Генадзь Бураўкін. Вершы

Генадзь Бураўкін пісаў пра вершы Беларусь, пра волю, пра каханьне…
Верш зь нізкі "Нагаварыцца з зоркамі...", надрукаванай у адным з апошніх нумароў "Дзеяслова".

Ці лагоднаю месячнай ноччу,
Ці як сонейка ўспыхне ў акне,
Добра ведаю я,
Што аднойчы
І мяне ціха неба гукне.

І пакліча ў бясхмарныя высі,
У апошні халодны мой дом,
Дзе людскія шляхі ўсе сышліся
Перад самым галоўным судом.

Перад тым,
Як я зводдалі ўбачу
Языкі незямнога агню,
Я хацеў бы
Зрабіць справаздачу
Хоць на міг сам сабе ўпершыню.

Перад блізкімі мне павініцца,
Дараваць даўнім ворагам люць,
Згледзець зорку ў бацькоўскай крыніцы
І матуліну песьню пачуць.

Пакланіцца
І травам,
І дрэвам,
І гняздзечку ў зялёным гальлі
І шчасьліва адчуць:
Недарэмна
Я радзіўся на гэтай зямлі.

***

З ранейшых вершаў

Беларусы

Штурхалі нас і расьпіналі
На дыбах, плахах і крыжах.
Мы зь нежывых уваскрасалі
Зь вялікай помстаю ў вачах.
На рубяжах сьвятла і ценяў,
На пакалечанай зямлі
Мы паднімаліся з каленяў,
He паміралі —
Мы жылі.
Сьпявалі, галасілі ўголас
Сярод пустэч,
Сярод балот.
Нібы прыбіты градам колас,
Да сонца браўся мой народ.
Адкуль у нас такая сіла,
Магутная, як крыгалом:
Нас і палолі, і касілі,
Цапамі войнаў малацілі,
А мы расьцём,
А мы жывём!


Малітва

Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ ня вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасьці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдзкім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасьцю,
Спакоем,
I цяплом.

Абцалую цябе...

Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнаньня
Да Бога самога ўзьніму.
Я ня дам табе слова сказаць –
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песьнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.
А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, -
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Ад нязнанага шчасьця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
І твой раб,
І твой бог...


Аб роднай мове

Шлях чорнай гадзюкаю,
Пад калёсамі,
Вёскі, праз мутнае шкло,
Кастылі ля хат,
Дзе вёдры зь яблыкамі,
Кастлявая – тутэйшая,
А гарадам – усё роўна,
Я сам з гораду,
А сэрца шчэміць,
Мы ўсе тутэйшыя,
І нам – усё роўна?


Народ мой, дзякую табе...

Народ мой,
дзякую табе,
Што і на міг мне не дазволіў,
Каб я кагосьці абязволіў,
Жыў у кагосьці на гарбе,
Што ў радаслоўную ўпісаў
He гандляроў і прайдзісьветаў,
А плытагонаў, і паэтаў,
I штукароў ганчарных спраў.

Народ мой,
дзякую,
што ты
Велікадушна даў мне ў рукі
He алебарды і шчыты,
А лемяхі і першадрукі,
Што нашаптаць мне не забыў
He грукатню бравурных маршаў,
А задуменнасьць песень нашых,
Дзе столькі болю і жальбы.

Народ мой,
дзякуй,
што нідзе
Мяне балюча не ўпікнулі
За твой далёкі век мінулы,
За сёньняшні твой сіні дзень.
I аднаго хачу ў жыцьці,
Каб ты не паглядзеў з дакорам,
Каб за мяне ніколі сорам
Табе душу не засмуціў.


Слова наша роднае, хапала...

Слова наша роднае, хапала
На стагодзьдзі доўгія цябе.
Багдановіч, Колас і Купала
Прыпадалі да цябе ў журбе.
Абкідалі кпіны і абразу,
Зь дзён былых цягнулі ў заўтра ніць
І, хаця ня ўсіх і не адразу, -
Навучылі ўсё ж цябе цаніць,
Вымытае ў гулкіх навальніцах,
Нам як запавет перадалі,
Каб пілі і не маглі напіцца
І ўзьнялі наўзьдзіў ўсёй зямлі.
Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён,
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыцьцё,
Наша невычэрпнае багацьце,
Наша несьмяротнае жыцьцё.


Я ня ганю землі чужыя...

Я не ганю землі чужыя, -
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая сьнілася мне.
Так карцела - сляза закіпала, -
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына мова
І над хатай буслова жытло?
Хіба душы свае ня лечым
Ад бяздомных бядот і згрызот
Самым простым і самым вечным,
Што пранёс празь вякі народ?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?


Яшчэ ня вечар, мілая...

Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Наперадзе ў нас тысяча сустрэч.
І будзе бэзам новы май расквечаны.
І салаўі аглушаць насамрэч.
І ўзыйдуць зоркі раньнія над вязамі.
І ты даверыш
Сон майму плячу,
І тыя словы, што яшчэ ня сказаны,
Табе я нечакана прашапчу.
І засьмяецца маладзік у фортцы.
І вернецца блакітны вецер наш...
А калі раптам нешта не паўторыцца,
То літасьціва тое не заўваж.
І не бяда,
Што бэз цьвіце ня вечна
І лісьце асыпае вяз ня раз...
Яшчэ ня вечар, мілая.
Яшчэ ня вечар.
Вясна яшчэ не разлучыла нас...


Болей вершаў Генадзя Бураўкіна можна пачытаць тут.