Абама ў Варшаве абяцае больш амэрыканскіх салдатаў і самалётаў

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сказаў на лётнішчы ў Варшаве, што бясьпека Польшчы і амэрыканскіх саюзьнікаў у Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе зьяўляецца «сьвятой» справай ды «краевугольным каменем» уласнай бясьпекі Злучаных Штатаў.

Абама пачаў чатырохдзённы візыт у Эўропу, прыбыўшы ў Варшаву, каб адзначыць 25-тыя ўгодкі часткова свабодных парлямэнтарных выбараў у Польшчы, якія прывялі да замены камуністычнай сыстэмы на дэмакратычную. Пасьля Варшавы амэрыканскі прэзыдэнт наведае Францыю і возьме ўдзел у саміце G7 у Брусэлі.

Абама ў Варшаве сказаў таксама, што ЗША павялічваюць сваю вайсковую прысутнасьць у Польшчы.

«Улічваючы цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне, мы таксама павялічылі нашу амэрыканскую прысутнасьць. Мы пачалі разьмяшчэньне, на ратацыйнай аснове, дадатковых наземных войскаў і самалётаў F-16 у Польшчы. Гэта дапаможа ў супольным абучэньні нашых сілаў, гэта таксама дапаможа нашым сілам падтрымліваць паветраныя місіі НАТО. І гэта актывізуе прысутнасьць НАТО ў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропе», – цытуе Абаму агенцтва Reuters.