Візы для дыпляматаў могуць спыніць перамовы Беларусі з Эўразьвязам

Абвестка ў Менску

У Эўразьвязе не выключаюць, што калі Эўпропа адмовіцца абмяркоўваць адмену візаў для беларускіх дыпляматаў, у перамовах аб спрашчэньні візавага рэжыму з Беларусьсю могуць узьнікнуць праблемы. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Як паведаміла крыніца ў Эўракамісіі, падчас сустрэч з беларускім бокам зімой гэтага году пытаньне пра адмену візаў для беларускіх дыпляматаў і чальцоў афіцыйных дэлегацый не ўзьнімалася. Аднак падчас першага раўнду перамоваў, які адбыўся ў Менску 12 чэрвеня, сярод прапановаў, якія ўнёс беларускі бок, была і адмена візаў для ўладальнікаў дыппашпартоў.

Праблема палягае ў тым, падкрэсьліла крыніца, што цяперашні мандат на правядзеньне перамоваў з Беларусьсю па пагадненьнях аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі, выдадзены Эўракамісіі ў 2011 годзе, не прадугледжвае магчымасьці абмеркаваньня пытаньня пра адмену візаў для дыпляматаў. Для правядзеньня перамоваў па гэтым пытаньні неабходна атрымаць яшчэ адзін мандат, які выдае Рада Эўразьвязу.

Крыніца выказала сумнеў у тым, што такі мандат будзе выдадзены, калі палітычная сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца і калі афіцыйны Менск «не зробіць якіх-небудзь пазытыўных крокаў».

У той жа час суразмоўца агенцтва адзначыў, што на перамовах на мінулым тыдні беларускі бок выразна даў зразумець, што вельмі зацікаўлены ў станоўчым вырашэньні пытаньня наконт адмены візаў для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў.

Паводле словаў крыніцы, у ЭЗ не выключаюць, што ў выпадку адмовы Беларусь можа адмовіцца ад перамоваў у цэлым. Афіцыйны Мінск можа такім чынам «адыграцца на простых грамадзянах». «Кітай таксама выкарыстоўвае такую тактыку», — дадаў суразмоўца.

Раней іншая крыніца ў Эўразьвязе паведаміла, што адным з пазытыўных захадаў магло б стаць вызваленьне беларускіх палітычных зьняволеных.