Пра «Пана Тадэвуша» і «зьдзічэлых» палякаў

Ганна Янкута

У «Пану Тадэвушу» Адама Міцкевіча ёсьць такія радкі (цытата паводле перакладу Пятра Бітэля, вельмі блізкага да арыгіналу):
Як зьехаў Ябланоўскі ў край вясны бясконцай,
Дзе цукар вараць і дзе перац сьпее ў сонцы,
А лес цьвіце духмяна. Зь Легіяй Дуная
Ён тужыць па сваіх і нэграў пакарае…


Чытач «Пана Тадэвуша» спакойна можа прабегчыся вачыма па гэтым чатырохрадкоўі і не зьвярнуць на яго ўвагу (менавіта так зрабіла, напрыклад, я, калі чытала паэму ва ўнівэрсытэцкія часы) – ці мала пра што будзе расказваць «дзед, што рад куску быў хлеба», – альбо прачытаць сухаваты камэнтар да твору: «Князь Ябланоўскі, камандуючы Наддунайскай Легіяй, памёр у Сан Дамінга, дзе загінула амаль уся легія. У эміграцыі ёсьць некалькі вэтэранаў, што засталіся ад той нешчасьлівай экспэдыцыі, між іншымі, генэрал Малахоўскі» (узята з сайту http://knihi.com), – і таксама паімчаць далей па тэксьце, так і не знайшоўшы ва ўсім гэтым нічога вартага асаблівай увагі. Аднак у гэтым чатырохрадкоўі Адам Міцкевіч згадвае пра незвычайную гісторыю, якая можа шмат чаго расказаць пра гістарычны кантэкст паэмы і чарговы раз пацьвярджае старую, як сьвет, ісьціну: жыцьцё часам можа быць нашмат цікавейшым за любы твор мастацтва.

Легія Дуная, а дакладней, Наддунайскі легіён быў створаны 8 верасьня 1799 году ў Батаўскай рэспубліцы. Туды ўвайшлі польскія дабраахвотнікі, збольшага – былыя салдаты аўстрыйскага войска, якія трапілі ў францускі палон ці дэзэртавалі. Прайшоўшы шэраг бітваў вайны паміж Францыяй і Аўстрыяй, пасьля Люнэвільскага мірнага пагадненьня легіён трапіў у Італію і пасьля некалькіх перафармаваньняў быў адпраўлены на чале з генэралам Уладзіславам Ябланоўскім (1769-1802) на Гаіці, а дакладней – у Сан-Дамінга, тагачасную францускую калёнію на востраве Гаіці, дзе з 1794 году цягнуліся выступленьні нявольнікаў супраць плянтатараў. Забягаючы наперад, згадаю, што ў 1803 годзе францускія войскі (на баку якіх змагаліся і палякі) пацярпелі канчатковую паразу: так на карце сьвету зьявілася першая посткаляніяльная краіна, якую, зрэшты, наперадзе чакала яшчэ шмат крывавых падзеяў і супрацьстаяньняў. Усе французы, якія не пасьпелі своечасова зьбегчы, былі забітыя. Але на гэтым гісторыя не заканчваецца.

У адным з камэнтароў да польскага перакладу кнігі Рыкарда Арыцыё «Забытыя белыя плямёны» (Riccardo Orizio, «Tribù bianche perdute», 2000), прысьвечанай невялічкім дыяспарам, якія ў выніку тых ці іншых гістарычных падзеяў склаліся на тэрыторыі чужых, часьцей за ўсё калянізаваных краінаў і былі ўшчэнт занядбаныя мэтраполіяй, Лешак Каланкевіч згадвае працытаванае вышэй месца з «Пана Тадэвуша», пішучы: «Дзякуючы кнізе Арыцыё мы цяпер можам зьдзейсьніць падарожжа ў іншы бок». Рыкарда Арыцыё ня толькі расказвае пра палякаў, якія трапілі на Гаіці, але і адсочвае лёс іх нашчадкаў, што дагэтуль жывуць у горнай вёсачцы Казаль і памятаюць свае карані.

Уладзіслаў Ябланоўскі памёр ад жоўтай ліхаманкі у Жэрэмі, горадзе на паўднёвым захадзе Гаіці, неўзабаве пасьля прыбыцьця на востраў. Лёс большасьці з прыбылых у тропікі палякаў склаўся не нашмат больш шчасьліва. Рыкарда Арыцыё цытуе ліст паручніка Ёзафа Задэры, напісаны невядомаму адрасату:

«Пішу табе, відаць, апошні раз перад сьмерцю, бо з маёй брыгады ў жывых засталося толькі 300 салдат і некалькі афіцэраў, у тым ліку Зьдзітавецкі, кіраўнік батальёна Кабыляньскі, Балеста, капітан Забакжыцкі і нехта яшчэ – іх я нават ня ведаю. Усе астатнія загінулі [...]. Пішу табе ў адчаі і шкадую, што калісьці захацеў прыехаць сюды, у Амэрыку. Цяпер я нават найгоршаму свайму ворагу гэтага б не пажадаў. Нашмат лепш быць жабраком у Эўропе, чым шукаць шчасьця ў Амэрыцы, дзе лютуюць тысячы хваробаў [...]. Са службы нас звальняць адмаўляюцца, а нэгры ў атацы здольныя на самыя жахлівыя зьверствы [...]. Вельмі хачу вярнуцца ў Эўропу хоць на некалькі месяцаў, думаю пра гэта ўдзень і ўночы [...]. Богам малю, пераканай Тэадора не сядаць на карабель: такім чынам выжыве хаця б адзін з нас. Перадавай вітаньні ўсім сябрам...»

Польскія салдаты былі не прыстасаваныя да баёў у тропіках, і ўсё ж некаторая іх частка перажыла і ваенныя падзеі, і крывавую разьню былых каляніялістаў, якую ўсчалі нядаўнія нявольнікі: лідэр паўстанцаў і першы кіраўнік незалежнай дзяржавы Жан-Жак Дэсалін (1758-1806), які казаў, што акт пра незалежнасьць ён складзе, узяўшы замест чарніліцы чэрап белага чалавека, замест чарніла – яго кроў, замест паперы – яго скуру, а замест пяра – штых, загадаў не чапаць палякаў, якія служылі пад францускім сьцягам, у якасьці падзякі за тое, што невялікая іх частка перайшла на бок паўстанцаў, а таксама таму, што «гэта мужныя людзі, якіх дэспатызм узброіў супраць вольнасьці, хоць самі яны ў сваёй краіне доўгі час змагаліся з тыраніяй», – цытуе Рыкарда Арыцыё паводле «Гісторыі Гаіці» Тама Мадзью.

Хтосьці з тых, што выжылі, здолеў вярнуцца ў Эўропу ці адправіўся бадзяцца па сьвеце далей, хтосьці так і застаўся жыць на востраве, і Рыкарда Арыцыё расказвае пра іхных адасобленых ад астатняй часткі гаіцянаў нашчадкаў, што пасьпелі за гэты час зьбяднець, стаць такімі ж смуглявымі, як шараговыя гаіцяне, дарэшты забыць польскую мову і перайсьці на крэольскую – але так і не забылі пра тое, што яны палякі. У жыцьці гэтай супольнасьці за апошнія дзесяцігодзьдзі адбыліся дзьве яркія падзеі. Першая зь іх – гэта візыт Папы Рымскага Яна Паўла ІІ на Гаіці. Мясцовыя ксяндзы прывезьлі групу гэтых дзіўных палякаў на сустрэчу зь Янам Паўлам ІІ у аэрапорт, і з таго часу ў сэрцах забытай супольнасьці зьявілася надзея на лепшую будучыню, якая так і ня спраўдзілася. Мясцовы пастар, які быў правадніком Рыкарда Арыцыё і яго жонкі Піі падчас іх гаіцянскага падарожжа, мог бы расказаць гэтым шчырым палякам і каталікам, што Ян Павал ІІ, як і ўсе астатнія Папы Рымскія, заключыў пакт з духамі вуду – гэта даводзіцца рабіць усім вялікім уладарам сьвету, каб утрымацца на сваім месцы. Другая гісторыя тычылася Амона Фрэмона, чарадзея вуду і нашчадка аднаго з польскіх вайскоўцаў, які ў 1980-1981 гадах здолеў пабываць на гістарычнай радзіме, вярнуўся адтуль і зарабіў няпрыязь аднавяскоўцаў, бо адмовіўся расказваць пра сваё падарожжа. Дакладна пра гэтую паездку вядома толькі адно: у Польшчы Амон Фрэмон праводзіў рытуалы вуду, каб аслабіць моц СССР.

Сярод польскіх сьлядоў на Гаіці Рыкарда Арыцыё згадвае і некалькі выразаў, што засталіся ў крэольскай мове. Адзін зь іх даслоўна перакладаецца як «рабіць, як у Кракава», што значыць «вельмі добра выконваць нейкую працу». «Забытыя плямёны знаходзяцца сёньня ў шызафрэнічнай сытуацыі. З аднаго боку, яны наўмысна адасобіліся ад знаёмай ім культуры, з другога боку, увесь час застаюцца яе часткай. Ім не хапае пачуцьця прыналежнасьці, і ў той жа час увесь сьвет успрымае іх рэпрэзэнтантамі той уласна супольнасьці, ад якой яны самі адмаўляюцца. Яны робяцца сымбалем — хаця і не абавязкова і ў любым выпадку не выключна ім — мінулага. Падчас сваіх вандровак аўтар сутыкаецца з плямёнамі, нібыта стагодзьдзямі аддзеленымі ад сёньняшняй рэчаіснасьці [...]. У пэўным сэнсе лёс гэтых забытых плямёнаў – хаця іх далёка нельга назваць гістарычнай анамаліяй – быць прадвесьцем таго, што мусіла прынесьці ХХІ стагодзьдзе зь яго шматкультурнасьцю, – напісаў у прадмове да кнігі Рышард Капусьціньскі, і гаіцянскія палякі тут – толькі адзін з шэрагу прыкладаў, часам ня менш экзатычных і нечаканых. – Кніга Рыкарда Арыцыё перадусім — цудоўны рэпартаж. Гэта вынік працы чалавека, які зьдзейсьніў падарожжа ў аддаленыя закуткі сьвету і вярнуўся адтуль з зусім новай картай каляніяльнага сьвету».