У Данецку марадзёры рабуюць дарагія крамы

Антытэрарыстычная апэрацыя на ўсходзе Ўкраіны будзе працягвацца да поўнай нармалізацыі сытуацыі. Аб гэтым заявіў дзейны міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Коваль.
Коваль удакладніў, што антытэрарыстычная апэрацыя будзе праводзіцца да поўнага вызваленьня ўсходняй часткі краіны ад сэпаратыстаў і аднаўленьня ў ёй дзейнасьці Міністэрства ўнутраных справаў ды Службы бясьпекі Ўкраіны.

Пра сёньняшнюю сытуацыю ў захопленым сэпаратыстамі Данецку паведаміў ўкраінскай службе Радыё Свабода мясцовы журналіст Аляксей Мацука, які сказаў, сярод іншага:

«На вуліцах верхаводзяць банды, ідзе марадзёрства. Паведамляюць, што аўтасалён BMW, адзіны афіцыйны дылер BMW у Данецку, абкрадзены падчас працоўнага дня. Міліцыя прыехала празь дзьве гадзіны пасьля таго, як быў выкліканы нарад. Не прыехала ахова, якая па дамове павінна працаваць. У горадзе анархія. Кавярні зачыненыя, крамы зачыненыя. Адна крама з дарогай тэхнікай, якая знаходзіцца насупраць абласной адміністрацыі, учора была абкрадзеная».