Тозік: Злавілі п’яным — аддай аўто. Зь першага разу

Анатоль Тозік

Канфіскаваць аўтамабіль у п’янага кіроўцы ўжо пасьля першага затрыманьня, а не пасьля другога, як цяпер, прапануе віцэ-прэм’ер ураду Анатоль Тозік.
Сёньня ён выступіў перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі і распавёў пра сацыяльныя аспэкты працы ўраду. Сваю прапанову віцэ-прэм’ер абгрунтаваў так:

«Толькі за чатыры месяцы гэтага году было затрымана каля дзевяці тысяч п’яных кіроўцаў, прычым 707 зь іх былі затрыманыя п’янымі ў другі раз».

Менавіта гэтыя лічбы даюць падставу, на думку Анатоля Тозіка, зрабіць заканадаўства больш жорсткім і нецярпімым да п’яных кіроўцаў.

Акрамя таго, віцэ-прэм’ер прапанаваў забараніць продаж алькаголю на аўтамабільных трасах, а таксама ўвесьці забарону на продаж алькаголю па ўсёй тэрыторыі Беларусі, пачынаючы з 21 гадзіны і да 10 гадзінаў раніцы.

Віцэ-прэм’ер таксама сказаў, што краіна траціць вельмі вялікія сродкі на тое, каб лячыць людзей, якія захварэлі ў выніку злоўжываньня алькаголем і тытунём. Анатоль Тозік прапанаваў, каб дэпутаты Нацыянальнага сходу прынялі закон аб асабістай адказнасьці грамадзяніна Беларусі за стан свайго здароўя.