Ужо сёньня, 31 траўня: разьвітаньне з Генадзем Бураўкіным

Генадзь Бураўкін

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ:

Менск. Адпяваньне і разьвітаньне з паэтам Генадзем Бураўкіным пачнецца а 11:30 у менскім Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы (Ракаўская вуліца, 4). Пазьней пахавальная працэсія рушыць на Ўсходнія могілкі.

У Менскай кнігарні «логвінаЎ» адбудзецца прэзэнтацыя папулярных кніжак на гістарычную тэматыку, выдадзеных за апошні час – «Балахоўцы: Сьведчаньні, дакумэнты, дасьледаваньні» і «Саветызацыя заходняй Беларусі (1944-1953 г.): Прапаганда і адукацыя на службе ідэалёгіі». У сустрэчы возьмуць удзел аўтары – гісторыкі Юрась Юркевіч і Ян Шумскі. Пачатак а 18-й гадзіне.

У Менску адбудзецца зьезд Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Пачатак у 10.00.

У рамках Эўрапейскага тыдня барацьбы супраць раку ў бізнэс-клюбе IMAGURU (вул. Фабрыцыюса, 4) пройдзе творчая гасьцёўня «Разам – у імя жыцьця» з удзелам артыстаў, онкапацыентаў і іх сваякоў. Пачатак у 14.00.

«Дзень цьвярозасьці» ў Менску: ад 0.00 да 24.00 будзе абмежаваны продаж алькагольных напояў і піва. За выключэньнем бараў і рэстаранаў. Такое рашэньне прынятае дзеля забесьпячэньня парадку ў часе «апошняга званка» ў школах.

У Менску на пляцоўцы крэатыўнай прасторы ЦЭХ (пр. Незалежнасьці, 58, п. 6) пройдзе публічная дыскусія «Першая сусьветная вайна, фармаваньне нацый і паўставаньне дзяржаваў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы». Пачатак а 15.00. Уваход вольны.

У Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» – Дзіцячы экалягічны фэстываль творчасьці і разьвіцьця.

31 траўня – Усясьветны дзень без тытуню.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1792 — самараспусьціўся Чатырохгадовы Сойм Рэчы Паспалітай. Найвышэйшым дасягненьнем Сойму лічыцца прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня.

1859 — у Лёндане запушчаны гадзіньнік на вежы Біг-Бэн.

У гэты дзень нарадзіліся:

1556 — Юры Радзівіл, царкоўны й дзяржаўны дзяяч Рэчы Паспалітай.

1640 — Міхал Вішнявецкі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі ад 1669 да 1673.

1651 — Элеанора Марыя Юзэфа Габсбурґ, каралева польская й вялікая княгіня літоўская, пасьля княгіня лятарынская.

1809 — Франц Ёзэф Гайдн, аўстрыйскі кампазытар.

1948 — Сьвятлана Алексіевіч, беларуская пісьменьніца. Аўтарка кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» ды іншых.

У гэты дзень памёр:

1800 — Міхал Казімер Агінскі, выбітны дзяяч беларускае гісторыі. Быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, змагаўся з расейскім захопам беларускіх земляў. Ягонае войска пацярпела паразу ад арміі Суворава ў вядомай бітве пад Сталавічамі. З ініцыятывы і на сродкі Міхала Казімера пабудаваны Агінскі канал.
ЦЫТАТА ДНЯ:

Я ня ганю землі чужыя, -
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая сьнілася мне.


Генадзь Бураўкін