За 20 грамаў золата — 6 гадоў з канфіскацыяй

Былы намесьнік генпракурора Аляксандр Архіпаў і былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў на лаве падсудных

Ваенная калегія Вярхоўнага суду асудзіла былога намесьніка генпракурора Аляксандра Архіпава на 6 гадоў зьняволеньня за хабар. Былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Канаплёў прызнаны вінаватым у неданясеньні, яму прысудзілі буйны штраф.

За 20 грамаў золата былы намесьнік генпракурора Аляксандар Архіпаў сядзе ў турму на 6 гадоў. Што менавіта такой была вага залатога зьлітку, атрыманага ў якасьці хабару, стала вядома з прысуду, які зачытаў судзьдзя Аляксандар Лупіновіч.

«Залаты мерны зьлітак Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі нумар А39504 наміналам 20 грамаў канфіскаваць. Скрынку чорнага колеру з залацістай устаўкай зьнішчыць. Журнал уліку каштоўных мэталаў перадаць Менскай абласной дырэкцыі «Белгазпрамбанку».

Акрамя хабару, Аляксандра Архіпава прызналі вінаватым у злоўжываньні ўладай. У яго канфіскавалі маёмасьць у выглядзе аўтамабіля «Шкода» і пазбавілі кляснага чыну «саветнік юстыцыі 3 ступені». Тут жа ў судовай залі яму начапілі кайданкі. Верагодна, што Архіпаў чакаў такога выніку, бо прыйшоў у суд ужо з пакункам рэчаў. Перад прысудам карэспандэнт Свабоды запытаў у яго, ці прызнаў ён сябе вінаватым. «Без камэнтароў», — адказаў Аляксандар Архіпаў.

А вось колішні старшыня Палаты прадстаўнікоў і цяперашні кіраўнік фэдэрацыі гандболу Ўладзімер Канаплёў перад абвяшчэньнем прысуду не хаваў свайго стаўленьня да абвінавачаньня ў неданясеньні аб злачынстве. «Канечне», — адказаў на гэтае пытаньне Ўладзімер Канаплёў. Таксама ён сказаў, што ня мае прэтэнзіяў да таго, як праходзіў працэс. Перад тым як выйсьці з судовай залі, Канаплёў і Архіпаў, якога ўжо чакаў міліцыянт з кайданкамі, абняліся. На вуліцы Ўладзімер Канаплёў адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў і хутка сышоў. Цягам месяца ён мусіць сплаціць штраф у памеры 135 мільёнаў рублёў — гэта больш за 13 тысяч даляраў. У судзьдзі спадар Канаплёў пытаўся, ці магчыма расьцягнуць тэрмін на некалькі месяцаў. Адказ быў такі, што гэта трэба вырашаць з судовымі выканаўцамі.

Your browser doesn’t support HTML5

Архіпаву — 6 гадоў калёніі, Канаплёву — 135 мільёнаў штрафу


З прысуду, які прагучаў сёньня ў Вярхоўным судзе, таксама вынікае, што абодва былыя чыноўнікі ў лістападзе мінулага году былі арыштаваныя. Архіпаў адбыў пад вартай 15 дзён, Канаплёў — 9 дзён, з 17 па 26 лістапада.

Перад гэтым, 14 лістапада 2013 году, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад генэральнага пракурора Аляксандра Канюка далажыць пра расьсьледаваньне пэўных крымінальных спраў, у тым ліку ў дачыненьні да Архіпава.

«Дружкі там яго (Архіпава) уцягнулі ў гэтую афёру, чалавека забілі, п’яны кіроўца. Няважна, якія ў іх там былі адносіны, але чалавек загінуў. Уявіце, як рэагуе на гэта сям’я. З дапамогай улады гэтую справу замялі. Што падумаюць людзі, навакольныя, сям’я? Падумаюць, што ў нас няма ўлады? Дзе справядлівасьць? Таму пракантралюйце, якія прымаюцца меры», — запатрабаваў Лукашэнка.

Працэс над Архіпавым і Канаплёвым праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. У выніковай частцы прысуду не прагучала прозьвішча чалавека, пацярпелага ад дзеяньняў таго, каго пакрываў Аляксандар Архіпаў пры магчымым пасярэдніцтве Ўладзімера Канаплёва. Назіральнікі адзначылі, што рашэньне зачытаць выніковую частку, а ня ўвесь прысуд, судзьдзя прыняў, не спытаўшыся меркаваньня абвінавачаных.