Дарадца Пуціна прапануе бамбаваць украінскія войскі

Сяргей Глазьеў

Дарадца прэзыдэнта Расеі Сяргей Глазьеў прапануе, каб Расея, на ўзор амэрыканскай апэрацыі ў Лібіі ў 2011 годзе, нанесла ўдар па ўкраінскай арміі, каб ня даць ёй узмацніцца.
Пра гэта Сяргей Глазьеў заявіў падчас «круглага стала» ў інфармацыйным агенцтве «Россия сегодня». Пра гэта паведамляюць расейскія
і ўкраінскія СМІ

«Хачу нагадаць словы Чэрчыля: «Той, хто паміж ганьбай і вайной выбірае ганьбу, атрымлівае і вайну, і ганьба адначасова. Гэта вайна сучасная. Гэта не значыць, што нам трэба накіроўваць нашы танкі на Кіеў, але, прынамсі, спыніць генацыд насельніцтва мы маем права,» — сказаў Глазьеў.

«Для гэтага дастаткова закрыць неба і выкарыстоўваць той жа мэханізм падаўленьня ваеннай тэхнікі, які ўжылі тыя ж амэрыканцы ў Лібіі, якія спачатку закрылі неба, потым з паветра расстралялі бронетэхніку, артылерыю, авіяцыю і такім чынам зрабілі той рэжым, зь якім яны ваявалі, небаяздольным,» — патлумачыў дарадца прэзыдэнта РФ.

«У нас яшчэ ёсьць магчымасьць гэта зрабіць, праз паўгода такой магчымасьці ўжо не будзе,» — сказаў ён.

Ён заявіў, што ўлады Ўкраіны ўзялі курс на мілітарызацыю і мабілізацыю насельніцтва супраць Расеі.

«Паглядзіце дынаміку — калі ў сьнежні нацыстаў было 2 тысячы чалавек у Кіеве, у лютым — 20 тысяч, у траўні іх ужо 50 тысяч разам з вайскоўцамі, у сярэдзіне лета іх будзе 100 тысяч, у верасьні іх будзе 200 тысяч, да канца года яны мабілізуюць 500 тысяч чалавек,» - сказаў Глазьеў і дадаў, што ва Украіне праводзіцца раскансэрвацыя ваеннай тэхнікі.

«Мы атрымліваем магутную ваенную машыну, арыентаваную супраць нас, нашпігаваную нацыстамі, ідэалягічна зараджанымі супраць Расеі. Канчатковай мэтай гэтага ўсяго дзеяньня зьяўляецца вайна з Расеяй. Мы не зможам, страціўшы Данбас, захаваць мір, паколькі наступная мэта, якая дэкляруецца — Крым,» — сказаў ён.

Глазьеў лічыць, што ЗША «жорстка, настойліва і пасьлядоўна штурхаюць Украіну на вайну з Расеяй дзеля Крыму», і мэта Пятра Парашэнкі — «вайна з Расеяй, таму што па-іншаму Крым не вярнуць».

Дарадца прэзыдэнта РФ мяркуе, што ўкраінскія ўлады ўжываюць усе наяўныя ў іх сродкі супраць Данбасу і «будуць іх ужываць да канца, да поўнага зьнішчэньня супраціву».