Ужо сёньня, 29 траўня. Падпісаньне дамовы аб Эўразійскім саюзе, прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі

Сяргей Абламейка. Настальгія, фрагмэнт вокладкі

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Астана. Прэзыдэнты Беларусі, Казахстану і Расеі маюць падпісаць дамову аб Эўразійскім саюзе.

Менск. Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі «Настальгія» ў кнігарні «Галіяфы», вул. Валгаградзкая, 6. Пачатак а 19 гадзіне.

Менск. Велаэкскурсія «Менск графа Чапскага» Пачатак: 18:30, узьбярэжжа Сьвіслачы насупраць Траецкага прадмесьця.

Міжнародны дзень міратворцаў ААН
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1453 – адбылося падзеньне Канстантынопалю, горад быў захоплены войскамі Атаманскай імпэрыі, што засьведчыла канчатковы развал Усходняй Рымскай імпэрыі

1975 – на Беларускім аўтазаводзе пачатая вытворчасьць найбуйнейшага ў СССР грузавіка – «БелАЗ-7520».

1992 – у Беларусі паралельна з савецкім рублём уведзеныя ў абарот разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі.

У гэты дзень нарадзіліся:

1874 – Гілбэрт Кіт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік, журналіст і літаратуразнаўца.

1933 – Мікола Гайдук, беларускі пісьменьнік.

1973 – Юрась Бушлякоў, беларускі мовазнаўца, супрацоўнік беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

1977 – Сьвятлана Зелянкоўская, беларуская акторка.

У гэты дзень памерлі:

1565 – Мікалай Радзівіл Чорны, дзяржаўны дзяяч Вялікага княства Літоўскага.

1861 – Яўхім Лялевель, гісторык, нумізмат, геральдык, палітычны дзяяч, прафэсар Віленскага і Варшаўскага ўнівэрсытэтаў.

1868 – Аляксандар Здановіч, беларускі і польскі гісторык, мовазнаўца, пэдагог.

1920 – Фабіян Шантыр, беларускі грамадзка-дзяржаўны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік, перакладчык (расстраляны бальшавікамі).

1970 – Мікола Абрамчык, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Францыі, прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі (1947–1970).

1986 – Алена Аладава, заслужаная дзяячка мастацтваў БССР, мастацтвазнаўца, дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР.
ЦЫТАТА ДНЯ

Добрай ранiцы! цi Добры дзень! Усе пытаньнi ад таго, што так – словамi «Добрай ранiцы!» – да савецкага часу ў Беларусi не вiталiся. Ранiца, ранак – усяго толькi частка дня, яго пачатак. На дварэ ранiца – значыць, адышла ноч i надышоў дзень. У беларускiм моўным этыкеце не было асобнага вiтаньня на ранак, таксама, як няма яго, скажам, у французаў або суседзяў-палякаў. Вякамi i ранiцаю, i ўдзень беларусы вiталi адны адных, абыходзячыся бяз «Добрай раніцы!»: «Добры дзень!», «Дзень добры!», «Дабрыдзень!». Вiтаньне «Добрай ранiцы!» скалькавалi ў мiнулым стагодзьдзi з расейскай формы «Доброго утра!».

І тут выходзiм на даволi далiкатнае пытаньне: як усё-такi быць з гэтай «добрай ранiцаю», зь вiтаньнем, для часткi з нас ужо звыклым, натуральным? Ня думаю, што ўдасца сёньня цалкам выкасаваць з мовы такое вiтаньне. Аднак ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар i старацца вiтацца так, як вiталiся па-беларуску стагодзьдзямi, трэба. Цяпер – ранiца, пачатак дня. І я вiтаю вас: «Добры дзень!», «Дабрыдзень!», «Добрага вам дня!».

Юрась Бушлякоў, «Жывая мова»