Каляндарны Бахарэвіч прадставіць новую кнігу Бібліятэкі Свабоды

Сёньня ў менскай Галерэі «Ў» адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі з сэрыі Бібліятэка Свабоды — «Каляндара Бахарэвіча». Пачатак а 19 гадзіне.
Гэтую кнігу эсэ Альгерда Бахарэвіча на кожны дзень цягам мінулага года можна было штодня чытаць на сайце Свабоды.

Іпатава: «Галоўнае, што Бахарэвіча я заўсёды чытаю»


Пісьменьніца Вольга Іпатава дзеліцца сваім першым уражаньнем ад прачытанай яшчэ на сайце Радыё Свабода новай кнігі Альгерда Бахарэвіча

«Бахарэвіч, на мой погляд, — адзін з самых эпатажных маладых і ўжо больш сталых пісьменьнікаў беларускіх. Калі я яго чытаю, я заўсёды чытаю яго зь вялікай цікавасьцю. Але часам ёсьць нейкія моманты, якія мяне проста раздражняюць — вось з гэтымі яго нечаканымі параўнаньнямі, яго пошукамі, якія, бывае, мне здаюцца вульгарнымі. Але разам з тым я не магу не разумець, што ён шукае ўвесь час. Ён шукае нейкія вобразы, ён шукае нейкія падачы матэрыялаў. І таму я скажу, што ўвогуле я чытаю яго з вялікай цікавасьцю. І галоўнае, што заўсёды чытаю».

Мазанік: «Гэта той самы Бахарэвіч»


Сваё першае чытацкае меркаваньне пра новую кнігу Альгерда Бахарэвіча выказвае кнігараспаўсюднік Алесь Мазанік:

«Любое нейкае такое ноў хаў у беларускай літаратуры мусіць разьвіваць гэтую самую літаратуру. І мне было цікава пазнаёміцца з такім незвычайным позіркам спадара Бахарэвіча. Але кожны раз, чытаючы любую ягоную занатоўку, я заўсёды памятаў пра той прыкры момант, калі ён у адным з сваіх аповядаў называў Янку Купалу недарэчна, няхай і пад псэўданімам. Як я лічу — гэта было хутчэй абразай. І таму кожны раз чытаючы нейкі артыкул гэтага аўтара, я ў першую чаргу ўзгадваў, што гэта той самы Бахарэвіч, які вось так пісаў пра нашага вялікага генія. І пры ўсім тым, што сярод маіх пакупнікоў і ўласна ў маім рэйтынгу сучасных пісьменьнікаў ён займае досыць высокае месца, я лічу, што ніводзін з сучасьнікаў ня мае права так выказвацца пра нацыянальных геніяў. І я думаю, што гэта агромністы яму мінус. Калі аднойчы была зроблена такая памылка, яна будзе перасьледаваць усю далейшую яго творчую кар’еру».

Янкута: «Эсэ — жанр, які вельмі пасуе Бахарэвічу»


Сваімі першымі ўражаньнямі пра новую кнігу Альгерда Бахарэвіча дзеліцца крытык Ганна Янкута:

«Увогуле кніга эсэ Бахарэвіча, мне здаецца, вельмі чаканая. На маё меркаваньне, эсэ Бахарэвіча — гэта жанр, які вельмі пасуе Бахарэвічу. І прыватна для мяне кожная ягоная кніга эсэ здаецца ўсё больш цікавай. Спачатку я з захапленьнем чытала „Малую мэдычную энцыкляпэдыю“, потым з яшчэ большым захапленьнем чытала „Гамбурскі рахунак“. І таму мне здаецца, што ягоны „Каляндар“ таксама будзе вялікай падзеяй. І я вельмі чакаю, калі змагу патрымаць яго ў руках і прачытаць цалкам».