Аўтарка кнігі «Трагедыя на Нямізе»: Моладзь успрымае «ружачкі» як месца для тусовак

Паліна Сьцепаненка

Сёньня спаўняецца 15 гадоў трагедыі на Нямізе, у выніку якой ад цісканіны ў падземным пераходзе загінула 53 чалавекі, пераважна моладзь 16–20 гадоў.
Радыё Свабода пагутарыла з Палінай Сьцепаненкай, суаўтаркай-укладальніцай кнігі «Трагедыя на Нямізе», якая выйшла ў 2000 годзе. Кніга сабрала пад сваёй вокладкай жыцьцяпісы ўсіх загінулых, а таксама гісторыі, якія распавялі іх родныя і сябры.

Радыё Свабода: Спадарыня Паліна, адразу пасьля трагедыі вы разам з Тацянай Равякай вельмі шчыльна камунікавалі зь сем’ямі загінулых, зьбіраючы матэрыялы для кнігі. Што памятаеце пра той час? Як ацэньваеце сваю ролю ў лёсах сем’яў, якія сутыкнуліся зь няшчасьцем?
Мы спрычыніліся да канфлікту пазыцыяў паміж бацькамі і праўладнымі архітэктарамі, якія не хацелі, каб на мэмарыяле былі іхнія імёны. У выніку бацькі, згуртаваўшыся, адстаялі тое, каб імёны на помніку пакінулі
Сьцепаненка: Мы вельмі шчыльна падтрымлівалі сувязь зь сем’ямі загінулых першыя гады пасьля трагедыі. Я лічу, што мы цалкам выканалі сваю функцыю ў першы, самы цяжкі для іх год. Менавіта мы разам з Тацянай Равякай узялі на сябе ролю псыхолягаў і далі магчымасьць людзям распавесьці ў кнізе пра сваіх загінулых дзяцей. Таксама мы спрычыніліся да канфлікту пазыцыяў паміж бацькамі і праўладнымі архітэктарамі, якія не хацелі, каб на мэмарыяле былі іхнія імёны. У выніку бацькі, згуртаваўшыся, адстаялі тое, каб імёны на помніку пакінулі, ушанаваўшы такім чынам іх памяць. Пазыцыя архітэктараў палягала ў тым, што імёны нікому не цікавыя, апроч бацькоў загінулых. У кнізе «Трагедыя на Нямізе» таксама ўшаноўваецца памяць кожнага з 53 загінулых — аповед ёсьць пра кожнага без выключэньня.

Радыё Свабода: Можна сказаць, што вы пазнаёмілі сем’і загінулых?

Сьцепаненка: Так. Але галоўнае, што, пазнаёміўшыся паміж сабой, бацькі стварылі цэнтар сацыяльнай абароны «Няміга-99». Гэтая ініцыятыва займалася ўсталяваньнем помнікаў на Кальварыйскіх і Маскоўскіх могілках, а таксама выступала ў судзе, прадстаўляючы інтарэсы сямей загінулых. Але я лічу, што найбольшая заслуга гэтай ініцыятывы — тое, што імёны напісалі на помніку. Бяз гэтага цяпер ніхто б увогуле ня ведаў, што гэта за помнік, які моладзь называе «ружачкамі» і выкарыстоўвае як месца для тусовак. Калі б не імёны, то шмат хто, асабліва з моладзі, думаў бы, што гэта проста нейкія ружы.

Радыё Свабода: Якую дапамогу атрымалі сем’і загінулых на Нямізе?

Сьцепаненка: Дапамога была. Далі магчымасьць выбраць месца пахаваньня, аплацілі пахаваньне. На працягу году менскія сем’і былі вызваленыя ад платы за жытло. Таксама на працягу году далі магчымасьць бясплатна наведваць некаторыя сьвятыя месцы і манастыры. У некаторыя паездкі мы езьдзілі разам зь сем’ямі загінулых.

Радыё Свабода: Як вы лічыце, што ведае моладзь, якая зьбіраецца каля «ружачак», пра помнік і пра трагедыю?
Стаўленьне ў лепшым выпадку як да помніка, зьвязанага з Другой усясьветнай вайной. Можа, тэарэтычна людзі і ведаюць, што тут здарылася трагедыя, але практычнага адчуваньня, відаць, няма
Сьцепаненка: Стаўленьне ў лепшым выпадку як да помніка, зьвязанага з Другой усясьветнай вайной. Можа, тэарэтычна людзі і ведаюць, што тут здарылася трагедыя, але практычнага адчуваньня, відаць, няма. Цяжка ўявіць, што пры наяўнасьці калектыўнага ўсьведамленьня гэтае месца каля пераходу стала б месцам моладзевых тусовак.

Радыё Свабода: Ці дастаткова ў грамадзтве гаварылі пра трагедыю і ўсьвядомілі, чаму яна адбылася?

Сьцепаненка: Я лічу, што нягледзячы на жудасьць гэтай трагедыі і ажыятаж вакол яе ў першы час, гаварылі пра яе мала. І, адпаведна, грамадзтва недастаткова ўсьвядоміла тое, што адбылося і чаму яно адбылося. Напрыклад, той жа цэнтар сацыяльнай абароны «Няміга-99» выступаў з ініцыятывай расказваць пра гэтую трагедыю ў школах, а заадно і інструктаваць пра паводзіны ў натоўпе. Але, на жаль, гэтая думка не была пачутая. Напэўна, у нас усё робіцца так, каб хутчэй забылася гэтая жудасная падзея.