20 гадоў ідуць спрэчкі вакол беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Па якіх крытэрыях вызначаць яе эфэктыўнасьць? Якія вынікі цяперашняй эканамічнай палітыкі? Чаму Аляксандр Лукашэнка адмаўляе рынкавыя рэформы? Абмяркоўваюць прафэсар Барыс Жаліба і эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў.
Крытэрыі эфэктыўнасьці
Ёсьць яшчэ ускосныя крытэрыі. Напрыклад, стартавыя ўмовы Беларусі і Польшчы былі прыкладна аднолькавыя. Аднак цяпер Польшча нас абагнала па ўзроўню жыцьця ў 1,5-2 разы. Раней палякі езьдзілі «на закупы» ў Беларусь, цяпер, наадварот, беларусы езьдзяць купляць тавары ў Польшчу і Літву. Бо там прадукцыя больш танная і якасная. Беларусь — чэмпіён сярод краін СНД па інфляцыі.
Рэакцыя грамадзтва на існую эканамічную палітыку
Карбалевіч: Параўноўваць абсалютныя лічбы за 20 гадоў можна, і яны сьведчаць аб прагрэсе. Але за 20 гадоў і ўвесь сьвет не стаяў на месцы. Гэта як у СССР увесь час параўноўвалі з 1913 годам, а народ сьцябаўся.Лукашэнка ў апраўданьне сваёй палітыкі заўсёды кажа: так хоча народ. Маўляў, большасьць беларусаў не прымае рынку. І сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што народ па гэтаму пытаньні расколаты прыкладна папалам. Апазыцыя, якая выступае за рынкавыя рэформы, ня мае асаблівай падтрымкі грамадзтва. Дык воля народу — справа сьвятая?
Жаліба: Нашы людзі ніколі не жылі ва ўмовах рынкавай эканомікі. У нас былі гады аднаўленчага росту, калі тэмпы росту ВУП за год складалі каля 10%. Але гэты пэрыяд закончыўся. Сёньня беларуская эканоміка стала прыдаткам расейскай эканомікі. Яна можа выжываць толькі на танных расейскіх энэрганосьбітах. Вычарпаныя экспартныя рэзэрвы. Прадпрыемствы машынабудаўнічай галіны складаюць у нашым экспарце 3-4%. Пабудаваная Лукашэнкам аўтарытарная эканоміка вычарпала ўсе свае рэсурсы і рэзэрвы. Эканоміка знаходзіцца ў стане рэцэсіі. Мы не акрыялі яшчэ ад жахлівага крызысу 2011 г. Удалося толькі аднавіць той жа заробак з больш танным далярам. Беларуская эканоміка зайшла ў тупік. Мы жывем ад крэдыта да крэдыта, які можа даць толькі Расея. Такая эканоміка ня мае пэрспэктываў.
Жбанаў: Шараговаму абывацелю рэформы ніколі не патрэбныя. Яму важны сёньняшні ўзровень спажываньня.
Карбалевіч: То бок, рэформы — гэта праблема не грамадзтва, а эліты?
Жбанаў: Абсалютна. Рынкавыя рэформы — гэта заўсёды вельмі хваравітая апэрацыя. Дарэчы, гэта бачна сёньня, а яшчэ больш будзе бачна хутка ва Ўкраіне.
Чаму Лукашэнка ня хоча праводзіць рэформы?
Карбалевіч: Вось, спадар Жаліба, вы сказалі, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў тупіку. Апошнімі гадамі сам Лукашэнка прызнае, што справы ў эканоміцы ідуць няважна. Ён крытыкуе ўрад, дырэктарат, абяцае ўсіх пасадзіць за краты. Здаецца, лягічнай высновай з гэтага былі б рынкавыя рэформы. Аднак Лукашэнка іх адмаўляе. Чаму?
Жаліба: Бо гэта супярэчыць ягонай прыродзе, ён па іншаму не ўяўляе сабе эканоміку і кіраваньне ёй.
Карбалевіч: Хачу запярэчыць. Падчас гарбачоўскай перабудовы ў пачатку 1990-х гадоў Лукашэнка выступаў у мэдях як рыначнік, ён моцна крытыкаваў савецкую камандную сыстэму, калгасны лад, назваў тую сыстэму фэадальнай, патрабаваў рынкавых рэформаў.
Жаліба: У яго словы разыходзяцца з справамі, ён жыве кан’юнктурнымі інтарэсамі. Беларуская эканоміка — камандна-адміністратыўная. 70% ВУП даюць дзяржаўныя прадпрыемствы. І такая мадэль аптымальная для утрыманьня ўлады. А рынкавыя рэформы азначаюць зьмену вытворчых адносін і значыць ствараюць пагрозу ўладзе.
Карбалевіч: Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму правесьці рынкавыя рэформы лягчэй, чым ва ўмовах дэмакратыі. Гэта даказалі і азіяцкія «тыгры», і Чылі часоў Піначэту. Чаму Лукашэнка гэтага ня робіць?
Жбанаў: Сапраўды, існая беларуская мадэль працуе ня лепшым чынам. Але нельга сказаць, што рынкавыя эканомікі ў краінах ЭЗ добра працуюць. Лукашэнку ўдаецца падтрымліваць і месцамі павышаць узровень жыцьця ў межах існай мадэлі. Беларусь дасюль жыла за кошт расейскай вуглевадароднай рэнты. А цяпер мы яшчэ жывем ад крэдыту да крэдыту.
Карбалевіч: Ці ёсьць краіна ў Эўропе, якая жыве без крэдытаў?
Жбанаў: Абсалютна правільна. І наш абывацель глядзіць на гэта і вялікай розьніцы ня бачыць. Прычым у краінах ЭЗ узровень доўгу адносна ВУП нашмат большы, чым у Беларусі. Але хутка і ў нас, і ў Эўропе гэта шоў закончыцца. Прыйдзе крэдытор і запатрабуе вяртаць грошы.
Ці ўсьвядоміла грамадзтва неабходнасьць перамен?
Карбалевіч: Ці можна казаць, што экспэрты робяць высновы пра эканамічны тупік, але і грамадзтва, і эліта гэта не ўсьвядомілі?
Жаліба: Не. Лічу, што большасьць народа гэта ўжо ўсьвядоміла. Людзі гэта бачаць па сваіх заробках, цэнах. Маса грамадзян езьдзіць працаваць за мяжу, езьдзіць купляць у Польшчу, Літву. Праблема ў тым, што ва ўлады няма зваротнай сувязі з грамадзтвам.
Карбалевіч: Паводле апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня НІСЭПД, колькасьць прыхільнікаў капіталізму і сацыялізму прыкладна аднолькавая.
Жаліба: Я не давяраю гэтым дасьледаваньням.
Жбанаў: Насельніцтва сьпінным мозгам адчувае, што ў эканоміцы штосьці ня так. І яно страхуецца пакупкай валюты. Ня ведаю ніякай іншай нацыі, акрамя беларусаў, якая б так уважліва адсочвае працэсы на фінансавым рынку і так здорава ў іх разьбіраецца. Па маленькім прыкметам (дае Расея крэдыт ці не) яна робіць выснову, набліжаецца эканамічная катастрофа ці не. Таму народ навучыўся прымаць правільныя эканамічныя рашэньні ў бытавых пытаньнях. Вось падчас праграмы актыўнага жыльлёвага будаўніцтва за кошт льготных крэдытаў свае жыльлёвыя ўмовы палепшылі тыя, хто ўважліва сачыў за сытуацыяй і выкрыстоўваў хібы гэтай сыстэмы. Некаторыя пабудавалі па 2-3 кватэры. Мы прыстасаваліся да сыстэмы.