Сябры і калегі Бушлякова: Юрася нам вельмі не хапае

Юрась Бушлякоў у студыі Радыё Свабода

4 чэрвеня мінае год пасьля сьмерці беларускага журналіста і філёляга Юрася Бушлякова. Пра маштаб страты гавораць ягоныя сябры і калегі.
Глеб Лабадзенка, журналіст, сябра і пасьлядоўнік Юрася Бушлякова:

«Гэты год, які мінуў, мне вельмі не хапала Юрася ў двух розных аспэктах. Па-першае, як сябра, як блізкага і любімага чалавека, як чалавека ўнікальна мяккай душы, як чалавека, ад якога я ніколі ня чуў крыку альбо брыдкага слова. І, па-другое, як аднаго з найлепшых беларускіх філёлягаў, лінгвістаў, якому я найбольш у гэтым сьвеце давяраў у справе беларускай мовы. Як ня раз казалі іншыя яго сябры, здараюцца моманты, калі ты думаеш — а што б сказаў Юрась пра гэта, як тут правільна напісаць, як тут слушна зрабіць?..
На курсах „Мова нанова“, што мы вядзем з Алесяй Літвіноўскай, якая, дарэчы, вучылася разам зь Юрасём Бушляковым, мы вельмі часта прыгадваем яго як публічна — рэклямуючы кнігу „Жывая мова“, якую выдала Радыё Свабода, уключаючы голас Юрася, захаваны на электронных носьбітах дзякуючы Радыё Свабода, — так і непублічна, калі, абмяркоўваючы заняткі з Алесяй, кажам, што Юрась бы парадаваўся, што мы ўключылі нейкае ягонае любімае слова ці ўзялі для заняткаў ягоную любімую тэму. Я цягам гэтага году шматкроць прыходзіў на магілу да Юрася, таму што па суседзтву пахаваны мой дзед, і хоць бы так стараўся наблізіцца да сябра».

Зьміцер Саўка, філёляг, сябра і калега Юрася Бушлякова:

«Юрась Бушлякоў для мяне, найперш, вялікі сябар. У нас была агульнасьць ня проста душэўная, чалавечая, а агульнасьць ідэйная, якая ўсё мацавала, робячы Юрася першым сярод маіх сяброў. Гэтая агульнасьць — у разуменьні таго, што такое мова, якое яна мае значэньне, і якія яе будучыя шляхі, і таго, як мова зможа перамагчы, вярнуцца да грамадзтва.

Вядома, мы зь ім спрачаліся, былі моманты, калі мы абсалютна не пагаджаліся, але ягоная нязгода са мною заўсёды схіляла мяне па-новаму зірнуць на нейкія зьявы. Я спадзяюся, што і мая нязгода заўсёды глыбока западала яму і прымушала таксама штосьці перааналізаваць, яшчэ раз перагледзець, яшчэ раз зьвярнуцца да аргумэнтацыі і ацаніць, ці дастаткова яна моцная. Мы падчас спрэчак вельмі часта прыходзілі да высновы, што як апанэнты мелі рацыю. Юрась Бушлякоў — чалавек, зь якім заўсёды можна было сумерыць сваю рацыю ці сваю нярацыю.
Я павінен прызнаць, што чалавека, які б так глыбока ведаў, з аднаго боку, народную мову, і зь іншага — беларусазнаўчую, лінгвістычную літаратуру, я не сустракаў сярод маладых. Я ведаю, што ў Юрася не было вёскі і ён ня мог чэрпаць мову беспасярэдне. Тое, што Юрась быў чалавекам, які прыйшоў да гэтай веды праз кнігу, назіраньні, пільнае ўслухоўваньне ў мову людзей, дало мне надзею на тое, што бязь вёскі можа выгадавацца новае пакаленьне беларускіх мовазнаўцаў, якія ня мелі такога шчасьця — гадамі чуць жывую мову. Здольнасьць і адоранасьць Бушлякова ў тым, што ён умеў аддзяліць праўдзівае ад непраўдзівага. Для лінгвіста гэта асабліва важная якасьць. Ён даваў надзею на тое, што ў нас будзе цэлае пакаленьне людзей, пазбаўленых жывой крыніцы мовы, аднак людзей, якім можна перадаверыць далейшы лёс мовы, бо яны захаваюць, данясуць, разаўюць тое, што было закладзена натураю мовы».