Напачатку тыдня стала вядома, што супраць былога палітвязьня Аляксандра Малчанага зноў завялі крымінальную справу па падзеях трохгадовай даўніны. Што здарылася? Які лёс гэтай справы?
Аляксандр Малчанаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што праблема вырашылася станоўча.
«Мяркую, справу ўсё ж завялі дзеля таго, каб адразу спыніць. Літаральна ўчора быў у сьледчага. Ён мне вярнуў ноўтбук, які забралі 2,5 гады таму. Паспрабаваў мяне паўторна дапытаць, але я адмовіўся. І тады справу закрылі ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін даўніны. Гэта была справа, што я нібыта напісаў нешта на чырвона-зялёны сьцяг і намаляваў на ім малюнкі. Гэта адбывалася нібыта ў кастрычніку 2011 году. Мяне тады зьбілі каля майго дому, кіраваў затрыманьне маёр Уладзімер Волкаў. Тады спачатку затрымалі нібыта за непадпарадкаваньне, а каля я сядзе ў пастарунку, то сьледчы паведаміў, што супроць мяне заведзеная справа аб надругальніцтве над дзяржаўным сьцягам, чаго я не рабіў. Нічога яны ў выніку не даказалі і зараз спыняюць гэтую справу».
Пра сябе Аляксандр Малчанаў распавёў, што цяпер зноў беспрацоўны, але спадзяецца знайсьці працу ў Менску, калі з яго здымуць прэвэнтыўны нагляд, што быў усталяваны мінулым летам.
____________________________________
У 2011 годзе Аляксандр Малчаўнаў быў асуджаны на 3 гады за удзел ў мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Выйшаў на волю паводле памілаваньня. Зноў быў кінуты за краты паводле прысуду аб крадзяжы металалёму. На судзе тлумачыў, што мусіў зьбіраць мэталалём на закінутым заводзе ў Жодзіна, бо нікуды не бралі на працу, а жыць нейк было трэба. Паралельна па Малчанава была заведзеная справа нібыта за надругальніцтва над дзяржаўным сьцягам, якую паабяцалі закрыць толькі зараз.