беларускай мове ёсьць варыянты часта ўжываных словаў, якія і каротка вымаўляюцца, і адпаведна пішуцца.
До спаць! Паўстаньце грамадою
I йдзіце ім там памагаць,
Паўстаньце крэпасьцю такою,
Каб вораг вас ня мог зламаць.
(Янка Купала. «Там». 1906)
Мандравала двох братоў і змэнчыліся надта. Ажно пад вечар прыйшлі на могілкі, так старшы кажа: «Пераначуйма тудакава!» Паклаліся яны спаць, малодшы заснуў, а старшага сон ніяк не бярэ. Апоўначы чуе: трашчыць нештась. Сьпёрся на локці і слухае. Ажно выходзіць труна, а з тае труны вылез чалавек і пайшоў. Ён што робячы ўлез у труну і ляжыць. Нібавам прыходзіць той мрэц і як угледзеў его, так пытае: — Хто тут? — А ён ка’: — Я! — Вылазь! — Не — ка’, — ня вылезу! Скажы, дзе быў? — Мрэц ка’: — Вылазь! — Не, скажы, дзе быў? — Так ён ка’: — На вясельлі. Вылазь! — Не, скажы, што ты там рабіў? — Вылазь! — Не, пакуль ня скажаш, што ты там рабіў, то ня вылезу. — Мрэц его прасіў, маліў, нарэшце мусіў прызнацца: — Маладых, — ка’, — вужамі парабіў.
Фальклярыст Міхал Федароўскі у канцы XIX ст. запісаў гэты сюжэт у в. Шандры ля Мсьцібава, цяпер Ваўкавыскі раён.Перад намі цэлая моўная зьява:
мо, нат, зара, шчэ, трэ, до, ё, ка
Тут словы розных часьцінаў мовы ды функцыяў.
можа = мо, нават = нат
зараз = зара, яшчэ = шчэ
трэба = трэ, досыць = до
ёсьць = ё; кажа, кажуць = ка
Таксама карацейшыя варыянты маюць прыназоўнікі паміж = між, каля = ля, няхай = хай.Некаторыя словы (ё = ёсьць) бытуюць як асноўная (звычайная) форма ў гаворках.
— А за Гомлем людзі ё?
— Ё, толькі дробненькіЁ!
Згаданае вышэй ёмістае слова до, і ня менш ёмістае досыць, і сынонім да іх годзе нярэдка забываюць, а ўжываюць слова хопіць, якое выглядае на кальку з расейскага хватит. Колішняя добрая гомельская грамадзкая ініцыятыва «Хопіць піць — трэба жыць», скіраваная на разгубленых у жыцьці людзей, магла б звацца лепей: «Годзе піць...» або нават «До піць — трэ жыць!»Бальшыню гэтых формаў (словаў) у акадэмічных даведніках савецкай пары падавалі, але (ці не з прычыны браку аналягічных у расейскай мове) запісвалі ў «размоўныя». Скажам, мо, нат, трэ ў Тлумачальным слоўніку 1970–80-х гадоў. Хаця прыклад там — радкі М. Танка: Дыміць туман. Мо лепш перачакаць, Пакуль зара не прыадчыніць дзьверы? — што ж тут размоўнага?
І сапраўды, словы гэтыя ўвечненыя нашымі клясыкамі ў найбольш узьнёслых творах, зьмест і настрой якіх далёкія ад нефармальна-«размоўнага»:
Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся
Прадалі і аддалі ў палон?
Максім Багдановіч. «Пагоня». 1916
Абсячэньне слова мяняе ягоную інтанацыю, паўзы. Скажам, мадальнае слова можа звычайна вылучаецца коскамі, а слова мо — не вылучаецца.
Расейская мова такой зьявы ня ведае. Мо таму, што ў расейскай моўнай плыні ненаціскныя галосныя могуць зусім прападаць („пжалста“, „какгрится“) — такая эканомія ў вуснай расейскай мове. Лявон Вольскі іранічна малюе вобраз героя, устаўляючы русізм у беларускі моўны рытм:
Адзін зь іх Юзік,
Другі, какгрыцца, Казік...
У беларускай жа мове галосныя не «зьядаюцца» і практычна не мяняюць тэмбру нават не пад націскам. Рытм беларускага маўленьня больш раўнамерны. Кажам выразна: мАлАкО, не [мълъко] (рас.). У нашай мове часта ўжываныя словы скарачаюцца коштам пропуску цэлых складоў у канцы або пачатку слова (акрамя нат), а не асобных галосных.
Для несавецкіх беларускіх мовазнаўцаў і мэтадыстаў гэтыя формы былі важнай катэгорыяй, яны лічылі неабходным уключаць іх асобнай тэмай нават у лемантары. Вось старонка «Скарочаныя словы» з заходнебеларускага лемантара лацінкаю.
У кірылічным беларускім пісьменстве міжваеннай пары, а таксама і пазьней, скажам, у Яна Станкевіча, такія словы таксама пісаліся з апострафам на месцы скароту.
Але ў кірыліцы апостраф найперш мае іншую ролю — паказвае, як чытаецца галосная літара пасьля яго: абед ці аб’едкі. Таму апошнім часам абсечаныя словы, прынамсі, у кірыліцы, абыходзяцца без апострафа. Заадно эканомім знак. Тады месца будзе до.