Малдова спакушае Прыднястроўе Шэнгенам

Месяц таму Эўразьвяз стаў пускаць грамадзянаў Малдовы ў Шэнгенскую зону Эўразьвязу бязь візаў. Гэтая магчымасьць не засталося незаўважанай у сэпаратысцкім рэгіёне краіны — Прыднястроўі.

Ад пачатку гэтага году каля 8 тысяч жыхароў Прыднястроўя прыйшло ў Малдову, каб зарэгістравацца і атрымаць малдоўскі біямэтрычны пашпарт, які дае права на бязьвізавыя паездкі ў 26 краінаў Шэнгенскай зоны.
За першы месяц бязьвізавага рэжыму ў краіны Эўразьвязу паехала 40 тысяч малдаванаў, гэта значыць, на 20% больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.


Улады ў Кішынэве цяпер штомесяц атрымліваюць ад жыхароў Прыднястроўя прыблізна 2000 просьбаў аб выдачы малдаўскага пашпарту.

За першы месяц бязьвізавага рэжыму ў краіны Эўразьвязу паехала 40 тысяч малдаванаў, гэта значыць, на 20% больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году.

Як лічаць назіральнікі, пэрспэктыва бязьвізавых паездак у Эўразьвяз стала козырам у руках ураду ў Кішынэве, які імкнецца вярнуць сэпаратысцкі рэгіён пад свой кантроль.
«Бязьвізавы рэжым з Эўропай — гэта выдатна» — сказала карэспандэнту Радыё Свабода жыхарка Ціраспалю, якая пажадала застацца ананімнай.

«Для многіх людзей гэта спросьціць жыцьцё і павялічыць іх магчымасьці. Адзінае, што выклікае пытаньні — колькі людзей зможа пакарыстацца гэтым, таму што падарожжа ў Эўропу ня з танных. Даходы людзей у Прыднястроўі сярэднія і ніжэй сярэдніх, і ад іх нават паездка ў суседнюю Ўкраіну патрабуе шмат грошай».