Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Барак Абама і Пятро Парашэнка ў Варшаве абмеркавалі падтрымку Злучанымі Штатамі ўкраінскай арміі і ўкраінскай эканомікі. Перамовы лідэраў могуць працягнуцца ў Нармандыі.
Першая сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і новаабраны прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка упершыню сустрэліся ў сераду ў Варшаве.
У размове з журналістамі, амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў, што ў ходзе сустрэчы лідэры абмяркоўвалі дадатковыя захады, для якіх ЗША могуць зьвярнуцца дзеля дапамогі Ўкраіне на цяперашнім пераходным этапе:
«Мы таксама абмяркоўвалі магчымую дапамогу ў трэніроўцы і павышэньні эфэктыўнасьці працы ўкраінскіх праваахоўнікаў і прадстаўнікоў Узброеных сіл, каб яны маглі супрацьстаяць праблемам, зь якімі да гэтага часу сутыкаюцца ў некаторых рэгіёнах Украіны», — адзначыў Абама.
" Мы абмеркавалі пытаньні энэргетыкі, каб пераканацца, што Ўкраіна мае намер стаць больш энэргаэфэктыўнай, а таксама менш залежнай ад расейскіх энэргарэсурсаў«, — дадаў прэзыдэнт ЗША.
Прэзыдэнт Абама назваў падтрымку ўкраінцамі Пятра Парашэнкі на выбарах прэзыдэнта «мудрым выбарам».
«ЗША застаюцца абсалютна адданымі падтрымцы ўкраінскага народа ня толькі ў бліжэйшыя дні або тыдні, але і ў бліжэйшыя гады», — адзначыў прэзыдэнт Абама.
У Варшаве Абама і Парашэнка прымаюць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 25-й гадавіны з дня першых дэмакратычных выбараў у Польшчы.
«Часы імпэрый прайшлі»
Частку свайго выступу на ўрачыстасьцях у Варшаве Абама прысьвяціў сытуацыі ва Ўкраіне, у чарговы раз асудзіўшы дзеяньні Расеі, якія прывялі да анэксіі Крыму:
«Часы імпэрыяў і зон ўплыву прайшлі. Мы не ўспрымаем анэксіі Крыма і парушэньня сувэрэнітэту Ўкраіны», — заявіў Абама, дадаўшы, што ў выніку такіх дзеяньняў Расея павінна адчуць наступствы на міжнароднай арэне. «Агрэсія Расеі ва Ўкраіне нагадала нам, што мы не павінны спыняцца ў дасягненьні нашай мэты — каб уся Эўропа была свабоднай і мірнай», — цытуе Абаму ВВС.
Лідэры ЗША і Ўкраіны выступаюць за дыялёг у Данбасе
Пазьней прадстаўнік Белага дома Бэн Родс паведаміў пра зьмест перамоў прэзыдэнта ЗША Барака Абамы і новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Як адзначыў Родс, Абама спадзяецца на посьпех Парашэнкі ў справе разьвіцьця ўкраінскай дэмакратыі. Абама таксама адзначыў, што ў ЗША былі ўражаныя дзеяньнямі украінцаў, якія правялі выбары ў выключна складаных умовах.
Прэзыдэнты абмеркавалі намаганьні Парашэнкі па наладжваньні дыялёгу з усходняй Украінай. Паводле Родса, быў абмеркаваны шэраг ідэй аб дыялёгу з тымі, хто падтрымлівае рэформы ў гэтым рэгіёне і дэцэнтралізацыю, што можа стварыць аснову для памяншэньня трэньняў і дээскаляцыі гвалту. Прадстаўнік Белага Дома таксама заклікаў Расею выкарыстоўваць свой уплыў на сэпаратыстаў, каб паменшыць вастрыню сытуацыі.
Кажучы пра будучыню эканомікі Ўкраіны, Абама і Парашэнка абмеркавалі пляны антыкарупцыйнай рэформы і дывэрсыфікацыі крыніц энэргіі, што надасьць магчымасьць зьменшыць ступень уплыву Масквы на справы Кіева.
Парашэнка зброі не прасіў
Як адзначыў Родс, Вашынгтон таксама мае намер падтрымліваць дыялёг з Кіевам на тэму ўкраінскай бясьпекі, гаворка можа ісьці аб пастаўках тэхнікі і аб навучаньні. Родс падкрэсьліў, што Парашэнка не зьвяртаўся да Абамы з просьбамі аб пастаўках узбраеньняў.
«Аднак ён прасіў аб дадатковай падтрымцы для ўкраінскіх вайскоўцаў і ўкраінскай нацыянальнай гвардыі. І, я думаю, што прэзыдэнт Абама даў зразумець, што адкрыты для падобных дыскусій», — сказаў Родс, дадаўшы, што гаворка можа ісьці і пра кароткатэрміновую, і пра доўгатэрміновую дапамогі ва ўмацаваньні ўкраінскіх узброеных сілаў.
Сустрэчы Абамы і Пуціна ў Нармандыі ня будзе
Родс таксама адзначыў, што прэзыдэнт ЗША не плянуе сустракацца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным у Нармандыі, нават калі яны апынуцца ў адным пакоі, і паказаў, што для ўрэгуляваньня сытуацыі прынцыпова важныя прамыя перамовы паміж Масквой і Кіевам, паведамляе Голас Амэрыкі.