МУС не камэнтуе зьвесткі пра ўладкаваньне беркутаўцаў у АМАП

Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалкевіч гэтак адказаў на прапанову карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваць зьвесткі сайту газэты «Салідарнасць» gazetaby.com пра працаўладкаваньне ў беларускім АМАПе былых супрацоўнікаў украінскага «Беркуту»:

«МУС не камэнтуе нізкаякасныя сачыненьні на вольную тэму, разьмешчаныя ў інтэрнэце», — сказаў Канстанцін Шалкевіч.

4 сакавіка на сайце інтэрнэт-выданьня «Салідарнасць» зьявіўся аповед журналісткі пра знаёмага амапаўца, які паведаміў ёй пра ўладкаваньне ў беларускі АМАП былых супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня МУС Украіны «Беркут», якое выкарыстоўвалі для разгону Майдану. «Яны загад выконвалі. І, ведаеш, да нас беркутаўцаў бяз конкурсу бяруць. Прыяжджаюць у беларускі АМАП працаваць», — паведаміў беларускі амапавец журналістцы.

У канцы лютага ў беларускіх і ўкраінскіх мэдыях зьявіліся зьвесткі пра тое, што на тэрыторыі Беларусі хаваюцца высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі, якія зьбеглі з краіны пасьля перамогі Майдану. Гэтыя зьвесткі абверг МЗС Беларусі. Таксама зьявілася інфармацыя, што на тэрыторыі Беларусі хаваюцца былыя супрацоўнікі «Беркуту». Дагэтуль афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі не было.