Лукашэнка быў гатовы дапамагчы Мілошавічу самалётамі і С-300

ілюстрацыйнае фота

У 1990-х гадах Аляксандр Лукашэнка быў гатовы дапамагчы Слабадану Мілошавічу зэнітна-ракетнымі комплексамі С-300 і вайсковымі самалётамі, аднак тагачасны прэзыдэнт Югаславіі адмовіўся, ня верачы, што НАТО «можа ажыцьцявіць такую агрэсію».

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня ў інтэрвію сэрбскім СМІ (стэнаграма была апублікаваная 10 чэрвеня ў бялградзкай газэце «Палітыка»).

«Так, шчыра кажучы, мы са спадаром Мілошавічам разглядалі такі варыянт дапамогі. І ня толькі С-300, але і самалётамі. Мы распрацавалі і маршруты. Мы знайшлі герояў-пілётаў у Беларусі, якія паспрабавалі б непрыкметна прыляцець у Сэрбію. Гэта была вельмі рызыкоўная задача, бо гэта ваенныя самалёты, зьнішчальнікі, а не цывільныя», — сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, у такіх самалётаў абмежаваная далёкасьць палёту без дазапраўкі, тым больш калі на борце зброя. Ён сустрэўся з лётчыкамі і абмаляваў ўсе рызыкі:

«Яны сказалі, што гатовыя ляцець і прайсьці незаўважанымі праз Украіну, паколькі ведалі там шляхі», — заявіў Лукашэнка.

Слабадан Мілошавіч ад дапамогі адмовіўся, а калі НАТО пачало апэрацыю, перапраўляць ў Югаславію ЗРК было ўжо позна — пачалася блякада.

«Мілошавіч казаў мне: нам бы хоць адзін ваш С-300, і ўсё было б скончана. Я адказаў, што трэба было думаць раней, тым больш што мы прапаноўвалі», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелаПАН.