Спэцапэрацыя на плошчы Бангалор

Ілюстрацыйнае фота

Здарэньне на плошчы Бангалор у Менску, успрынятае відавочцамі як забойства, было затрыманьнем наркадылераў ў браняраваным «Мэрсэдэсе».
Мінулай ноччу ў Менску на плошчы Бангалор людзі заўважылі дзіўныя падзеі, якія расцанілі як напад і забойства.

Аднак гэта было затрыманьнем наркадылераў у браніраваным «Мэрсэдэсе», паведаміў БелаПАН прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандар Ластоўскі.

Паводле яго словаў, падчас адмысловай міліцэйскай апэрацыі, праведзенай апэратыўнікамі аддзяленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Фрунзенскага РУУС Менска сумесна з байцамі спэцпадразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» па падазрэньні ў незаконным абароце наркотыкаў былі затрыманыя пяцёра маладых чалавек.

Асноўны наркадылер 1997 нараджэньня ехаў па Менску на «Мэрсэдэсе». Міліцыянты заблякавалі ягоны аўтамабіль на плошчы Бангалор. Далей у машыне пры дапамозе спэцінструмэнту былі выбітыя браняваныя шыбы, а кіроўца і пасажыры 1994-1997 гадоў нараджэньня былі затрыманыя падчас зьдзяйсьненьня зьдзелкі.

Канфіскавана звыш 20 грамаў псыхатропных рэчываў.

Здарэньне адбылося апоўначы з 4 на 5 чэрвеня на плошчы Бангалор у Менску. Відавочцы казалі пра тое, што нібыта заўважылі расстраляны «Мэрсэдэс» і труп мужчыны, зь якім працавалі экспэрты.