Чарнігаў: голас кожнага — вырашальны

Чарнігаў, вуліца Шчорса.

25 траўня Ўкраіна выбірае новага прэзыдэнта. Як кажуць самі ўкраінцы, па- сутнасьці яны абіраюць сваю будучыню. Пра ўпадабаньні ўкраінскіх выбарцаў рэпартаж з Чарнігава карэспандэнта Свабоды.
Малады бацька Андрэй, які гуляе з сынам на Высокім вале ў цэнтры Чарнігава, і думкі не дапускае, што можна не пайсьці на выбары, не галасаваць. Іначай, як ён лічыць, будуць дарэмнымі ўсе ахвяры Майдану, усе ўкраінцы, палеглыя за свабоду і незалежнасьць.

«Ідзём з сынам, бо мы проста ня маем права заплюшчваць вочы і, на маю думку, хоць неяк павінны адпавядаць. Хлопцы нашы загінулі і будзем спадзявацца, што недарма».

Андрэй зь са сваёй сям’ёю ўжо выбраў кандыдата, за якога аддасьць голас:

«На мой погляд, гэта Пятро Парашэнка. Ён ня меў паразаў у параўнаньні зь іншымі кандыдатамі на Майдане і можа хоць штосьці зьмяніць да лепшага ў нашай краіне. І я спадзяюся, што ў яго атрымаецца. Парашэнка будзе адкрытым і шчырым з украінцамі, будзе укладваць душу. Ён усё-такі бізнэсмэн, вялікі бізнэсмэн. А з бізнэсам зьвязана наша будучыня».

Андрэй з сынам



Ад новага кіраўніка дзяржавы людзі чарнігаўцы хочуць бачыць канкрэтныя і радыкальныя дзеяньні ў барацьбе з сэпаратыстамі і бандыдамі:

«Канкрэтныя, радыкальныя дзеяньні на ўсходзе краіны — уводзіць войскі, дамаўляцца з суседнімі дзяржавамі, магчыма, на нейкую дапамогу. Трэба не сядзець і не чакаць».

Некаторыя чарнігаўскія выбарцы аддаюць перавагу Юліі Цімашэнка, бо лічаць яе вельмі абазнаным палітыкам, які, нягледзячы на некаторыя памылкі, мае багаты досьвед дзяржаўнай працы.

Часьцяком гараджане згадваюць прозьвішча Анатоля Грыцэнкі зь ягоным абяцаньнем вярнуць Ўкраіне Крым.

Чарнігаўцы вывесілі нацыянальныя сьцягі на балконах і ў вокнах сваіх кватэраў



Кабета сталага веку, якая назвалася Кацярынай, зрабіла свой выбар на карысьць Алега Ляшка.

«Я — за Ляшка, таму што самы прагрэсыўны малады чалавек. Ён скасаваць хоча, і мы згодны, пэнсійную рэформу, якая сталася антырэформай. Карысьці ад яе ніякай — толькі Цігіпка празь яе стаўся мільянэрам. Ляшко ж — выхаванец дзятдома. Па-другое, ён гутарыць з простым народам і хварэе за людзей, як кажуць, душой і сэрцам. Добры хлопец. Ён адзіны, хто не пабаяўся паехаць у Славянск, Данецк. Быў на барыкадах. Бачыце, сэпаратысты даюць за яго 2 мільёны, абы толькі яго злавілі й прывялі да сэпаратыстаў. За адно толькі гэта ён мае да сябе павагу».

Кацярына кажа, што дужа крыўдна з-за таго, што прэзыдэнцкія выбары праходзяць у такі складаны да Ўкраіны час. І тут не абышлося без умяшальніцтва маскоўскіх правіцеляў:

«Дужа крыўдна: увесь час былі нібыта браты, але некаторых у Расеі замкнула ня ў той бок. Яны настройваюць адзін супраць аднаго. Я ведаю, што ваююць там ненармальныя людзі — яны пасылаюць туды злачынцаў. Іх напампоўваюць наркотыкамі і ўсім іншым, і яны ідуць забіваць людзей. Канечне, яны хочуць сарваць выбары. Але выбары адбудуцца. Можа, у Данецку, у Луганску будзе складана, а так ўсюды адбудуцца выбары. Пойдуць і прагаласуюць усе — і чарнігаўцы, і ня толькі чарнігаўцы».

Кабета згадала, што была на бліжэйшым ад месца пражываньня участку, але ў сьпісах сябе не знайшла. Аднак махаць рукой на такую важную для Украіны палітычную кампанію яна не зьбіраецца:

«Я тыдзень высьвятляла — і не магу дабіцца. Таму бяру пашпарт — і наперад».

З васьмі гадзінаў раніцы у Чарнігаўскай вобласьці адкрыліся 1108 выбарчых участкаў, у тым ліку непасрэдна ў Чарнігаве — 126. Улічваючы настрой людзей, яўка мае быць высокай. Устаноўленыя білборды ў горадзе і сёньня нагадваюць: «Твой голас вырашальны». Аднак гараджане гэта добра разумеюць і без напамінку.

Выбары бязь Леніна

Каляж на пастамэнце, дзе некалі стаяў помнік Леніну