Вэтэранку Арміі Краёвай будуць судзіць за гуманітарную дапамогу

Вераніка Сэбасьцяновіч

83-гадовую Вераніку Сэбасьцяновіч, кіраўніцу Саюзу жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі, вінавацяць у кантрабандзе больш як 70 скрынак з гуманітарнай дапамогай для вэтэранаў Арміі Краёвай. Справу ў дачыненьні да яе накіравала ў суд Гарадзенская мытня, суд адбудзецца 17 чэрвеня.
Вераніка Сэбасьцяновіч прыехала ў Кастрычніцкі суд Горадні сёньня, бо пры складаньні пратаколу ёй патлумачылі, што суд павінен адбыцца 10 чэрвеня. Аднак адвакат Сэбасьцяновіч патлумачыла, што судзьдзя прызначыла разгляд справы толькі на 17 чэрвеня з прычыны сваёй занятасьці.

Побач з будынкам Кастрычніцкага суду Сэбасьцяновіч распавядае, што кожны год Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні прывозіць гуманітарную дапамогу для былых жаўнераў Арміі Краёвай, якія жывуць у Беларусі. А Сэбасьцяновіч як кіраўніца арганізацыі развозіць яе вэтэранам АК непасрэдна па хатах.

Паводле Сэбасьцяновіч, і сёлета 2 красавіка ёй патэлефанаваў кіроўца з консульства і сказаў, што прывязе гуманітарную дапамогу.

Сэбасьцяновіч: «Бус з консульства прывёз, разгрузілі гэта, а яны нас ужо чакалі, бо мы гаварылі па тэлефонах. Усё гэта вынесьлі, паразрэзвалі. Напэўна, шукалі аўтаматаў. Але акрамя макароны і алею, нічога не знайшлі, і яшчэ нешта салодкае. Ну, і забралі ўсё».

Пазьней у Гарадзенскай мытні на яе склалі пратакол, у якім запісана, што невядомая асоба з Польшчы набыла і раздала іншым асобам у Польшчы прадукты харчаваньня і сувэніры агульным коштам каля тысячы эўра для адпраўкі іх дробнымі партыямі ў Беларусь.

Пазьней гэтыя тавары былі выяўленыя ў Скідзелі ў хаце Веранікі Сэбасьцяновіч, якая, на думку мытнікаў, павінна была каардынаваць кантрабанду.

Цяпер яе вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэньні за перавозку грузу празь мяжу бяз мытнага афармленьня.

Асабліва пакрыўдзіла спадарыню Сэбасьцяновіч, што мытнікі прыпісалі ёй кантрабанду, хоць добра павінны ведаць, што да перавозкі гуманітарнага грузу яна ніякага дачыненьня ня мела.

Сэбасьцяновіч: «Я вам скажу коратка — яны зрабілі гэта, проста каб пакрыўдзіць нас, старых людзей. Мы для іх — гора, яны нас ненавідзяць, хоць мы адпрацавалі па 40 гадоў, атрымліваем пэнсіі, і мы ж грамадзяне Беларусі. І за гэтую макарону яны яшчэ цягаюць нас у суд... Я наагул не магу нават нешта і сказаць на гэты конт, бо гэта абсурд, сьмешна...»

Чальцы непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў прыйшлі ў суд падтрымаць Вераніку Сэбасьцяновіч



Прэсавы сакратар непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік патлумачыў Свабодзе, што гуманітарную дапамогу вэтэранам АК у Беларусі зьбіраюць грамадзкія арганізацыі ў Польшчы проста сярод людзей. Падобныя акцыі праводзяцца, паводле Пісальніка, ужо пяць ці шэсьць гадоў, і ніколі раней беларускія ўлады на гэта ўвагі не зьвярталі.

Пісальнік: «Гэта даволі сьціплая дапамога: там могуць быць чакаляда, крупы, кашы розныя, цукар, мука... Бо трэба памятаць, што большасьць вэтэранаў АК жывуць у аддаленых вёсках і не заўсёды могуць дабрацца да крамы. Таму гэта вельмі істотная дапамога. Людзі ў Польшчы разумеюць гэта і таму ахвотна бяруць удзел у такіх акцыях».

На суд сёньня прыйшоў і Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Хадкевіч. Ён сказаў Свабодзе, што іх вельмі непакоіць факт канфіскацыі ў спадарыні Сэбасьцяновіч гуманітарнай дапамогі з Польшчы для жаўнераў АК, якая была дастаўлена праз пасярэдніцтва консульства.

Хадкевіч: «А па-другое, што яшчэ больш значна, гэта тое, што абвінавачаньні спадарыні Сэбасьцяновіч, якая нібыта ўтварыла нейкую групу для правозу тавару празь мяжу і якой яшчэ нібыта кіравала, выстаўлены непраўдзівыя. І калі суд падтрымае гэта, то мы будзем трактаваць гэтыя абвінавачаньні як тыя, якія цалкам разыходзяцца з рэальнымі фактамі».

Паводле праваабаронцаў, Вераніцы Сэбасьцяновіч можа пагражаць штраф ад 5 да 30 базавых велічынь. Нагадаю, што летась Вераніка Сэбасьцяновіч была аштрафавана на 2,5 мільёна за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ды за ўсталяваньне ў Шчучынскім раёне крыжа ў памяць жаўнераў Арміі Краёвай.