На фоне хаосу тысячы жыхароў пакінулі свае дамы ва Ўкраіне

Сотні людзей каля міграцыйнага офісу ў Расеі у Белгарадзе, сьцьвярджаюць, што прыбылі з Украіны

Узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны прымушае тысячы мірных жыхароў пакінуць свае дамы. Аднак на фоне хаосу і жорсткай інфармацыйнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай маштабы крызісу з уцекачамі цяжка ацаніць.

Людміла Дзенісенка перажыла тыдні баёў у яе родным Славянску, эпіцэнтры сэпаратысцкага канфлікту. Але на мінулым тыдні, калі быў абстраляны дзіцячы шпіталь, цярпеньне жанчыны, нарэшце, лопнула. Яе сям’я перабралася ў адносна бясьпечны гарадок Ізюм, што за 50 км ад Славянску.
Хаос, аднак, не дае магчымасьці дакладна ацаніць маштабы крызісу

«Мы прыйшлі сюды голыя-босыя», — сказала Людміла нашаму карэспандэнту ў гарадзкой радзе Ізюму, дзе яе прынялі для часовага пражываньня і аказаньня дапамогі. — «Мы больш не маглі застацца. Дзіцячую бальніцу разбамбілі, чыгуначны вакзал разбамбілі, аўтавакзал разбамбілі. Выехалі на спадарожных машынах».

Як і Дзенісенка, тысячы людзей пакінулі ўсходнюю Ўкраіну цягам апошніх тыдняў. Хаос, аднак, не дае магчымасьці дакладна ацаніць маштабы крызісу. Паводле ацэнак Агенцтва па справах уцекачоў ААН, цяпер ва Ўкраіне больш за 17 500 унутрана перамешчаных асоб.

Каля 11 тысяч зь іх — былыя жыхары Крыму, якія зьбеглі адтуль пасьля яго далучэньня да Расеі ў сакавіку. Астатнія ўкраінцы з усходу вымушаныя былі пакінуць свае дамы ў выніку сэпаратысцкага канфлікту.


«Большасьць зь іх жанчыны і дзеці, каля адной траціны складаюць дзеці», кажа Олдрыч Андрысек, прадстаўнік агенцтва ў Беларусі, Малдове і Ўкраіне. «Працэнт старых, пэнсіянэраў адносна невялікі. Яны ня хочуць пакідаць свае дамы, хаця умовы вельмі дрэнныя».

Паток уцекачоў узмацняецца і пасьля таго, як украінскі ўрад пачаў «антытэрарыстычную апэрацыю», каб выкараніць сэпаратыстаў з усходняй Украіны. Іх рэальная колькасьць, верагодна, значна большая, чым ацэнкі агенцтва ААН — гэтыя разьлікі не ўключаюць тых, хто зьвярнуўся па дапамогу да няўрадавых груп або перачэкваюць канфлікт у сваякоў. Як дадае Андрысек з агенцтва ААН, «гэта грубая ацэнка, лічба можа быць удвая большай, але гэта цяжка пацьвердзіць.
Інфармацыйная вайна паміж Масквой і Кіевам выклікала яшчэ большую блытаніну адносна колькасьці і месцазнаходжаньня ўкраінцаў у Расеі.

Агенцтва валодае зьвесткамі пра тых украінцаў, што знайшлі прытулак за мяжой. Па гэтых дадзеных, больш за 440 грамадзян Украіны з пачатку года падалі хадайніцтва аб прытулку ў Польшчы. Па стане на 13 чэрвеня, кажа Андрысек, 22 чалавекі таксама папрасілі прытулку ў Беларусі і яшчэ 19 у Малдове.

Многія сем’і, як мяркуецца, зьбеглі ў суседнюю Расею, і ўскладненьне яе адносінаў з Захадам робіць цяжкім падлік для міжнародных арганізацый. Інфармацыйная вайна паміж Масквой і Кіевам выклікала яшчэ большую блытаніну адносна колькасьці і месцазнаходжаньня ўкраінцаў у Расеі. Дзяржаўныя тэлеканалы ў Расеі паказваюць рэпартажы зь лягераў уцекачоў, заселеных украінскімі сем’ямі. Масква заяўляе, што сутыкаецца з гуманітарным крызісам на сваёй мяжы, што катэгарычна адпрэчваюць ўкраінскія ўлады.

Так, расейскі дзіцячы амбудсмэн Павал Астахаў раней у гэтым месяцы заяўляў, што толькі за адзін дзень у Растоўскую вобласьць прыбылі больш як 8 тысяч чалавек. Віцэ-прэм’ер Расеі Вольга Галадзец ацэньвала колькасьць уцекачоў на 2 500, адзначыўшы, што яе краіна можа прыняць да 10 тысяч. Самую высокую лічбу, аднак, называе прадстаўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін, паводле яго ўжо 15 тысяч украінцаў з усходу зьбеглі ў Расею. Прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў, у сваю чаргу, называе лічбу 4000 чалавек і абвінавачвае Кіеў у ігнараваньні крызісу ўцекачоў.

Кіеў працягвае адмаўляць масавыя ўцёкі ўкраінцаў у Расею. Олдрыч Андрысек з агенцтва ААН у гэтай сувязі адзначае, што рэакцыю ўкраінскага ўраду на крызіс уцекачоў нельга назваць сыстэмнай.

На гэтым тыдні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка распарадзіўся стварыць гуманітарныя калідоры, каб грамадзянскія асобы маглі пакінуць раёны, найбольш пацярпелыя ад канфлікту. У дадатак прэм’ер-міністр Арсен Яцанюк даручыў ураду стварыць агульнанацыянальную базу дадзеных уцекачоў, каб палегчыць аказаньне ім дапамогі.